Улады Кітаю ўхвалілі тэсты раньняга этапу на людзях для дзьвюх экспэрымэнтальных вакцынаў, якія могуць ужывацца супраць новага каранавірусу SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19, піша Reuters са спасылкай на кітайскае агенцтва Xinhua.
Вакцыны распрацоўваюць пэкінская кампанія Sinovac Biotech і Ўханьскі інстытут біялягічных прадуктаў, зьвязаны зь дзяржаўнай Кітайскай нацыянальнай фармацэўтычнай групай.
Яшчэ ў сакавіку Кітай ухваліў клінічныя выпрабаваньні яшчэ адной «вакцыны-кандыдата» ад кампаніі CanSino Bio і Акадэміі вайсковых мэдычных навук. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як у Злучаных Штатах кампанія Moderna ў супрацы з Нацыянальным інстытутам здароўя абвясьціла аб пачатку тэстаў на людзях сваёй вакцыны.
Сусьветная арганізацыя здароўя на момант публікацыі заяўляе, што не вядома ніякіх лекаў і вакцынаў, якія б маглі прадухіліць або вылечыць COVID-19. Хворым могуць хіба здымаць сымптомы.
Ды 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі нібы «мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.