Беларускі лекар, які заклікаў да карантыну: «Зь Нідэрляндаў напісалі, якія вар’яты жывуць у Беларусі»

Лекар Аляксандар Лобан

Лекар зь Беларусі Аляксандар Лобан, які 16 гадоў працаваў у Нідэрляндах, першым зьвярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам увесьці ў краіне карантын і закрыць межы. Чаму ён ня здаў тэст на каранавірус у аэрапорце, на які рэжым перайшлі лекары ў Амстэрдаме і што цяпер могуць зрабіць сьвятары, — у ягоным інтэрвію Свабодзе.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці»

Аляксандар Лобан скончыў мэдыцынскі інстытут у Горадні ў 1986 годзе. Паводле спэцыяльнасьці афтальмоляг. З 2003 па 2019 год жыў у Нідэрляндах, працаваў у арганізацыі, якая дапамагае людзям са слабым зрокам. Яму 56 гадоў. Цяпер жыве ў Беларусі.

Лобан першым заклікаў улады абвесьціць карантын у Беларусі

20 сакавіка Лобан выклаў аўдыёзварот да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, лекараў і ўсіх беларусаў.

«Я заклікаю вас да салідарнасьці і сьмеласьці ў гэтую цяжкую гадзіну. Не маўчыце! Актыўна выказвайце сваю пазыцыю ў сацыяльных сетках, на YouTube, усюды, дзе здолееце. Патрабуйце ад уладаў дзейсных захадаў, і ў першую чаргу закрыцьця межаў Беларусі ад завозу вірусу звонку. Многае цяпер залежыць ад нас. Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці нашых родных, блізкіх людзей», — гаворыць лекар.

«Калі прамаўчыш, сам сябе будзеш дакараць, што не зрабіў таго, што патрэбна было», — тлумачыць Аляксандар, чаму выказаў сваю пазыцыю публічна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 патрабаваньняў. Беларускія лекары з Эўропы і ЗША зьвярнуліся да ўладаў

«Татальны кантроль на мяжы важнейшы за карантын унутры краіны»

Дамаўляемся з Аляксандрам сустрэцца не ў памяшканьні, а на адкрытым паветры. Перад размовай суразмоўца папярэджвае, што 6 дзён таму вярнуўся з Амстэрдаму, сымптомаў каранавірусу ня мае, але накладае на твар марлевую маску, якую купіў у беларускай аптэцы.

Лобан сёлета правёў у Нідэрляндах тыдзень у сярэдзіне сакавіка. Прыляцеў з Амстэрдаму ў Менск 17 сакавіка. Зь ягоных словаў, у аэрапорце яго ніяк не праверылі — ці ён ня хворы, не запісалі ягоных дадзеных.

Лобан ня здаў у аэрапорце тэст на каранавірус празь вялікую чаргу

У аэрапорце можна было добраахвотна здаць тэст на каранавірус. Аднак, як кажа Лобан, мазок браў адзін спэцыяліст. Да яго стаяла чарга прыкладна з 30 чалавек, якая магла прасоўвацца і некалькі гадзін.

«За 20 хвілін прайшлі 2-3 чалавекі. Я ня мог столькі стаяць, мне трэба было дабрацца да Горадні. Да таго ж гэта небясьпечна: людзі з розных краін стаяць шчыльна адзін да аднаго. Мне гэтыя лішнія кантакты не патрэбныя. Варта было б пасадзіць 10 лябарантаў, якія б забіралі мазкі. На маю думку, татальны кантроль на мяжы цяпер найважнейшае, ён нават важнейшы за карантын унутры краіны», — кажа лекар.

На ягоную думку, варта ўсім, хто прылятае і прыяжджае ў Беларусь, мераць тэмпэратуру і запаўняць анкеты: адкуль прыляцеў чалавек, дзе яго потым знайсьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы баімся назваць рэчы сваімі імёнамі». Настаўнік зьвярнуўся да міністра адукацыі з просьбай увесьці карантын

«Заклікайце вашых прыхаджанаў не хадзіць зараз у храмы — і на Вялікдзень, і на Вербніцу»

— Што, на вашую думку, варта зрабіць у Беларусі, каб паменшыць наступствы пандэміі каранавірусу?

— Варта закрыць межы Беларусі для людзей, якія едуць проста так, турыстам, якія едуць наведаць сваякоў. Абмежаваць уезд для неграмадзян, дазваляць толькі ў выключных выпадках. Сваіх грамадзян варта прымаць. Я ацэньваю абстаноўку тут як умоўна спакойную, але колькі яна такой будзе, невядома.

Лекар заклікае да карантыну ўнутры краіны і закрыцьця межаў Беларусі

— Вы верыце афіцыйным лічбам, якія дае Міністэрства аховы здароўя?

— У мяне няма падставаў казаць, што гэта хлусьня, і няма падставаў казаць, што гэта праўдзівыя зьвесткі. У нашай краіне афіцыйнай статыстыцы не заўсёды можна верыць, бо яна робіцца паводле найвышэйшых загадаў. Верыць таму, што 76 і болей... Ня ведаю. Можа таму, што тэставаньня нармальнага няма ў раённай лякарні. Памёр чалавек ад пнэўманіі ды памёр. Хто яго правярае, ад чаго ён памёр?

— Якія яшчэ захады, на вашую думку, варта прыняць?

— Скасаваць усе масавыя захады, дзе людзі шчыльна сутыкаюцца адзін з адным. Мне зь Нідэрляндаў напісалі, якія вар’яты жывуць у Беларусі, бо гэта адзіная краіна, дзе працягваюць гуляць у футбол з гледачамі. Усе футболы-хакеі скасаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі чэмпіянат чакае Мэсі, а брытанскія букмэкеры прымаюць стаўкі на «Іслач»

Я яшчэ раз зьвяртаюся да герархаў царквы — праваслаўнай і каталіцкай: «Заклікайце вашых прыхаджанаў не хадзіць зараз у храмы і на Вялікдзень, і на Вербніцу». Туды прыйдуць вернікі пераважна сталага ўзросту, гэта група рызыкі. Яны там будуць шчыльна стаяць. Калі туды прыйдзе нехта інфікаваны, гэта можа стаць такой крыніцай пашырэньня вірусу, што пасьля не лякалізуеш.

Лічу, што трэба закрываць ВНУ, бо студэнты могуць на адлегласьці мець лекцыі, праводзіць сэмінары онлайн. У выпадку зь дзіцячымі садкамі і школамі ёсьць праблема: куды павядуць людзі сваіх дзяцей, калі ім трэба на працу? Але калі будзе дасягнуты пэўны парог захворваньня, трэба будзе закрываць і садкі таксама.

Аляксандар Лобан вучыўся ў Горадні, 16 гадоў працаваў у Нідэрляндах

— Наколькі слушна было б дазволіць усім ахвотным рабіць тэст на каранавірус, платна або бясплатна?

— Думаю, што няслушна. Гэта створыць натоўпы ў паліклініках, гэта лішнія кантакты. Гэта ня проціэпідэмічнае мерапрыемства, яно можа нават спрыяць пашырэньню інфэкцыі.

— Ці ня позна цяпер уводзіць нейкія меры ў Беларусі?

— Калі адштурхоўвацца ад лічбаў, якія дае міністэрства здароўя, то ня позна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск акрапілі сьвятой вадой з гелікоптэра. Каб не хварэлі

Эпідэмія ў Нідэрляндах пачалася пасьля карнавалу

Аляксандар Лобан расказаў пра досьвед Нідэрляндаў. Эпідэмія каранавірусу там пачалася з паўднёвых правінцыяў, дзе 23–25 лютага ладзілі карнавал. Паводле rivm.nl, на 23 сакавіка ў 4749 жыхароў Нідэрляндаў пацьвердзілі каранавірус, 213 зь іх памерлі.

«Яны своечасова не зрэагавалі, не прынялі захадаў. Людзі, якія вярталіся з гарналыжных курортаў Паўночнай Італіі, Швайцарыі, ішлі на карнавал. Цяпер усе лякарні ў паўднёвых правінцыях Нідэрляндаў перапоўненыя. Гэта распаўсюдзілася і на ўсю краіну», — кажа Лобан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я такі ж грамадзянін, як і прэзыдэнт». Горадзенскі студэнт сабраў подпісы за карантын, але дэканат гэта не ўхваліў

— Якія захады дзяржава рабіла далей?

— Скасавалі ўсе заняткі ў школах, унівэрсытэтах. Забаранілі працу рэстарацыяў, бараў, кавярняў, клюбаў, спартовых арганізацыяў. Грамадзкі транспарт да апошняга часу працаваў, але кіроўца быў адгароджаны стужкай і больш за 5 чалавек не маглі ўвайсьці ў аўтобус. Заклікі да людзей заставацца ў хаце, не хадзіць нікуды, толькі па прадукты ці ў вельмі вялікай патрэбе. Заставацца на дыстанцыі 1-1,5 мэтра адзін ад аднаго. Там людзі выконваюць парады, адрозна ад нашых людзей (беларусаў. — РС).

Ілюстрацыйнае фота

Каб выконвалі, трэба безупынна казаць. Інакш ты стаеш у чаргу ў беларускай краме за мэтар-паўтара, як належыць, а да цябе падыходзіць нехта ззаду і дыхае ў патыліцу. Пакуль ўлады і мэдыя кажуць, што нічога няма, усё спакойна, што гэта фэйк, паніка... Гэта ня паніка, гэта неабходныя меры супрацьстаяньня вірусу. Лепш больш захадаў, чым трэба, чым атрымаць тое, што ёсьць у Заходняй Эўропе.

Мой сын цяпер працуе ў шпіталі ў Амстэрдаме. Яны ўлічваюць італьянскі досьвед. У Італіі катастрафічна не хапае лекараў, яны захварэлі. Там (у Амстэрдаме. — РС) зрабілі рэарганізацыю. Скасавалі ўсе плянавыя прыёмы. Мэдыцынскі пэрсанал сфармавалі ў брыгады: тыдзень працуе адна брыгада, тыдзень другая. Калі першыя выйдуць са строю, тады іх заменяць іншымі. Каб ня ўсе адразу захварэлі. Гэта прынцып ваеннай мэдыцыны.

Шпіталь у Амстэрдаме, дзе працуе сын Лобана, перайшоў на прынцыпы ваеннай мэдыцыны

У Італіі дактарам таксама давялося стасаваць прынцыпы ваеннай мэдыцыны да пацыентаў: аказваць дапамогу перадусім тым, каго можна вярнуць у строй. Вось задыхаюцца 50-гадовы і 70-гадовы пацыенты. Яны ратуюць 50-гадовага. Гэта цяжкі маральны выбар.

«Патрабаваць ад уладаў, даваць ім парады, выказваць сваю думку»

— Вы казалі, жыхары Нідэрляндаў спачатку досыць бестурботна паставіліся да пагрозы каранавірусу. Што менавіта памяняла іхнюю сьвядомасьць і прымусіла рабіць захады бясьпекі? Што могуць ад іх пераняць беларусы?

— Каб людзі пачалі адэкватна рэагаваць на гэтую небясьпеку, ім трэба пастаянна пра гэта казаць у сродках масавай інфармацыі. Ня толькі мыйце рукі, ня толькі ўнікайце кантактаў зь людзьмі сталага веку. Калі ёсьць магчымасьць — не карыстацца грамадзкім транспартам. Быць на адлегласьці адзін ад аднаго. Не станавіцца ў чаргу вельмі шчыльна. Не наведваць масавыя зборы.

Там выступіў прэм’ер-міністар са зваротам да нацыі і заклікаў усё гэта рабіць. Праз мабільныя тэлефоны, калі ёсьць агульнадзяржаўная небясьпека, рассылаюцца паведамленьні. Яны ўсім рэгулярна прыходзяць: «Заставайцся ў хаце», «Не выходзьце без патрэбы», «Разам пераможам».

Я не чакаю, што ў Беларусі дзяржаўныя асобы на высокіх пасадах выступяць з такой прамовай, бо Лукашэнка сказаў адваротнае. Ён чалавек упарты, ён ніколі не прызнаецца, што сказаў няправільныя рэчы. Ёсьць спадзеў, што нехта зь беларускіх мэдыкаў, міністэрства здароўя выкажуць сваю думку, якая ідзе ўразрэз з думкай Лукашэнкі. Прыкладам, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя ў Менску (Максім Ачарэтні. — РС) заклікаў людзей заставацца дома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску заклікаў людзей заставацца дома

— Наколькі ягоны жэст быў рызыкоўны ў беларускай сыстэме аховы здароўя, дзе лекар выказаўся з уласнай ініцыятывы без загаду зьверху?

— Ён зрабіў так, як мог у дадзенай сытуацыі. Ён выказаўся ў той меры, у якой мог выказацца без наступстваў для сябе. Гэта добры крок. Бо сказаць столькі, колькі сказаў я, у ягонай сытуацыі немагчыма. У маім дыплёме стаіць штамп, што я прыняў прысягу лекара Савецкага Саюзу. Цяпер пішуць — прысягу лекара Рэспублікі Беларусі. Гэта нас усіх забавязвае. Калісьці лекары, каб знайсьці сродак ад эпідэміі, уводзілі сабе сьмяротныя бактэрыі, заражалі сябе, ставілі эскпэрымэнты на сабе.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі падтрымала ўсясьветны флэшмоб лекараў #StayAtHome

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі далучылася да ўсясьветнага флэшмобу «Заставайцеся дома»

— Цяпер беларуская грамадзкасьць шукае, чым дапамагчы ў змаганьні зь вірусам: ад збору сродкаў на апараты штучнага дыханьня да падтрымкі мэдыкаў-інфэкцыяністаў кавай. На вашу думку, як могуць дапамагчы паасобныя людзі і цэлыя кампаніі?

— Дапамагаць людзям сталага веку, каб яны не хадзілі ў краму па прадукты, можна ім прынесьці гэта, каб зьменшыць іхныя кантакты. Рабіць гэта бескантактна. Што датычыць дапамогі мэдыцынскім установам, я ня ведаю, чым могуць небагатыя беларусы дапамагчы. Апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх каштуе 50 тысяч даляраў. А патрабаваць ад уладаў, даваць ім парады, выказваць сваю думку — гэта можна.

«Рабі, што належыць, і будзь, што будзе»

Лобан не выключае, што ім таксама можа заняцца КДБ на загад Аляксандра Лукашэнкі. Але зьяжджаць з краіны пакуль не зьбіраецца. Трымаецца пазыцыі: «Рабі, што належыць, і будзе як будзе».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ