Грамадзкасьць патрабуе перавесьці школы і ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне, а Міністэрства адукацыі баіцца панікі — перакананы бацька, настаўнік і сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры міністэрстве Андрэй Грыгор’еў, які зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Аднак міністэрства надалей настойвае, што падставаў няма.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Міністар Карпенка: «Сёньня сыстэма адукацыі працуе ў звычайным рэжыме»
Міністар адукацыі Ігар Карпенка у эфіры АНТ 22 сакавіка паведаміў, што сыстэма адукацыі працуе ў звычайным рэжыме: ні пра перанос вакацыяў, ні пра карантын не ідзецца.
«Стратэгію вызначае Міністэрства аховы здароўя. А Міністэрства адукацыі ў межах стратэгіі рэалізуе тыя даручэньні і тыя неабходныя санітарна-эпідэміялягічныя захады, якія прадпісаныя. Сёньня сыстэма адукацыі працуе ў звычайным рэжыме. Вучэбны працэс праходзіць так, як і было заплянавана», — сказаў міністар адукацыі.
На думку пэдагога Андрэя Грыгор’ева, «увесь сьвет кажа пра адно, а мы баімся назваць рэчы сваімі імёнамі дзеля таго, каб пазьбегнуць масавых хваляваньняў. Мяркую, што якраз празь нерашучасьць усё можа зьмяніцца ў горшы бок. Няхай лепш наша рэакцыя будзе празьмернай», — піша ў фэйсбуку сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве адукацыі.
Наўпрост у міністэрства спадар Грыгор’еў пакуль не зьвяртаўся.
«Я апублікаваў адкрыты ліст у фэйсбуку, бо разумею, што калі я зьвярнуся наўпрост у міністэрства, яго ніхто не прачытае. Мне хацелася, каб быў рэзананс. Калі ня будзе рэагаваньня — накірую і ў Міністэрства адукацыі», — тлумачыць ён.
«Наладзіць дыстанцыйнае навучаньне нескладана. Трэба толькі захацець»
Паводле пэдагога Андрэя Грыгор’ева, у ВНУ наладзіць дыстанцыйнае навучаньне нескладана. Дыстанцыйная адукацыя цяпер у росквіце ўва ўсім сьвеце. І прывёў у прыклад толькі адзін сайт.
«Ёсьць нямала электронных плятформаў, дзе адсочваюць тым ліку і наведваньне. Калі студэнт прысутнічае на лекцыі, выкладчык гэта бачыць. Цалкам рэальна ўсё прасачыць.
Да таго ж плятформы вельмі простыя ў выкарыстаньні і распрацоўваліся адмыслова, каб выкладчыкі не марнавалі шмат часу на іх вывучэньне. Мяркую, ніякіх складанасьцяў быць не павінна. Трэба толькі захацець», — перакананы сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве адукацыі Андрэй Грыгор’еў.
Аднак у камэнтарах да ягонага адкрытага ліста людзі выказваюць думку, што перавод на дыстанцыйнае навучаньне без агульнага карантыну ня будзе эфэктыўным. Да прыкладу, Алена Міхаленка піша: «Пры адкрытых кавярнях і клюбах закрыцьцё ВНУ — папулізм. І не кажыце мне пра адказнасьць моладзі. Закрываць трэба разам з тусовачнымі ўстановамі».
Андрэй Грыгор’еў перакананы, што з моладзьдзю трэба размаўляць, кантактаваць — дакладна і канкрэтна. «Калі хтосьці аўтарытэтны ад улады да іх зьвернецца (не кажу ўжо пра кіраўніка дзяржавы, але прынамсі міністар адукацыі) са зваротам: „Прашу вас, пастаўцеся да захадаў дзяржавы сур’ёзна, а ня так, каб „халявіць“, „сачкаваць“ і тусавацца па барах і клюбах. Давайце праявім грамадзянскую адказнасьць“, — я ня думаю, што моладзь не пачуе.
Вядома, нейкі працэнт будзе парушаць, але ёсьць жа інструмэнты ўзьдзеяньня. Галоўнае — правільна выбудаваць сыстэму», — перакананы сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве адукацыі Андрэй Грыгор’еў.
А чаго так працівяцца?
Паводле Андрэя Грыгор’ева, улады баяцца абвесьціць карантын, перавесьці ўстановы адукацыі на дыстанцыйнае навучаньне, бо гэта будзе прызнаньнем, што сытуацыя у краіне з каранавірусам вельмі сур’ёзная, і пачнецца паніка.
«Але карантын — гэта не падстава для панікі. Давайце пакажам, што мы сур’ёзна ставімся да пагрозы. Нават у тых краінах, дзе карантын афіцыйна не абвешчаны, школы і ВНУ закрываюць. І гэта ня страшна. Гэта проста папярэднія, прэвэнтыўныя захады.
Да таго ж наша моладзь вельмі прасунутая, у яе адкрыты доступ да інфармацыі. І калі маладыя людзі бачаць, што ўвесь цывілізаваны сьвет робіць сур’ёзныя захады, яны не разумеюць, чаму ў нас гэтага не адбываецца. Ва ўсіх трывога, а Беларусь такая асаблівая? Мы што — такі „аазіс спакою“?
Трэба людзям тлумачыць, размаўляць ня толькі пра тое, што „трэба часьцей мыць рукі“. Вось Ангела Мэркель выступіла з такой пранікнёнай чалавечай прамовай! Паглядзіце на Ангельшчыну: карантыну няма, але школы закрылі. Людзі ходзяць на працу — ніхто не панікуе. А ў нас баяцца панікі!» — заўважае Андрэй Грыгор’еў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ