Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 20 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным COVID-19.
Цяпер у 69 чалавек выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 51 выпадак (9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 выпісаныя). А па стане на 9 раніцы 20 сакавіка:
- 12 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы хваробы COVID-19 — Мінздароўя тлумачыць, што яны «па сутнасьці зьяўляюцца хворымі»;
- 42 пацыенты маюць станоўчыя тэсты на новы каранавірус SARS-CoV-2, але ня маюць сымптомаў хваробы;
- 15 пацыентаў ужо выпісалі пасьля адмоўных тэстаў на COVID-19, яшчэ 3 «рыхтуюцца да выпіскі».
Пад назіраньнем мэдыкаў застаецца неназваная колькасьць чалавек, але паведамляецца, што на наяўнасьць інфэкцыі абсьледавалі звыш 19 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.