Ватыкан мае намер сфармаваць свой Алімпійскі камітэт. Якім спортам будуць займацца

Плошча сьвятога Пятра. Ватыкан.

Ватыкан мае намер сфармаваць Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК). Гэта можа адбыцца, калі ў дзяржаве будзе пяць відаў спорту, прызнаных профільнымі міжнароднымі фэдэрацыямі. Пра гэта напярэдадні заявіў міністар спорту Ватыкану Мяльчор Санчэс дэ Тока.

«Мы можам гуляць у футбол, тхэквандо, крыкет. Зь пяцьцю або шасьцю відамі спорту мы маглі б сфармаваць НАК. Мы ня хочам змагацца за мэдалі. Наш алімпійскі камітэт быў бы найперш сымбалічным. Але гэта паказала б, што каштоўнасьці алімпізму могуць быць падзеленыя хрысьціянамі», — адзначыў Мяльчор Санчэс дэ Тока. Ён дадаў, што стварэньне НАК адбудзецца ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Таксама ён палічыў «рэалістычнай» магчымасьць прысутнасьці Ватыкану на парадзе нацый на цырымоніі адкрыцьця летніх Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы.