Папа Рымскі Францішак скасаваў «папскую таямніцу», якая выкарыстоўвалася ў справах аб сэксуальным гвалце з боку сьвятарства. Паводле новага дакумэнта, інфармацыя пра падобныя інцыдэнты можа агалошвацца, калі зламысьніку выстаўлена абвінавачаньне або пачаты судовы працэс.
Папа Францішак таксама павялічыў да 18 гадоў верхні ўзроставы парог, зь якога Ватыкан прызнае парнаграфію дзіцячай. У папярэднім выданьні дакумэнту ад 2010 года гэты парог складаў 14 гадоў. Дакумэнты апублікаваныя ў дзень нараджэньня папы Рымскага. У аўторак яму споўнілася 83 гады. Новыя палажэньні трэба будзе ўхваліць Кангрэгацыі дактрыны веры, якая ў тым ліку займаецца злачынствамі, учыненымі сьвятарамі-пэдафіламі.
У 2001 годзе была ўведзеная «папская таямніца», вышэйшая форма сакрэтнасьці ў царкве на справы з сэксуальным гвалтам з боку сьвятароў. Ватыкан настойваў на тым, што такая канфідэнцыйнасьць неабходная для абароны недатыкальнасьці прыватнага жыцьця ахвяры, рэпутацыі абвінавачанага і цэласнасьці кананічнага працэсу.
Аднак такая сакрэтнасьць таксама дапамагала хаваць выпадкі пэдафіліі, перашкаджала сьледзтву і прыводзіла да маўчаньня ахвяр. Некаторыя з пацярпелых расцэньвалі «папскую таямніцу» як забарону на зварот у паліцыю, адзначае Associated Press.