Тры найбуйнейшыя інвэстыцыйныя праекты Беларусі, на якія трэба дадатковыя грошы зь бюджэту, зьвязаныя з паперай. І гэта калі наклады папяровых газэт і кніг ува ўсім сьвеце зьніжаюцца і попыт на паперу падае.
Сьцісла
- Мадэрнізацыя беларускіх прадпрыемстваў вытворчасьці паперы запатрабавала дадатковых уліваньняў зь бюджэту.
- Пакуль ад гэтых праектаў няма значнага прыбытку.
- Стратэгія разьвіцьця папяровай галіны нагадвае калясальныя пралікі ў мадэрнізацыі цэмэнтавай галіны.
Беларускі прэм’ер Сяргей Румас 17 сьнежня назваў чатыры найбольш праблемныя інвэстыцыйныя праекты краіны. Усе яны патрабуюць дадатковай дзяржаўнай падтрымкі і пераносу тэрмінаў уводу іх у поўную эксплюатацыю.
Шклоў, Добруш, Сьветлагорск
Тры праекты з чатырох — «папяровыя». Гэта найперш завод газэтнай паперы на малой радзіме Лукашэнкі, у Шклове. Толькі на запуск прадпрыемства шэсьць гадоў таму, паводле розных ацэнак, выдаткавалі ад 100 да 200 мільёнаў даляраў. Затым розныя ўліваньні рабілі штогод. Так, «Беларусбанк» пад гарантыі ўраду выдаў прадпрыемству каля 12 мільёнаў эўраў на папаўненьне абаротнага капіталу. Але дагэтуль завод ня выйшаў на кантрактныя парамэтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыя папера на шклоўскім сьметніку?Другі аб’ект — у Добрушы. Яшчэ ў савецкія часы тут пасьпяхова працавала папяровая фабрыка «Герой працы»: частка паперы ішла на друкаваньне газэт і кніжак, рэшта — на розныя віды блякнотаў і сшыткаў. Мадэрнізаваць фабрыку ўзялася кітайская карпарацыя «Сюань Юань». Але кантракт зь ёю летась скасавалі. Папярэднік Румаса Андрэй Кабякоў вымушаны быў прызнацца: кітайская кампанія, якая раней ня мела досьведу рэалізацыі такіх буйных праектаў, з задачай не справілася. Каб фабрыка запрацавала, патрэбна яшчэ 80 мільёнаў даляраў да тых 285, што ўжо ўкладзеныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам і радыяцыі хапае» — у Добрускім раёне сяляне пратэстуюць супраць звалкі папяровай фабрыкіТрэці — Сьветлагорскі завод вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы. У яго ўжо ўклалі каля мільярда даляраў. І тут застаўся кітайскі сьлед. Генэральным падраднікам мадэрнізацыі цэлюлёзна-кардоннага камбінату стала кітайская карпарацыя САМСЕ. Аб’ект мелі ўвесьці ў эксплюатацыю яшчэ ў 2015 годзе. Тэрміны здачы не аднойчы пераносіліся, а будоўля трапляла ў скандалы — вытворчыя і экалягічныя. Урэшце паўгода таму кантракт з САМСЕ скасавалі. Цяпер завод працуе на 80% ад праектаванай магутнасьці. Але каб завяршыць мадэрнізацыю, патрэбна рашэньне ўраду перанесьці тэрміны вяртаньня шматлікіх крэдытаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cмурод ад заводу каля Сьветлагорску: людзі скардзяцца на прыступы ўдушша і кроў з носу
Ці патрэбна столькі паперы?
Росквіт і падзеньне папулярнасьці папяровых кніг і газэт адбываліся на маіх вачах. Памятаю, як усю ноч марна адстаяў каля менскай крамы «Падпісныя выданьні», каб стаць уладальнікам «Бібліятэкі ўсясьветнай літаратуры» ў 200 тамах. Як зьбіраў макулятуру, каб узамен атрымаць талёнчык на цікавую кніжку. Як амаль кожны выходны езьдзіў за горад на кніжныя развалы. Як бег да паштовага шапіка па «Неделю» і «Огонёк».
Цяпер ува ўсім гэтым няма неабходнасьці. Наклады кніг, газэт і часопісаў абвальна скарачаюцца. Інфармацыю шукаюць у сеціве, усё часьцей людзі карыстаюцца электроннымі кнігамі.
Праўда, асабіста я не лічу, адрозна ад некаторых прыхільнікаў прагрэсу, што калі заўтра папера зьнікне, то ніхто гэтага не заўважыць. Але немагчыма не прызнаць, што паперу выціскаюць са шматлікіх сфэраў. Бо дзякуючы кампутару ашчаджаецца свой і чужы час, эканомяцца грошы — уласныя і падаткаплатнікаў, вырашаюцца экалягічныя праблемы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмова «Нашай Нівы» ад паперы — гэта чарговы званочак па насТаму і ўзьнікае пытаньне: ці думалі пра гэта чыноўнікі, якія ініцыявалі мадэрнізацыю папяровых заводаў і фабрыкаў у Беларусі? Няўжо ня ведалі, што дынаміка спажываньня паперы ва ўсім сьвеце зьніжаецца?
Падзеньне попыту на газэтную ды іншыя паліграфічныя гатункі паперы навідавоку. Падае наклад нават прэзыдэнцкай газэты «Беларусь сегодня» з прымусовай падпіскай на яе. А тамы «Беларускага кнігазбору» друкуюцца пераважна накладам усяго 500 адзінак. Дык навошта столькі паперы? І ці можна верыць чыноўнікам «Беллеспаперпраму», якія заяўляюць, што попыт на паперу і кардон у сьвеце расьце, і таму тут бачныя «велізарныя пэрспэктывы». А можа, гэта іхная стратэгічная памылка? За якую расплачваюцца не яны, а падаткаплатнікі.
Супаставім лічбы
Беларусь летась зарабіла на экспарце газэтнай паперы каля 15 мільёнаў даляраў. Гэта зусім невялікая лічба на тле велізарных выдаткаў.
Асноўныя спажыўцы — краіны так званай «далёкай дугі». Найперш — Турэччына, Бангладэш, Шры-Лянка. Як бачна, маршруты ня блізкія. І гэта зразумела — у Эўропе патрэбы ў паперы зьмяншаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шклоўская папера: дрэнная якасьць па розных коштахЁсьць яшчэ пакуль попыт на беларускую паперу ва Ўкраіне, Расеі, Малдове, Казахстане. Але і там ён памяншаецца.
На нарадзе ў Лукашэнкі, дзе абмяркоўвалі праблемы з інвэстыцыйнымі праектамі, кіраўнік дзяржавы сказаў, што ідзецца аб сотнях мільёнаў даляраў:
«Мяне цікавяць асабліва тыя вытворчасьці, якія на слыху ўжо ня першы год, але так і не пачалі працаваць або працуюць вельмі слаба».
Цэмэнтавы бум нічому не навучыў
Цяперашняя сытуацыя з паперай нагадвае цэмэнтавы бум. Гадоў 10 таму, падчас будаўнічага буму, беларусы пакутавалі ад недахопу цэмэнту. Тады было вырашана мадэрнізаваць наяўныя заводы, пабудаваць новыя магутныя лініі. Пад гэта ўзялі крэдыты (таксама зьвязаныя) у тых жа кітайцаў.
Як і ў «папяровай» мадэрнізацыі, тэрміны здачы новых лініяў некалькі разоў пераносіліся, а кошты будаўніцтва расьлі. Урэшце заводы запрацавалі. І адразу зьявілася праблема — столькі цэмэнту краіне ня трэба, бо будаўнічы бум скончыўся. Скончыўся ён і ў Расеі, куды плянавалі прадаваць лішкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільярд даляраў змарнавалі? Дзяржкантроль прызнаў правал мадэрнізацыі цэмэнтных заводаўА неўзабаве на беларускім рынку зьявіўся і цэмэнт з Украіны. Ня горшай якасьці, але істотна таньнейшы. Сабекошт беларускага цэмэнту вышэйшы і за расейскі. Чыноўнікі тлумачаць гэта розьніцай у кошце электраэнэргіі для беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў. Добра яшчэ, калі лішкі ўдаецца збыць у Расею без усялякага «прыварку», фактычна за сабекошт. Абы ня ляжаў і не псаваўся на складах.
У выніку ўсе беларускія цэмэнтавыя заводы Беларусі пасьля мадэрнізацыі сталі стратнымі. І ледзь-ледзь вылазяць з пазыкаў. Ці не чакае такі ж лёс інвэстыцыйныя «папяровыя» праекты?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.