Гэта вельмі пэсымістычны допіс. Лічыце гэта псыхатэрапіяй. Адмова «Нашай Нівы» ад паперы — гэта не праблема паперы, і нават не рэдакцыі, гэта чарговы званочак па нас.
Зайдзіце ў прэсавы шапік у Польшчы — вашыя вочы разьбягуцца ад газэт і часопісаў. Кожны месяц адно выданьне памірае, але зьяўляецца новае. Зайдзіце ў сетку кнігарняў Empik, якая ёсьць у кожным буйным польскім горадзе (а гэта сетка толькі адна з...) — вы ашалееце ад выбару і ад чэргаў. Наклад дзьвюх самых папулярных газэт — 250 000 і 300 000 у дзень. Кніжак — па 150 тысяч. У Францыі аніводзін інфармацыйны партал не акупляе сябе, і рэдакцыі інвэстуюць у папяровыя вэрсіі. Былы рэдактар «Le Figaro» Нікаля Бэйту заснаваў у 2013 годзе выданьне «L’Opinion». Цяпер гэта штодзённая газэта, у якой 500 тысяч наведнікаў у інтэрнэце і 35 тысяч (і наклад расьце) папяровых асобнікаў, якія даюць больш прыбыткаў ад рэклямы, чым сайт. А вы чулі, што сайт Politico запусьціў папяровую вэрсію?!
За апошні год я падпісаўся на 2 газэты ў лічбавым фармаце, падкаст-сэрвіс і два стрымінгавыя відэасэрвісы. Але кожнае істотнае выданьне, тоўсты нумар часопісу, сьвяточныя нумары, дадаткі я імкнуся мець на паперы. Заўважыў за сабой, што ў лічбавым фармаце я не чытаю тэксты, а праглядаю іх. І з задавальненьнем бяру ў рукі папяровы часопіс, газэту, кнігу. У «Выборчай» лічбавых падпісчыкаў больш, чым папяровых пакупнікоў, у такой прапорцыі: 133 000/100 000.
У Беларусі, як сказаў Ягор Марціновіч, гэта мёртвы трук, ніхто ня будзе плаціць за інфармацыю. Толькі не кажыце, што беларускія журналісты ці пісьменьнікі тупыя і ніхто іх ня хоча чытаць. Кніга нобэлеўскага ляўрэата прадаецца на радзіме тысячнымі накладамі, нават не дзясяткамі тысяч. Палякі яе купляюць сотнямі тысяч. Я ведаю беларускіх журналістаў, якіх у польскіх СМІ чытаюць сотні тысяч.
Тое, што ў Беларусі папяровы рынак ня дыхае, — гэта не заслуга глябалізацыі. Мы як беларусы проста перастаем чытаць увогуле. Раней, чым іншыя. Кніжка ў 200 асобнікаў прадаецца некалькі гадоў і ня можа прадацца. Ім і прадавацца няма дзе. Некалькі кнігарняў на Менск, а ў раённых цэнтрах толькі паштоўкі і маляванкі прадаюцца ў кніжных аддзелах.
Не хачу падацца олдскульным, але давядзецца. Я з свайго юнацтва памятаю, як аднаклясьнікі чыталі Караткевіча, Дайнэку, Арлова, абмяркоўвалі, мяняліся кніжкамі, хадзілі ў бібліятэкі. Колькі цяпер ні гавару ў Беларусі з маладзейшымі, сваякамі, сябрамі, не ўзгадаю, каб хто казаў пра кніжкі, абмяркоўваў іх.
Як сказала наша бібліятэкарка, мой бацька быў адным з тузіна сталых наведнікаў бібліятэкі. З таго тузіна за 2 гады ня стала чатырох, у тым і бацькі. Я паглядзеў, што новага прыходзіць у бібліятэку. Нейкае каляровае барахло пра грыбы, рускія крымінальныя раманы ў такіх каляровых вокладках, што вочы сьлязяцца. Але ўжо і бібліятэкі праз 2-3 гады ня будзе. А ў той жа Польшчы яны перажываюць рэнэсанс, бо ператвараюцца ў культурныя цэнтры.
Гэта поўная культурная дэградацыя. Лянота ўжо казаць, хто ў гэтым вінаваты. Два дзесяцігодзьдзі барацьбы з свабоднай думкай, прэсай, пісьменьнікамі, эстэтыкай далі свой плён. Адныя змагаюцца, каб дасядзець да сьмерці ва ўладзе, а іншыя проста перастаюць цікавіцца хоць нечым. Чытаў нядаўна артыкул аднаго важнага польскага інтэлектуала, які часта бывае ў Беларусі і цікавіцца ёй. «Самае моцнае ўражаньне ад Беларусі — гэта ўсеагульная абыякавасьць людзей да лёсу сваёй дзяржавы і супольнасьці суграмадзян».
Я ведаю, што ў нас усё атрымаецца і мы выпаўзем з балота, але тое, да чаго давялі нашу краіну, гэта поўны...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.