Улады забаранілі пікеты супраць хатняга гвалту ў Менску. Чым яны гэта патлумачылі

Каманда ініцыятыўнай групы "Маршыруй, дзетка", архіўнае фота

Мінгарвыканкам забараніў пікеты супраць хатняга гвалту. Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі ініцыятывы «Маршыруй, дзетка», пікеты плянавалі правесьці 9 і 10 сьнежня ў Кіеўскім сквэры ў межах кампаніі «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендэрнага гвалту». Заяўнікамі выступалі прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай плятформы і ініцыятывы «Маршыруй, дзетка!»

На пікетах актывісты і актывісткі, а таксама пацярпелыя ад хатняга гвалту хацелі распавесьці свае гісторыі і гісторыі забітых у 2019 годзе жанчын. За першае паўгодзьдзе сёлета ад рук сваіх блізкіх ужо загінула 55 чалавек. Гэта на 8 чалавек больш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сёлета ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек

Менгарвыканкам у сваім адказе заяўнікам патлумачыў, што мерапрыемства немагчыма правесьці зь дзьвюх прычынаў — апавяшчэньне было пададзена ў электронным выглядзе, а не пісьмова, а таксама менавіта падчас заяўленых пікетаў у Кіеўскім сквэры будуць праводзіцца працы па добраўпарадкаваньні.

Марыша Корж, каардынатарка ініцыятывы ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» і кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей 5 чэрвеня 2019 году пасьля абмеркаваньня праблемы хатняга гвалту.

— Дзіўна, што пры ўсёй заклапочанасьці МУС і Мінпрацы сытуацыяй з хатнім гвалтам, Менгарвыканкам ігнаруе праблему і забараняе дзяўчатам выказацца, — камэнтуе сытуацыю адна з арганізатарак пікету і каардынатарка ініцыятыўнай групы супраць хатняга гвалту «Маршыруй, дзетка!» Марыша Корж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту ў Беларусі. Што варта зрабіць і наведаць

— Мы лічым незаконнай забарону на правядзеньне пікетаў у месцы, у якім, згодна з законам, праводзіць іх можна паводле паведамляльнага прынцыпу, і будзем зноў падаваць паведамленьні аб правядзеньні пікетаў у Менгарвыканкам, — кажа Аляксей Мінчонок, суарганізатар пікету і дырэктар Сакратарыяту Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства.

Раней ініцыятыве «Маршыруй, дзетка!» Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні танцавальнага флэш-мобу ў ТРЦ Dana Mall і маршу супраць хатняга гвалту.

***

Пікеты павінны былі стаць часткай кампаніі «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту». З 25 лістапада па 10 сьнежня па ўсім сьвеце праходзяць мерапрыемствы і акцыі, якія заклікаюць змагацца з праблемай хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што рабіць, калі нічога нельга?» У Менску прайшоў «Вечар бяз гвалту»

У Беларусі кампанію «16 дзён актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту» каардынуюць ініцыятыўная група «Маршыруй, дзетка!» і Беларуская нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга партнэрства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Макей даў слушныя парады, як працаваць на дзяржаўным узроўні з тэмай хатняга гвалту»

У межах кампаніі ўжо прайшоў «Вечар бяз гвалту». На мерапрыемстве падпісвалі і адпраўлялі паштоўкі чыноўнікам, бо менавіта ў сьвяточныя дні павялічваюцца выпадкі гвалту ў сем’ях. Тым ня менш у Беларусі да гэтага часу няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, які дапамог бы зьнізіць колькасьць цяжкіх злачынстваў у сямʼі.