Грамадзянская кампанія супраць хатняга гвалту «Маршыруй, дзетка» плянавала правесьці 14 лютага танцавальны флэшмоб у менскім гандлёвым цэнтры Dana Mall. Але сёньня паведаміла пра скасаваньне акцыі: міліцыя не дазволіла.
Арганізатары ўзгаднілі танцы 14 лютага і рэпэтыцыю 13-га з адміністрацыяй гандлёвага цэнтру. Але выявілася, што без дазволу Менгарвыканкаму такое праводзіць нельга:
«Нам патэлефанаваў маёр з ГУУС Менгарвыканкаму і сказаў, што ўбачыў навіну пра наш флэшмоб у СМІ і таму расцаніў наш, узгоднены з ТРЦ Dana Mall, флэшмоб як масавае мерапрыемства, — пішуць арганізатары. — Ухваліць танцавальны флэшмоб у Менгарвыканкаме ў кароткія тэрміны мы таксама не змаглі, таму што рэальны тэрмін узгадненьня — 15 дзён».
Адміністрацыя гандлёвага цэнтру прапанавала перанесьці флэшмоб на дату «бліжэй да 8 сакавіка», каб пасьпець атрымаць афіцыйны дазвол.
Але ўсясьветны флэшмоб не пераносяць. Міжнародная акцыя One Billion Rising праводзіцца кожнага 14 лютага ад 2012 году. (Дзень сьвятога Валянціна выбралі, бо «каханьне не павінна раніць», а арганізатары адзначаюць, што больш як 600 мільёнаў жанчын цяпер жывуць у краінах, дзе хатні гвалт ня лічыцца злачынствам.) Сьцьвярджаецца, што ў 2019 годзе да танцаў за сьвет бяз гвалту далучацца ў 190 краінах сьвету.
Тым, хто хоча далучыцца, арганізатары цяпер раяць танцаваць дома або на працы, фатаграфавацца з узьнятым уверх пальцам і выкладваць фота ў сацсеткі з хэштэгам #onebillionrisingby2019.