Народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова (абіралася да парлямэнту ад партыі «Самадапамога», але пакінула аднайменную фракцыю ў Вярхоўнай Радзе — РС) зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства двум добраахвотнікам — зь Беларусі і Малдовы.
«Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў даць грамадзянства ўсім украінцам, якія вернуцца ў нашу краіну і прынясуць нам свой бясцэнны досьвед з-за мяжы. Але ня менш важныя для Ўкраіны людзі, якім трэба даць грамадзянства ў першую чаргу: гэта замежнікі па пашпарце, але сапраўдныя ўкраінцы ў душы і сэрцы. Гэта беларусы, малдаване, грузіны, расейцы, якія пяты год запар аддаюць сваё жыцьцё і здароўе ў барацьбе за незалежнасьць Украіны», — напісала Натальля Весялова на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.
У прыватнасьці, дэпутатка накіравала ў адміністрацыю прэзыдэнта два хадайніцтвы адносна грамадзяніна Беларусі Зьмітра Палойкі і грамадзяніна Малдовы Станіслава Гібадуліна.
Натальля Весялова паведамляе Ўладзіміру Зяленскаму, што Зьміцер Палойка з траўня 2014 году ваяваў на Данбасе — спачатку ў складзе добраахвотніцкага батальёну «Данбас», а цяпер паводле кантракту служыць у 24-й асобнай мэханізаванай брыгадзе ў Мар’інцы Данецкай вобласьці. Ён удзельнічаў у вызваленьні Бахмута, Мар’інкі, Папаснай і Лісічанску. Адначасова вучыцца завочна ў Данецкім нацыянальным унівэрсытэце на юрыдычным факультэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Палойка — баец-беларус батальёну «Данбас» з пазыўным «Зубр»«Дзьмітры Палойка ня можа атрымаць грамадзянства Ўкраіны, паколькі паводле заканадаўства, мусіць ехаць у Беларусь за даведкай аб несудзімасьці. Гэта пры тым, што супраць яго ў Беларусі і Расеі адкрытыя крымінальныя справы за "найміцтва". У 2020 годзе ў яго заканчваецца тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту, што яшчэ больш ускладніць сытуацыю», — напісала ўкраінская дэпутатка.
«Спадзяюся, што прэзыдэнт задаволіць маё хадайніцтва, і Ўкраіна атрымае новых грамадзянаў, якія праліваюць сваю кроў за нашу зямлю!», — заявіла Натальля Весялова.Летась у верасьні ўкраінская партыя «Нацыянальны корпус» на чале з дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэем Білецкім арганізавала пад парлямэнтам акцыю з патрабаваньнем легалізаваць замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе. Пасьля пікету каля Вярхоўнай Рады некалькі добраахвотнікаў, у тым ліку і зь Беларусі, накіраваліся да Адміністрацыі прэзыдэнта — там яны прыкавалі сябе кайданкамі да агароджы на вуліцы за некалькі сотняў мэтраў ад адміністрацыі ўкраінскага кіраўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускаму байцу-добраахвотніку забаранілі ўезд ва Ўкраіну, нягледзячы на кантракт з войскамЗа ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.