21 лютага ў мяне падвойнае сьвята — Міжнародны дзень роднай мовы і асабісты дзень народзін. Карані маіх продкаў — ліцьвінскія, са старажытнай Літвы, землі якой ляжаць на захад ад Стоўпцаў — ад Слоніма па-над Шчарай да Палачанаў, што блізу Маладэчна.
У маім Ляхавіцкім раёне да сёньня захаваліся паселішчы з характэрнымі тапонімамі: Літва, Вялікая Лотва, Малая Лотва. Размаўлялі ў нашай сямʼі заўсёды па-беларуску, хоць бацька добра ведаў і польскую. Пад настрой мог і вершык, і байку па-польску распавесьці дзецям. Але перадусім была свая мова.
Запомніўся самы страшны праклён плеткарам і нядобразычліўцам, які бытаваў у нашай мясцовасьці: «Каб табе мову заняло!». Бо чалавек бяз мовы — нямко. Словам, інвалід. Гэта на ўзроўні адной асобы. А калі цэлая нацыя сваю мову губляе або пазбаўляецца яе?
Галоўны русыфікатар — чыноўнік
Вельмі ўразіў мяне выпадак, калі ў Салігорску ідэоляг тамтэйшага «Беларуськалію» запытала кіраўніцу адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву пра беларускі кантэнт на зрусыфікаваных дзяржаўных тэлеканалах. Газэта «Калійшчык Салігорска» паведаміла, што ў краіне пастаўленая задача «аб наяўнасьці ня менш як 30% кантэнту на беларускай мове».
І што ж тут усчалося! Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант кінулася зьняпраўджваць паведамленьне: журналісты наблыталі. За ёй і былы прэс-сакратар Лукашэнкі, а цяпер першы намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі даводзіў грамадзтву, што журналіст памыліўся і выклаў словы Качанавай неадпаведным чынам:
«Гэта была не цытата, а пераказ. Кіраўніца заявіла пра тое, што 30% кантэнту на тэлеканалах павінна быць айчыннай, беларускай вытворчасьці».
Магчыма, што журналіст у пераказе сапраўды памыліўся, як ня выключана і тое, што кіраўніца адміністрацыі менавіта так і сказала, як ён напісаў.
Натальля Эйсмант, напэўна, перажывае за Івана Эйсманта: ну ня можа Белтэлерадыёкампанія пад кіраўніцтвам мужа даць 30 адсоткаў перадач па-беларуску. Такую ўжо безгалосую (у сэнсе беларускай мовы) каманду сабралі-скалацілі на Макаёнка, 9?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адраджэньне мовы: што можа дзяржава?Незразумела, аднак, навошта Паўлу Лёгкаму падмяняць праблему адсутнасьці беларускай мовы на тэлебачаньні патрабаваньнем кантэнту дзеля дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ.
Агульнавядома, што за апошнюю чвэрць стагодзьдзя беларускую мову мэтадычна выціскалі з эфіру нацыянальнага тэлевяшчаньня, гэтаксама як і з сыстэмы агульнаадукацыйнага навучаньня.
Ня ведаюць самі і не даюць ведаць іншым
Добра памятаю дзень, калі ў 1994 годзе толькі што абраны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сэсіі Гомельскага аблсавету заявіў, што «па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага. Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы — расейская і ангельская».
Потым быў сумнапамятны рэфэрэндум 1995 году. Фармальна расейскай мове быў нададзены роўны статус зь беларускай. А фактычна чыноўнікі ўспрынялі гэта як дазвол на поўнае выцісканьне беларускай мовы з грамадзкага ўжытку. Мовы яны ня ведаюць і ня вучаць самі — і да такіх жа паводзін падахвочваюць сваіх падначаленых. Не, яны, канечне, любяць называцца «мэрамі», «губэрнатарамі» беларускіх гарадоў і рэгіёнаў, але беларускага слова зь іх і абцугамі ня выцягнеш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум, які ня меў легітымнасьціДрабнейшыя начальнікі калі й ведаюць беларускую мову, то ўсё адно імкнуцца трымаць нос па ветры. З гэтай прычыны і лічаць беларускія перадачы на тэлебачаньні па крупінках, нібы макавыя бобкі. Трыццаці адсоткаў перадач на тэлебачаньні на беларускай мове яны палохаюцца. Хоць мусілі б першымі біць у званы, бачачы, што заканатворцы ў законе «Аб СМІ» ніяк не вызначаюць прысутнасьць беларускай мовы ў дзяржаўных мэдыях. І, як вынік, беларускае слова зьнікла ня толькі з экранаў тэлевізараў, але і са старонак газэт. Засталіся па-беларуску за невялікім выняткам толькі назвы: «Жыцьцё Палесься» (Мазыр), «Гомельская праўда» (Гомель), «Чырвоны Кастрычнік» (Акцябрскі). Дзяржаўная абласная газэта ў Магілёве нават лягатып зьмяніла на расейскамоўны, заціснуўшы драбнютка напісаную ранейшую назву «Магілёўская праўда» паміж велічэзным шрыфтам, набраным па-расейску.
Так абярнулася згубная ініцыятыва надаць расейскай мове роўны статус зь беларускай. Дык ня толькі ж у СМІ!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зрусыфікавалі раённыя газэтыБеларускамоўных школьнікаў у Гомлі — меней за 1 працэнт
На Гомельшчыне ў 1994–1995 навучальным годзе 76,5 адсотка першаклясьнікаў засвойвалі веды па-беларуску. Адразу пасьля рэфэрэндуму, у наступным навучальным годзе, іх колькасьць зьменшылася амаль у 3 разы — да 26 адсоткаў. Цяпер навучальны працэс на беларускай мове арганізаваны толькі для 11 адсоткаў хлопчыкаў і дзяўчатак школьнага ўзросту.
У самім Гомлі, другім па велічыні горадзе Беларусі, на пачатку 21 стагодзьдзя па-беларуску навучаліся ўсяго 0,6 адсотка першаклясьнікаў. Прыкладна такая ж сытуацыя і цяпер. Толькі ў гімназіі № 36 існуюць тры пачатковыя беларускамоўныя клясы, дзе вучацца па-беларуску 63 школьнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамяльчук ня здолеў засудзіць чыноўнікаў, якія адмовілі яго дачцэ ў навучаньні па-беларускуБеларусу нават праз суд нельга забясьпечыць права свайго дзіцяці вучыцца на беларускай мове па месцы жыхарства. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць гісторыя жыхара Гомля Сяргея Макрэнкі, які патрабаваў беларускамоўнага навучаньня для дачкі-першаклясьніцы ў гарадзкой сярэдняй школе № 5. Дырэкцыя і аддзел адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раёну адмовілася гэта зрабіць на той падставе, што ў мікрараёне нібыта не было болей бацькоў, ахвотных аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўную клясу, а для адной дзяўчынкі ці нават двух-трох дзяцей ствараць такую клясу, маўляў, немэтазгодна і стратна. І суд стаў на бок школьнай адміністрацыі.
І што ў такім разе застаецца Сяргею Макрэнку і ягоным аднадумцам?
Дзьве афіцыйныя мовы ў Беларусі супраць чатырох у Швайцарыі
Часам можна пачуць разважаньні асобных аналітыкаў, філёзафаў, палітолягаў пра тое, што нічога надзвычайнага і асаблівага ў моўнай сытуацыі ў Беларусі няма. Вось жа жыве Аўстрыя зь нямецкай мовай, Бэльгія — з трыма афіцыйнымі мовамі. У Швайцарыі іх ажно чатыры, а яна таксама і заможная, і незалежная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Русскій еръ». Чаму ў Беларусі ўсё болей назваў з дарэформавым ЪПрыклад краін, дзе ўсё ўтрэслася і стабілізавалася стагодзьдзі таму і якія жывуць сярод такіх жа міралюбівых і заможных суседзяў, для Беларусі — ня ўзор. Для нашай краіны мова — адзін з галоўных вартавых незалежнасьці. Як трапна заўважыў гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў, «наша мова і гістарычная памяць бароняць межы дзяржавы мацней за любую армію». Ня будзе мовы і нацыянальнай самасьвядомасьці — чым яшчэ абаронімся ад ператварэньня сваёй радзімы ў паўночна-заходнюю ўскраіну суседняй імпэрыі?
А становішча з мовай — катастрафічнае. У нас ужо сёньня ў адказ на вітаньне і згадку: «Нешта мне ваш твар знаёмы» можаш пачуць: «Сам ты тварь».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO на прапанову Банглядэш і падтрыманы адмысловай рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі ААН дзеля захаваньня разнастайнасьці моваў.
Дата сьвята прымеркаваная да дня памяці пяцёх студэнтаў — іх расстраляла паліцыя 21 лютага 1952 году падчас акцыі за наданьне бэнгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Банглядэш.
У сьвеце цяпер больш за шэсьць тысяч моваў. Палова зь іх пад пагрозай зьнікненьня. У тым ліку — і беларуская мова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У змаганьні за раўнапраўе моваў — замяніць змаганьне і скасаваць роўнасьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 імпрэзаў да Дня роднай мовы, якія варта наведаць