Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум, які ня меў легітымнасьці


Раней мне ўжо даводзілася пералічваць тыя артыкулы Канстытуцыі і законы, якія былі парушаны пры прызначэньні і правядзеньні рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году.

Як заўважыў былы член Кастытуцыйнага Суду, доктар юрыдычных навук прафэсар Міхаіл Пастухоў, ужо адно толькі зьбіцьцё дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў часе працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму, -- робіць вынікі гэтага рэфэрэндуму “юрыдычна мізэрнымі”.

Цяпер больш падрабязна — пра тое, у якой атмасфэры адбываўся рэфэрэндум і як ён быў ацэнены ў грамадзтве адразу пасьля яго правядзеньня.

Вялікі прапагандысцкі эфэкт меў паказаны па тэлебачаньні за некалькі дзён да рэфэрэндуму фільм рэжысэра Азаронка “Дзеці хлусьні”, у якім паміж лідэрамі БНФ і дзеячамі нацыянальнага руху праводзілася наўпроставая паралель з фашыстоўскімі акупантамі. У фільме былі кадры выступаў на мітынгу ў гонар гадавіны БНР дэпутатаў Пазьняка, Трусава і Навумчыка, старшыні БЗВ Статкевіча, у карыкатурным выглядзе паказваўся паэт Сыс. Зьдзеклівыя камэнтары даваў мастацтвазнавец Савіцкі – сын вядомага жывапісца. Закадравы тэкст чытаў акор Гасьцюхін.

Пазьней Васіль Быкаў перадаў мне тэкст артыкула для маскоўскай газэты “Известия”, нагодай напісаньня быў паказ фільму па расейскім тэлебачаньні. Артыкул б напісаны па-расейску, арыгінал захоўваецца ў мяне, і быкаўскія ацэнкі даюць добрае ўяўленьне пра тую прапагандысцкую акцыю.

“... Гэты фільм, паводле задумы яго аўтараў, павінен быў выканаць ролю прапагандысцкага тарана, нанесьці адчувальны ўдар па сымпатыі выбаршчыкаў да нацыянальнай дэмакратыі рэспублікі, якая ўзмацнялася, і тым самым спрыяць замацаваньню ўлады левых, г.зн. камуністычных сілаў, -- пісаў Быкаў. --У комплексе іншых шмат якіх антыдэмакратычных захадаў фільм дасягнуў прыкметнага эпатуючага эфэкту, пазыцыі дэмакратаў былі пахістаныя, пракамуністычныя сілы пашырылі сваю ўладу. У цэлым, акцыя з фільмам была пасьпяховай. І гэта зразумела. З часоў мінулай вайны ў генетычнай памяці беларусаў жыве катэгарычнае непрыманьне фашызму і зьвязаных зь ім зьяваў. На гэтым традыцыйным пачуцьці замоўшчыкі і згулялі правакацыйную ролю кірмашовых кішэньнікаў,якія ў зручныя для сябе моманты крычаць “Трымай злодзея!”. Беларусы супольна кінуліся лавіць уяўнага фашыстоўскага ўлодзея і тут жа былі жостка абкрадзеныя самі – у іх скралі ўладу”.

Фільм – несумнеўная фальшыўка, тэндэнцыйная падробка, створаная выпрабаваным мэтадам спэцслужбаў ў форме і ў цывільным з зусім празрыстымі мэтамі
Васіль Быкаў

Быкаў прааналізаваў прыёмы, якія выкарыстоўвалі аўтары фільму. “Мэтадам паралельнага мантажу сцэн сучаснага антыкамуністычнага мітынгу і даўняга фашыстоўскага параду выбудоўваецца вобраз беларускай дэмакратыі, які адштурхоўвае. Выступ фашыстоўскіх аратараў перад шыхтом калябарантаў увесь час чаргуецца з прамовамі апазыцыйных парлямэнцкіх дэпутатаў, лідэра БНФ Зянона Пазьняка, -- сына і ўнука змагароў супраць фашызму, якія заплацілі за гэта жыцьцямі. Асаблівы клопат аўтараў фільму выклікае імкненьне абвергнуць адкрыты З. Пазьняком факт пахаваньня ахвяраў сталінскага генацыду ва ўрочышчы “Курапаты”, які яны гэтак старанна і беспасьпяхова адмаўляюць. Дэманстрацыя перад камерай залатых ланцужкоў, гістарычныя пошукі самадзейных гісторыкаў, іх спасылкі на адсутнасьць у архівах КДБ адпаведных дакумэнтаў – хлусьня, спрацаваная паводле рэцэптаў Гёбельса і якая дзейнічае тым больш безадмоўна, чым болей неверагоднай здаецца. У нармальнай дэмакратычнай дзяржаве ў такіх выпадках надыходзіць дзеяньне крымінальнага кодэксу альбо ва ўсялякім разе – псыхалягічнае разьбіральніцтва ў духу тэорыяў Фрэйда і Юнга. У нас жа стваральнікаў фільму чакаў трыюмф ляўрэатаў...

Фільм – несумнеўная фальшыўка, тэндэнцыйная падробка, створаная выпрабаваным мэтадам спэцслужбаў ў форме і ў цывільным з зусім празрыстымі мэтамі”, – падсумаваў Васіль Быкаў.

Ніякія нашыя спробы дамагчыся тэлевізійнага эфіру для абвяржэньня абвінавачваньняў, зробленых у фільме, ня мелі выніку – эфір нам не далі.

10 траўня мы, дэпутаты БНФ, правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой выказаліся пра атмасфэру ў грамадзтве і сытуацыю ў СМІ напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму.

«Наш досьвед сустрэчаў з выбаршчыкамі ў акругах дазваляе зрабіць наступныя высновы. У насельніцтва прэвалююць настроі апатыі, пэсымізму, нявер’я ў магчымасьць якіх-небудзь пазытыўных пераменаў. Па-другое, лукашэнкаўская прапаганда выпрацавала рэзка адмоўнае стаўленьне да Вярхоўнага Савету. І ня толькі да дэпутатаў цяперашняга парлямэнту, але і ў адносінах да парлямэнту як органа дзяржаўнай улады. Лукашэнка, іншыя вышэйшыя службовыя асобы публічна заяўляюць, што можна і не выконваць законы, што можна рабіць усё, што заўгодна. Насаджаецца культ уседазволенасьці. У сусьветнай гісторыі ёсьць аналёгія — Мусаліні. Што датычна выбараў, дык многія людзі лічаць, што парлямэнт зусім непатрэбны».

Мы заявілі, што Лукашэнка зацікаўлены, каб выбары не адбыліся зусім. І гэта былі не пустыя словы: у часе аднаго з тэлевыступаў Лукашэнка наўпрост сказаў, што галасаваць ня пойдзе — «усё роўна падмануць» (мелася на ўвазе, што «падмануць» ня тыя, хто лічыць галасы — а падмануць дэпутаты). Тым самым ён зарыентаваў сваіх прыхільнікаў не галасаваць на выбарах.

За ўсе некалькі тыдняў па дзяржаўным тэлебачаньні не прагучала ніводнага слова супраць пытаньняў, якія Лукашэнка вынес на рэфэрэндум.

У якой заўгодна праўнай дзяржаве падобны заклік прэзыдэнта непазьбежна пацягнуў бы за сабой ягоную адстаўку.

І пры гэтым дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё заклікала людзей ісьці на рэфэрэндум, прычым на экранах паказвалі, што менавіта трэба выкрэсьліваць у бюлетэнях, а што — пакідаць. Пакідаць, вядома ж, трэба было «за» прапанаваныя Лукашэнкам пытаньні.

За ўсе некалькі тыдняў па дзяржаўным тэлебачаньні не прагучала ніводнага слова супраць пытаньняў, якія Лукашэнка вынес на рэфэрэндум. Больш за тое: у выступах кандыдатаў у дэпутаты такія словы выразаліся; супрацоўнікі радыё адразу раілі кандыдатам не кранаць пытаньня рэфэрэндуму, бо — ня пройдзе ў эфір.

Ніводны наш, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, запыт да старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рыгора Кісяля аб прадастаўленьні нам эфіру для выказваньня пазыцыі па рэфэрэндуме ня толькі ня быў задаволены, але нават і не атрымаў адказу (пры Кебічы нам, дэпутатам, хай і ня з першай спробы, але ўдавалася атрымліваць тэлеэфір).

9 траўня мы зноў зьвярнуліся да Кісяля з патрабаваньнем даць у суботу, 13 траўня, 45 хвілінаў эфіру пяці дэпутатам Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце з мэтай абнародваньня пазыцыі па рэфэрэндуме і перадвыбарчай праграмы — аднак, як і раней, не атрымалі адказу.

Гэта было парушэньнем і Закону аб статусе дэпутата, і Закону аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме).

Галасаваньне адбылося 14 траўня.

Паводле афіцыйных вынікаў ЦВК, у рэфэрэндуме ўзяло ўдзел 64,8 працэнтаў зарэгістраваных выбаршчыкаў. Пры гэтым за наданьне рускай мове статусу дзяржаўнай прагаласавалі 83, 3 працэнты, супраць — 12,7. За зьмену сымболікі за — 75,1 працэнт, супраць — 20.5. За падтрымку Лукашэнкі ў справе інтэграцыі з Расеяй за — 83,3 працэнты, супраць — 12, 5. За права прэзыдэнта распускаць парлямэнт за 77,7 працэнтаў, супраць — 17, 8.

Правядзеньне рэфэрэндуму ў антыдэмакратычных абставінах робіць ягоныя вынікі заведама нелегітымнымі і не дазваляюць прызнаць іх за рэальнае волевыяўленьне народу.

21 траўня Сойм партыі БНФ адзначыў, што рэфэрэндум быў неканстытуцыйным і «праходзіў ва ўмовах прэзыдэнцкай манаполіі на сродкі масавай інфармацыі і друк. Грамадзтва ня мела магчымасьці азнаёміцца з альтэрнатыўнымі поглядамі. Дзяржаўныя сродкі інфармацыі вялі аднабаковую прапаганду ў інтарэсах пазыцыі прэзыдэнта і ягонай групы. Адбывалася масавая дэзінфармацыя людзей. Антыбеларускія сілы імкнуліся пазбавіць народ выбару, і гэта ў асноўным было дасягнута...
Галасаваньне на рэфэрэндуме, асабліва ў сельскай мясцовасьці, было сфальсыфікавана выканаўчымі ўладамі і іхнімі прадстаўнікамі ў выбарчых камісіях і на ўчастках пад кантролем мясцовай прэзыдэнцкай „вэртыкалі“ Пра гэта сьведчаць шматлікія факты, зарэгістраваныя як ад Партыі БНФ, так і іншымі. У шмат якіх сельскіх акругах не прыйшла галасаваць і палова грамадзянаў, унесеных у сьпісы для галасаваньня. Колькасьць тых, хто прагаласаваў, завышаная. І тым ня менш па другім і чацьвёртым пытаньнях рэфэрэндуму прагаласавала „за“ менш за палову ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў.

Правядзеньне рэфэрэндуму ў антыдэмакратычных абставінах робіць ягоныя вынікі заведама нелегітымнымі і не дазваляюць прызнаць іх за рэальнае волевыяўленьне народу. Гэтак сама ня будуць законнымі ўгрунтаваныя на выніках рэфэрэндуму захады, скіраваныя на абмежаваньне дэмакратыі і зьнішчэньне незалежнасьці нашай краіны» — гаварылася ва Ўхвале Сойму Партыі Беларускага Народнага Фронту.

Антыканстытуцыйнасьць рэфэрэндуму была акрэсьленая і ў адмысловай Заяве, які прыняў Другі міжнародны кангрэс Беларускага ПЭН-цэнтру. За гэтую Заяву галасавалі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў ды іншыя беларускія літаратары.

Удзельнікі Кангрэсу адзначылі, што рэфэрэндум «быў прызначаны і праводзіўся з парушэньнем шэрагу палажэньняў Канстытуцыі краіны ва ўмовах абмежаваньня свабоды сродкаў масавай інфармацыі, а таксама мэтанакіраванай дэзінфармацыі і дэзарыентацыі электарату ў нацыянальна-культурных пытаньнях. Як засьведчылі беларускія і міжнародныя наглядальнікі, са шматлікімі парушэньнямі заканадаўства адбывалася і сама працэдура галасаваньня. Названыя акалічнасьці заканамерна выклікаюць сумнеў у законнасьці вынікаў рэфэрэндуму.
Ужо сам факт вынясеньня на плебісцыт пытаньняў зьмены нацыянальнай сымболікі і ўвядзеньня расейскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай, сьведчыць, што вярхоўная ўлада ня лічыць клопат пра духоўныя каштоўнасьці нацыі сваім абавязкам. Гэта пацьвярджаецца і наступнымі дзеяньнямі прэзыдэнцкай улады, якая пачала выкарыстоўваць вынікі рэфэрэндуму ў сваіх інтарэсах, ігнаруючы неабходнасьць іх зацьвярджэньня Вярхоўным Саветам краіны. Нягледзячы на тое, што значная частка электарату не падтрымала прэзыдэнта (за зьмену сымболікі прагаласавалі толькі каля паловы агульнага сьпісачнага складу выбаршчыкаў) рэфэрэндум быў абвешчаны поўнай перамогай яго ініцыятара».

Наступны прагноз, зроблены ўдзельнікамі Кангрэсу ПЭН-цэнтру, цалкам паўтараў тое, што казалі на сэсіі Вярхоўнага Савета мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, калі спрабавалі сарваць прызначэньне рэфэрэндуму:

«Непасрэдным наступствам рэфэрэндуму 14 траўня 1995 г. можа стаць рэзкае звужэньне беларускай мовы ўва ўсіх сфэрах дзяржаўнай палітыкі, што ўжо назіраецца ў сыстэме адукацыі. На практыцы ўвядзеньне расейскай мовы як другой дзяржаўнай будзе замацоўваць рэальнае сёньня нераўнапраўе беларускай мовы і спрыяць яе выцясьненьню, а значыць, будзе працягвацца русіфікацыя і дэнацыяналізацыя беларускага народу, якія праводзіліся ў расейскай імпэрыі, а потым у СССР. Такая небясьпечная палітыка спараджае раскол у грамадзтве і непазьбежна ставіць нацыянальную інтэлігенцыю ў апазыцыю да ўлады. Удзельнікі кангрэсу выказваюць глыбокую трывогу за будучыню беларускай нацыянальнай культуры».

Трывога была цалкам апраўданая.

Ужо 17 ліпеня, праз два месяцы пасьля рэфэрэндуму, Лукашэнка вырашыў ў прамым эфіры тэлебачаньня зачытаць тэмы сачыненьняў і дыктовак для абітурыентаў вышэйшых навучальных установаў. Гэта само па сабе было дзеяй незвычайнай, унікальнай у сусьветнай практыцы. Але прыкметна тое, што абнародаваньне тэмаў ён пачаў з сачыненьняў па расейскай мове і літаратуры, і толькі потым перайшоў да беларускай мовы і літаратуры.

Ніякага «зваротнага» правіла (кшталту, калі б бацькі траіх вучняў пажадалі вучыць дзяцей па-беларуску, і іншыя займаліся б у беларускай клясе) — вядома ж, уведзена не было.

У тыя дні дэпутат Менскага гарадзкога савету Алесь Бяляцкі ў інтэрвію агенцтву «Павет» заўважыў, што ўведзеная пасьля рэфэрэндуму палітыка выбару мовы навучаньня ў сярэдніх школах (цяпер бацькі атрымалі права самі выбіраць мову) мае вельмі цікавую і паказальную асаблівасьць.

А менавіта: калі бацькі хаця б траіх школьнікаў жадаюць навучаць сваіх дзяцей па-расейску — дык і астатнія дваццаць вучняў будуць вучыцца на расейскай, а не на беларускай мове. Пры гэтым на расейскую мову пераводзіліся нават вучні чацьвертых-пятых клясаў, якія раней навучаліся па-беларуску.

Ніякага «зваротнага» правіла (кшталту, калі б бацькі траіх вучняў пажадалі вучыць дзяцей па-беларуску, і іншыя займаліся б у беларускай клясе) — вядома ж, уведзена не было.

Такім чынам, адразу пасьля рэфэрэндуму па беларускім школьніцтве быў нанесены моцны ўдар.

А кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў 16 траўня забраўся на дах адміністрацыі і пад відэакамэры разарваў бел-чырвона-белы сьцяг — які ўсё яшчэ заставаўся дзяржаўным.

Днямі я папрасіў Зянона Пазьняка ацаніць тое, што адбылося дваццаць гадоў таму.

«Травеньскі рэфэрэндум 1995-га году, які насуперак закону праводзіў новы рэжым антыбеларускай улады, я прыраўніваю да дзяржаўнага перавароту, які меў (і працягвае мець) катастрафічныя разбуральныя наступствы для Беларускай нацыі. Ад самага пачатку ён быў абстаўлены як дзяржаўны пераварот, з увядзеньнем спэцвойска ў парлямэнт, зьбіваньнем дэпутатаў Апазыцыі БНФ, захопам парлямэнцкіх будынкаў, парлямэнцкіх газэт і ўсяго друку, растаптаньнем законнай волі парлямэнту і з апорай антызаконных дзеяньняў на чужую краіну (Расею). Гэты рэфэрэндум як незаконны і зманіпуляваны і яго палажэньні будуць адмененыя сапраўднай беларускай уладай, а спраўцы яго будуць злоўленыя і пойдуць пад суд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG