Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук ня здолеў засудзіць чыноўнікаў, якія адмовілі яго дачцэ ў навучаньні па-беларуску


Сяргей Макрэнка
Сяргей Макрэнка

Суд не задаволіў пазоў жыхара Гомля Сяргея Макрэнкі, які патрабаваў беларускамоўнага навучаньня для дачкі-першаклясьніцы. Заяўнік скардзіўся на дзеяньні сярэдняй школы № 5 і аддзелу адукацыі, якія не забясьпечылі права дзіцяці вучыцца на беларускай мове.

У чым справа?

Сёлета дачка Сяргея Макрэнкі пайшла ў першую клясу. Бацька хацеў, каб дзяўчынка атрымлівала адукацыю на беларускай мове ў школе № 5 па месцы жыхарства. Кіраўніцтва школы адмовілася стварыць беларускамоўную клясу.

Адміністрацыя і аддзел адукацыі спасылаліся на адсутнасьць ахвотных сярод іншых бацькоў, якія жывуць у мікрараёне. У выніку гамяльчук аддаў дачку ў гімназію № 36, дзе трэці год набіраюць па адной клясе зь беларускай мовай навучаньня. Для бацькі гэта дадатковыя высілкі і выдаткі. Каб завезьці дачку раніцай з дому ў гімназію ў іншы канец гораду, потым бацьку заехаць на працу, а пасьля заняткаў забраць дзяўчынку, даводзіцца «наматаць» лішніх 25 кілямэтраў.

Хто павінен забясьпечыць беларускамоўную адукацыю?

Беларускамоўную адукацыю гарантуюць:

  • артыкул 17 Канстытуцыі. «Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская і руская мовы»;
  • артыкул 50 Канстытуцыі. «Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасьць». «Зьнявага нацыянальнай годнасьці караецца згодна з законам»;
  • артыкул 2.9 Кодэксу аб адукацыі. «Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў сфэры адукацыі зьяўляюцца... Забесьпячэньне роўнасьці беларускай і расейскай моваў»;
  • артыкул 90 Кодэксу аб адукацыі. «Асноўнымі мовамі навучаньня і выхаваньня ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучаньня і выхаваньня на адной зь дзяржаўных моў...».

На заканадаўства спасылаўся Сяргей Макрэнка, калі падаваў пазоў у суд Чыгуначнага раёну Гомля.

Ці забясьпечваецца ў Гомлі права вучыцца на беларускай мове?

У судзе за свае дзеяньні адказвалі галоўны спэцыяліст аддзелу адукацыі Алена Рэзьнік і дырэктарка школы № 5 Тацяна Даманчук.

Галоўны спэцыяліст аддзелу адукацыі Алена Рэзьнік (зьлева) і дырэктарка школы № 5 Тацяна Даманчук
Галоўны спэцыяліст аддзелу адукацыі Алена Рэзьнік (зьлева) і дырэктарка школы № 5 Тацяна Даманчук

Яны лічаць, што правы беларускамоўных асобаў і іх дзяцей у горадзе не парушаюцца, для навучаньня на роднай мове створаныя ўмовы. Такой умовай Алена Рэзьнік лічыць стварэньне на працягу апошніх гадоў у гімназіі № 36 імя Івана Мележа беларускамоўных клясаў.

У горадзе з насельніцтвам больш за 460 тысяч на беларускай мове ў гімназіі № 36 цяпер вучацца ў трох клясах 62 хлопчыкі і дзяўчынкі, зь іх 22 — у першай клясе.

Усяго ў Гомлі сёлета створаны 324 першыя клясы. У іх вучацца каля 6 тысяч чалавек. То бок на беларускай мове вучыцца толькі кожны соты вучань.

Разам з тым Алена Рэзнік кажа: «У Гомлі створаныя ўмовы для функцыянаваньня і далейшага разьвіцьця беларускай мовы».

Чаму прадстаўнікі адукацыі ня хочуць стварыць у школе № 5 клясу зь беларускай мовай навучаньня?

Судзьдзя Ільля Сьвірыдаў намагаўся весьці працэс на беларускай мове. Прадстаўнікі аддзелу адукацыі і школы давалі сьведчаньні на расейскай мове.

Алена Рэзьнік і Тацяна Даманчык спасылаюцца на тое, што, апроч Сяргея Макрэнкі, ахвотных навучаць дзяцей на беларускай мове не было. Для адной дзяўчынкі ці меркаваных 2–3 яе аднаклясьнікаў клясу ствараць немэтазгодна — лічаць спэцыялісты адукацыі.

«Чалавек — істота сацыяльная, апроч таго, што біялягічная, і, безумоўна, ёй неабходна знаходзіцца ў атачэньні дзяцей. Знаходзячыся адной у клясе, сам-насам з пэдагогам, будзе стаяць пытаньне сацыялізацыі дзіцяці. Наколькі эфэктыўна яно здолее ўвайсьці потым у наша грамадзтва і ў далейшым будаваць эфэктыўныя і граматныя камунікацыі з навакольным сьветам. Чыста з псыхалягічнага пункту гледжаньня ўсе выбітныя псыхолягі рэкамэндавалі сацыялізаваць дзяцей», — выказалася Алена Рэзьнік.

Дырэктарка школы Тацяна Даманчук спасылалася на тое, што «у нас дзьве дзяржаўныя мовы». Яна ўзгадала «слыннага пэдагога» Льва Выгоцкага, які казаў, што «да сямі гадоў у дзяцей асноўны від дзейнасьці — гульня». «А як дзяўчынка можна гуляць адна? Дзіця павінна вучыцца ў калектыве — гэта маё меркаваньне», — сказала Тацяна Даманчук. Яна дадала, што бацька дзейнічае не ў інтарэсах дачкі.

Сяргей Макрэнка сказаў, што ня бачыць нічога благога ў індывідуальным навучаньні. Менавіта так вучылі сваіх дзяцей арыстакраты.

«А вы што хочаце — каб ваша дачка была арыстакраткай?», — сказаў на гэта судзьдзя Ільля Сьвірыдаў.

Якія захады рабілі школа і аддзел адукацыі, каб стварыць беларускамоўную клясу?

Дырэктарка школы № 5 сьцьвярджае, што вясной сярод бацькоў дашкольнікаў было праведзена анкетаваньне. У ім узялі ўдзел 130 чалавек. 129 выказаліся за расейскую мову навучаньня. Гэтыя анкеты на судзе папрасіў паглядзець Сяргей Макрэнка.

Сяргей Макрэнка
Сяргей Макрэнка

Ён выявіў, што агучаныя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасьці — сярод апытаных быў прынамсі яшчэ адзін чалавек, які выказаўся за беларускую мову. Гамяльчук заўважыў, што прынамсі каля 20 анкет запоўненыя адным почыркам.

«Як вы можаце гэта патлумачыць?», — зьвярнуўся судзьдзя да дырэктаркі школы. «Не магу гэта патлумачыць», — адказала Тацяна Даманчук.

У Беларусі нельга навучацца на беларускай мове?

«Што тут далей можна абмяркоўваць, калі ў беларускім горадзе нельга навучацца на беларускай мове? Ёсьць запатрабаванасьць ад бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся на беларускай мове. Але ня ўсе могуць дабівацца сваіх правоў, ісьці ў суд. Але гэта рабіць варта — каб людзі бачылі, што ў Беларусі цяжка дабіцца навучаньня на роднай мове», — выказалася пасьля суду старшыня гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алеся Аўласевіч.

Што будзе рабіць Сяргей Макрэнка?

Пазыцыю аддзелу адукацыі і школы ён лічыць абсалютна няслушнай.

«Зь мінулага году я вёў зь імі перапіскі і перамовы. Іх пазыцыя такая, што яны ні ў чым не вінаватыя. Яны ўвесь час займаліся адпіскамі — абы нічога не рабіць. Гэта для іх праблема — арганізаваць навучаньне на беларускай мове. Яны кажуць, што гэта немэтазгодна, што гэта кепска для дзіцяці. Я так не лічу. Дзіця можна сацыялізаваць на ўроках фізкультуры, і на групе падоўжанага дня, і на гуртках, сэкцыях», — кажа жыхар Гомля.

Суд адхіліў пазоў, пагадзіўшыся з довадамі прадстаўнікоў сыстэмы адукацыі. На думку судзьдзі, школа ня можа забясьпечыць навучаньне адной вучаніцы ў клясе.

Сяргей Макрэнка будзе абскарджваць гэтае рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG