Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русскій еръ». Чаму ў Беларусі ўсё болей назваў з дарэформавым Ъ


Апошнім часам даволі рэдкую ў сучасным расейскім пісьме літару Ъ упадабалі беларускія прадпрымальнікі. Зьявіліся крамы «МясновЪ», «ГастрономЪ», «ПровиантЪ», рэстарацыі і сталоўкі «ТрактирЪ», «ГурманЪ», «ТеремЪ», салёны прыгажосьці «ЦирюльникЪ». Нягледзячы на дзіўнае напісаньне, некаторыя назовы афіцыйна зарэгістраваныя як таварныя знакі. Які сэнс укладаюць людзі ў гэты «Ъ», што за гэтым стаіць?

Ъ была самай дарагой і бескарыснай літарай расейскага альфабэту

Ъ — літара кірылічнага альфабэту, якая ёсьць са славянскіх моваў толькі ў расейскай і баўгарскай. Да рэформы правапісу расейскай мовы 1917–1918 году літара Ъ, якая называлася «еръ» (па-беларуску «ёр»), ужывалася даволі шырока — у канцы ўсіх словаў, што заканчваліся на цьвёрды зычны гук, ставіўся Ъ. Але пасьля рэформы гэтая літара пачала выкарыстоўвацца толькі як разьдзяляльны знак, у канцы словаў ёр быў скасаваны.

Паводле расейскага лінгвіста Льва Ўсьпенскага, Ъ — найдаражэйшая літара ў расейскім альфабэце: бескарысны Ъ на канцы словаў займаў больш як 4% аб’ёму тэксту, і да рэформы правапісу на яго ішло штогод каля 8,5 млн лішніх старонак.

«Нібыта гэта на старажытналацінскай мове»

Прадуктовыя крамы з назвай «МясновЪ» ёсьць у Менску, Магілёве і Бабруйску. Таварны знак зарэгістраваны і дзейнічае да 2026 году. Ён належыць буйному магілёўскаму бізнэсоўцу Яўгену Баскіну.

Таварны знак «ПровиантЪ» таксама зарэгістраваны. Праўда, як патлумачыў Свабодзе дырэктар «Белпатэнтсэрвісу» Вячаслаў Трафімаў, — для абазначэньня аб’ектаў грамадзкага харчаваньня, а не харчовых крамаў. Тым ня менш у сталіцы каля дзясятка крамаў з шыльдай «ПровиантЪ».

Уцямнага адказу, навошта на шыльдзе «цьвёрды знак», заснавальнікі Таварыства з дадатковай адказнасьцю «Інкелс» даць не змаглі.

«Ну, нібыта гэта на старажытналацінскай мове... Альбо на стараславянскай, там былі цьвёрдыя знакі. А наагул, зь якой мэтай вы цікавіцеся? Мы не абавязаныя тлумачыць», — заявіла супрацоўніца ТДА «Інкелс», на якое зарэгістраваны таварны знак «ПровиантЪ».

Зарэгістраваныя і таварныя знакі «ТрактирЪ» у розных варыяцыях:

  • «ТрактирЪ на Парковой» (рэстарацыя ў Менску),
  • «ТрактирЪ» (заснаваны фірмай «Еўрагандаль»)
  • ААТ «ТрактирЪ для друзей» (заснаваны Гарадзейскім цукровым камбінатам).

«ЦирюльникЪ» — зарэгістраваць нельга, пісаць на шыльдах можна

Нядаўна ў Менску пачалі адкрывацца салёны прыгажосьці «ЦирюльникЪ». Гаспадар — ААТ «Рэгіён прыгажосьці». Зьявіліся і шыльды, падобныя да франшызы з такой жа назвай, якая працуе ў Расеі з 2009 году і налічвае каля 200 аб’ектаў ад Масквы да Сахаліну.

На пытаньні, чаму абрана напісаньне назвы з Ъ, чаму лягатып як у расейцаў і ці зарэгістраваны ў Беларусі такі таварны знак, заснавальніца «Рэгіёну прыгажосьці» Вольга Віктараўна не адказала.

Дырэктар «Белпатэнтсэрвісу» Вячаслаў Трафімаў паведаміў Свабодзе, што таварны знак «ЦирюльникЪ» у Беларусі не зарэгістраваны.

«І наагул, у прынцыпе ня можа быць зарэгістраваны. Само слова „ЦирюльникЪ“, так бы мовіць, указальнае ў адносінах да паслугі. Знак не рэгіструецца, калі ён наўпрост указвае на від паслугі альбо тавару (да прыкладу, „гарэлка“ — для гарэлкі, „цырульнік“ — для цырульні). То бо тут ёсьць абсалютная падстава для адмовы адной асобе ў рэгістрацыі такога знаку — гэта манапалізуе права і не дае магчымасьці іншым вытворцам выкарыстоўваць агульныя словы лексыкі», — кажа экспэрт.

Непісьменна, затое «фантазійна»

У аддзеле экспэртызы Ўпраўленьня таварных знакаў Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці патлумачылі, што таварны знак павінен быць пісьменным, адпавядаць моўным нормам. Але часьцяком паўстае пытаньне: адступленьне ад гэтых нормаў — непісьменнасьць ці фантазійнасьць?

«Калі фантазійна — такі знак можа быць зарэгістраваны. Трэба разглядаць кожны асобны выпадак. Прыкладам, што да слова „МясновЪ“ — нельга казаць, што гэта непісьменна па-расейску. Гэта слова прыдуманае, у слоўніку вы яго ня знойдзеце. Таму знак зарэгістравалі. „Ъ“ ідзе з мовы дарэвалюцыйнай Расеі, гэта фантазійны знак. Але калі іх цяпер зьявілася шмат — гэта ўжо не арыгінальна», — выказала сваё меркаваньне экспэрт Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці.

Часам Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці адмаўляе ў рэгістрацыі знакаў. Так, напрыклад, не дазволілі зарэгістраваць «Аладушкі», бо па-беларуску правільна «Аладкі», а па-расейску — «Оладушки».

Але знак «ИзУминка» ў падобным выпадку рэгістрацыю прайшоў.

«Там літара „У“ выканана вельмі стылізавана, яна вылучаецца. Мы палічылі, што гэта фантазійнае выкананьне», — патлумачылі ў аддзеле экспэртызы.

Абавязковая рэгістрацыя — толькі для лацініцы

Паколькі таварныя знакі «МясновЪ», «ПровиантЪ» — афіцыйна зарэгістраваныя, зразумела, чаму яны маюць права вывешваць свае шыльды. Але чаму зьяўляюцца шыльды зь незарэгістраванымі знакамі, кшталту «ЦирюльникЪ»?

У «Менскрэкляме» сказалі, што кірылічным знакам не патрэбная рэгістрацыя.

«Зарэгістраваны ці не зарэгістраваны лягатып — мае значэньне толькі тады, калі ў шыльдзе ёсьць лацінскае напісаньне. Калі прысутнічае лацініца, паводле закону ўладальнікі павінны мець зарэгістраваны ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці таварны знак, каб не рабіць перакладу на расейскую ці беларускую мову.

А ў назьве „ЦирюльникЪ“ лацініцы няма, таму шыльда нават не падлягае пашпартызацыі і ўзгадненьню», — сказалі Свабодзе ў «Менскрэкляме».

Вінцук Вячорка: «Нас гвалтам цягнуць у прастору Расейскай імпэрыі»

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, выкарыстаньне расейскай дарэформавай артаграфіі — прыніжэньне нацыянальнай годнасьці беларусаў.

«Гэты правапіс асацыюецца з Расейскай імпэрыяй, у складзе якой Беларусь была калёніяй, беларуская мова працяглы час была забароненай, перасьледаванай. А беларуская нацыя ня мела ніякіх шанцаў для самарэалізацыі».

Спадар Вячорка адзначыў, што некаторыя такія назвы «гібрыдныя», не адпавядаюць нормам ані дарэформавага, ані сучаснага расейскага правапісу.

«Напрыклад, у слове „ПровіантЪ“ паводле расейскага дарэформавага правапісу ня толькі цьвёрды знак павінен быць на канцы, але яшчэ павінна быць „і дзесятковае“ (з кропкай) перад галоснай. Натуральна, гэтага няма, уладальнікі таварнага знаку пра гэта ня ведаюць».

«А часам „ёр“ блытаюць зь „яцем“ (ѣ) — яшчэ адной спэцыфічнай літарай расейскага дарэформавага альфабэту, але пра блытаніну крэатыўныя, але непісьменныя аматары „Ъ“ і не падазраюць», — дадае Вінцук Вячорка.

«Калі ў пачатку ХХ стагодзьдзя аднавіўся беларускі друк кірыліцай, у газэтах „Наша доля“ і „Наша ніва“ не было ніякіх „ёраў“. Сёньня нас гвалтам цягнуць у прастору „русского мира“ ў самым кепскім значэньні гэтага слова, „ёры“ — маркеры „русского мира“ на вуліцах нашых гарадоў».

Як зрусыфікавалі раённыя газэты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG