Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе захопніцкія войны пачынаюць тэлевядоўцы, пісьменьнікі і культуролягі. А заканчваюць канвойныя ўзводы і расстрэльныя каманды», — Ахроменка


Уладзіслаў Ахроменка
Уладзіслаў Ахроменка

Інтэрвію зь беларускім пісьменьнікам Уладзіславам Ахроменкам, які жыве ў Чарнігаве, пра гісторыю і сучаснасьць, пра Ўкраіну і Беларусь.

Ён выконваў нактурны Шапэна для Ўладзіміра Караткевіча і сядзеў у турме ў Камбоджы. Навучаў клясыка армянскай літаратуры Сільву Капутык’ян беларускім вітаньням і езьдзіў валянтэрам да ўкраінскіх вайскоўцаў на Ўсход.

Гэта ён разам з кумам Максімам Клімковічам суаўтар нашумелай п’есы «Дзьве душы», якая зараз ідзе ў Купалаўскім тэатры. Неўзабаве чытачы пазнаёмяцца і з новымі творамі.

Ўладзіслаў Ахроменка з Максімам Клімковічам, кумам і сталым сааўтарам
Ўладзіслаў Ахроменка з Максімам Клімковічам, кумам і сталым сааўтарам

А яшчэ Ахроменка, напэўна, самы дасьведчаны несавецкі беларус у гісторыі савецкіх спэцслужбаў, прытым за дасьледчую працу ў архівах СБУ раз-пораз атрымлівае пагрозы.

ПРА СЯБЕ, СЯМ’Ю І ЎКРАІНУ

Беларускі пісьменьнік Уладзіслаў Ахроменка амаль дваццаць гадоў жыве ва ўкраінскім Чарнігаве. Тут ён знайшоў другі дом і стварыў сям’ю. Разам з жонкай Вольгай, грамадзянкай Украіны, гадуе чатырнаццацігадовую дачку Лізу. Уладзіслаў гаворыць з дачкой выключна па-беларуску. Ліза дасканала ведае і беларускую, і ўкраінскую, і расейскую.

Уладзіслаў Ахроменка з жонкай Вольгай і дачкой Лізай
Уладзіслаў Ахроменка з жонкай Вольгай і дачкой Лізай

«З моманту, як яна нарадзілася, я размаўляў зь ёй толькі беларускай, бо, акрамя як ад мяне, яна нідзе больш нашай мове не навучыцца. Хіба што яшчэ ад свайго хроснага Максіма Клімковіча, які раз-пораз тут бывае. Зразумела, наша дзіця вучыцца ва ўкраінскай школе. Але, нават калі б у Чарнігаве была расейская школа, я б туды яе не аддаў. Навошта? І так навучыцца».

Ахроменка ганарыцца тым, што яго дачка ведае беларускую мову значна лепш за большасьць беларусаў, хаця нарадзілася і жыве ва Ўкраіне. Піша амаль без памылак, ведае беларускую гісторыю і сапраўды цягнецца да роднага слова.

Дачка Ліза
Дачка Ліза

«Ужо ў пяць-шэсьць гадоў яна спакойна і імгненна пераходзіла з украінскай на беларускую і наадварот. Ёсьць бацькава мова, беларуская, ёсьць матчына, украінская, і гэта справядліва. Калі чую «А нашто гэта трэба, хіба расейскай мала?», пытаюся ў адказ: «Якое дзіцё больш прасунутае: тое, што ведае адну мову, ці тое, што ведае тры? Дык ото ж!..»

Запаволенае правінцыйнае жыцьцё ў спалучэньні з украінскай свабодай вабіць Ахроменку.

«Тут няма напругі, няма падсьвядомага адчуваньня ціску, тут ня хочацца ўцягваць галаву ў плечы. Мінскія калегі ўвесь час пытаюцца, ці не баюся я пісаць так, як думаю — маўляў, „ты ж сам разумееш“. А як можна ўвогуле баяцца пісаць?»

У Чарнігаве шмат беларусаў, а таксама ўкраінцаў, якія Беларусі шчыра і з энтузіязмам дапамагаюць. Таму Ўладзіслаў Ахроменка не адчувае сябе там чужынцам. Ён актыўна падтрымлівае мясцовыя беларускія ініцыятывы. Напрыклад, вясной у горадзе ладзіўся Дзень Волі. Сьвята сабрала ня толькі тутэйшых беларусаў і ўкраінцаў, але нават мясцовых вэтэранаў АТА.

Уладзіслаў Ахроменка зь беларускімі і ўкраінскімі актывістамі Чарнігава
Уладзіслаў Ахроменка зь беларускімі і ўкраінскімі актывістамі Чарнігава

ПРА ПАГРОЗЫ

Ахроменка вельмі дакладна сэгмэнтуе сваю працу: дасьледаваньне архіваў спэцслужбаў — адно, а літаратура — зусім іншае.

Але ж архіўныя дасьледаваньні пакуль што забіраюць большую частку часу. Пра знаходкі ў архівах Ахроменка расказвае на радыё «Рацыя» ў праграме «На ўліку ў КДБ».

Даведка Свабоды: На пачатку 2015 году дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны прынялі закон, які датычыцца рассакрэчваньня службовых архіваў СБУ. Пад яго падпалі дакумэнты савецкіх спэцслужбаў аб дзейнасьці з 1918-га па 1991 год савецкага НКВД, КГБ, МГБ, ЧК (так яны зваліся ў розны час).

Пісьменьнік прызнаецца, што час ад часу атрымлівае пагрозы, якія тычацца тых знаходак. Пакуль што на ўзроўні «Фэйсбуку».

«Неяк у архіве СБУ знайшоў матэрыялы, як расейскія казакі з Пятага Данскога палка Waffen-SS сыстэмна вынішчалі беларусаў. Там сапраўды жахлівыя рэчы. Шмат чаго пакуль не падаю, бо ў людзей будзе шок. Дастаткова таго, як яны нашыя вёскі палілі. Выклаў адпаведныя архіўныя дакумэнты. Цягам наступнага тыдня мне прыйшло каля 10 пагроз праз „аднаразовыя“ акаўнты „Фэйсбуку“, якія потым стваральнікамі па-геройску зьнішчаліся. Клясыка жанру: адзін напісаў, што я „жыдабандэравец“, другі — што я прадаўся Дзярждэпу. Ня ўпэўнены, аднак, што такія пагрозы варта ўспрымаць усур’ёз. Калі чалавек сапраўды задумаў помсту, ён ніколі папярэдне пагражаць ня стане».

Больш за ўсе дасьледчыка ўразіў закід, што ён быццам з архіваў былога Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР падае экстрэмісцкія матэрыялы. Ахроменка пракамэнтаваў яго так:

«Калі апанэнт сьцьвярджае, што матэрыялы КДБ экстрэмісцкія, то тым самым вызнае, што НКВД-МГБ-КДБ сапраўды былі экстрэмісцкімі арганізацыямі. А калі мяне вінавацяць у тым, што матэрыялы КДБ бандэраўскія, то Сьцяпан Бандэра, чытаючы іх на тым сьвеце, вельмі радуецца, бо тады аказваецца, што КДБ СССР была яшчэ і бандэраўскай арганізацыяй».

ПРА ПСЫХАПАТАЎ І САДЫСТАЎ З НКВД

Паводле Ахроменкі, ці не галоўная праблема Беларусі, дзе пісьменьнік раз-пораз бывае — дэфіцыт праўды.

«Па тэлебачаньні сыстэмна круцяць расейскія сэрыялы пра МГБ, пра НКВД, пра СМЕРШ, пра КГБ. Праз гэтыя сэрыялы і фармуецца пасыл „Ах, якую краіну страцілі!“ і ўяўленьне пра „савецкіх чэкістаў, шляхетных герояў з мужнымі, крыху стомленымі вачыма“. Так, былі тыя ж трыццатыя, калі людзі з энтузіязмам сьпявалі на першамайскіх дэманстрацыях песьні Дунаеўскага, а па вечарах навыперадкі пісалі даносы на сяброў, суседзяў і сваякоў, прытым данасіцельства пашыраліся проста жахліва, бы тая пандэмія. Сьвяточныя дэманстрацыі праходзілі ўдзень, а „варанкі“ езьдзілі па начах, і іх мала хто бачыў. І тыя „варанкі“ масава завозілі людзей у падземны сусьвет, дзе шчыравалі банды садыстаў з абсалютна вычварнай псыхікай».

Уладзіслаў расказвае пра аднаго з такіх сьледчых НКВД. Ужо потым высьветлілася, што ён штодня зьбіваў жонку, меў тры каханкі, якіх таксама біў, што быў алькаголікам, псыхапатам і вычварэнцам.

«Я разумею, што ён не нарадзіўся садыстам. Ён стаў ім. Калі чалавек штодня ў НКВД заганяе іголкі пад пазногці арыштантаў ці ток праз цела прапускае, то кім ён пасьля гэтага становіцца?».

«Я ўпэўнена магу сказаць толькі адну рэч — ня ўся гістарычная праўда пакуль вартая абнародаваньня, прынамсі ў дэталях. Сутыкаўся з абсалютна пачварнымі рэчамі. Настолькі пачварнымі, што, думаю, усялякія Кляўсы Барбі і дактары Мэнгеле і блізка не стаялі з савецкімі чэкістамі».

ПРА НОВЫ РАМАН І НОВУЮ П’ЕСУ

Цяпер Ахроменка працуе над новымі творамі. Раман «Выкрадальнік гукаў» — пра практычна страчанае пакаленьне тых, хто цяпер толькі ўваходзіць у жыцьцё. Падзеі ў ім будуць падавацца ад імя адразу двух галоўных пэрсанажаў — шаснаццацігадовага інфанта выдуманай краіны, адгароджанай ад цывілізацыі калючым дротам і таму названай «Задротыя», і інтравэрта са звышнатуральнай здольнасьцю кіраваць гукамі, гэткага сучаснага Арфэя.

«Ведаеце, у чым была памылка Арфэя? У тым, што, трапіўшы ў Аід і маючы звышнатуральныя здольнасьці, ён мог той Аід зьнішчыць, а душы памерлых павыводзіць на сьвятло. Але ён гэтага не зрабіў. Цяперашняя Беларусь для мяне — у пэўнай ступені таксама царства памерлых, той жа самы Аід...»

Раман «Выкрадальнік гукаў», паводле Ахроменкі, атрымаецца ня менш правакацыйным, чым «Тэорыя змовы».

«Літаратура, як, зрэшты, і кожная творчасьць, заўсёды правакацыя. Дый і ня толькі творчасьць... Калі падатковы інспэктар кідае на дарогу грошы і ідзе да ідэйных ворагаў, як гэта зрабіў апостал Матфей — хіба гэта не правакацыя? Ці шмат гадоў прастаяць на слупе, як Сымон Стоўпнік... Правакацыя, пэрформанс, мастацтва!..»

А вось п’еса «Карта паляка» ўжо практычна гатовая. Пісалі яе, як і «Дзьве душы», што зараз ідзе ў Купалаўскім, разам з Максімам Клімковічам.

Уладзіслаў Ахроменка з Максімам Клімковічам
Уладзіслаў Ахроменка з Максімам Клімковічам

«Прабачце за патас, але наша п’еса пра нацыянальную здраду, да якой беларусы, на вялікі жаль, вельмі схільныя. Яны згодныя быць кім заўгодна: хоць рускімі, хоць палякамі, хоць кхмерамі, абы б толькі мець за гэта нейкія выгоды».

Падзеі п’есы адбываюцца ў дэпрэсіўным заходнебеларускім мястэчку. Зьяўляюцца два фацэты, гэткія шляхетныя дробныя д’яблы, якія спакушаюць людзей «картай паляка», і абсалютная большасьць мястэчка на гэта вядзецца. Пісьменьнік абяцае даволі нечаканую канцоўку.

«Ці прасякнуліся гэтыя беларусы польскім патрыятызмам? Не. Таму што банальна жадаюць выгод і прэфэрэнцыяў. Ці робіць кавалак плястыку з беларуса сапраўднага паляка? Вядома ж, не! Упэўнены, што беларусы, якія перакідаюцца да тых палякаў, элемэнтарна прадалі радзіму. Заўтра ім прапануюць карту іспанца, аўстралійца, карту марсіяніна з ужо з большымі перавагамі. Думаеце, не папруцца, калі выгаду паабяцаюць большую? Ці расейскія пашпарты, як ужо шмат дзе на постсавецкай прасторы было...»

ПРА ЗЬМЕНЫ Ў БЕЛАРУСІ

— Уладзіслаў Ігаравіч, вы амаль 20 гадоў жывяце ва Ўкраіне, але часта наведваеце Беларусь. Якія зьмены вы назіралі ў нашай краіне за гэты час?

— Прабачце за цынізм, але я пракамэнтую словамі маёй літаратурнай гераіні з рамана «Тэорыя змовы». «Вуліцы чыстыя, батарэі гарачыя і можна яшчэ ў „Супэрлато“ выйграць». Як і 20 гадоў назад, так і цяпер бачу адно: «Таварышы чэрці, бейце мяне бізунамі, толькі б не было вайны». Прабачце за цытату з той жа «Тэорыі змовы», але іншага пэрсанажа.

Адыходзіць ужо тое пакаленьне, якое памятае «савок» у тым клясычным рафінаваным выглядзе. У мяне ў Менску дарослы сын, яму 21 год. Я гляджу на яго і спадзяюся на новае пакаленьне.

Але адыходзіць ужо тое пакаленьне, якое памятае «савок» у тым клясычным рафінаваным выглядзе. У мяне ў Менску дарослы сын, яму 21 год. Я гляджу на яго і спадзяюся на новае пакаленьне. Гэта людзі, якія ведаюць па дзьве-тры замежныя мовы, рэгулярна бываюць за мяжою, яны глядзяць ня толькі расейскае НТВ ці БТ, а ведаюць іншыя крыніцы інфармацыі. Для іх нашыя праўладныя кабінэты — паралельны сьвет.

— Ці так я разумею, што ў беларускай моладзі шмат магчымасьцяў? А як, па-вашаму, яна карыстаецца імі?

— Разумееце, ва Ўкраіне, нават за часамі Кучмы і Януковіча, не было арганізацыяў, падобных да беларускага БРСМ. Тут не было ідэалягічных аддзелаў, мянты і гэбэшнікі не хадзілі па навучальных установах і не цкавалі студэнтаў. За грамадзкую дзейнасьць не выганялі з ВНУ. Не было і такога шалёнага русыфікатарства, як у нас.

Беларуская моладзь мае вялікі патэнцыял, але яна моцна запалоханая.

Беларуская ж моладзь мае вялікі патэнцыял, але яна моцна запалоханая. Маладзёны могуць сядзець па кватэрах зь півам і зьдзекавацца з тых жа ідэолягаў ці гадзінамі троліць іх у сацыяльных сетках. Але калі прапанаваць ім нават бяскрыўднае валянтэрства па ўпарадкаваньні свайго гораду, палова адразу адмовіцца, бо за такое могуць пакараць зьверху.

— Справа са станам беларускай мовы спакваля зрушылася ў лепшы бок, ці ня так?

— Дазволю сабе паралель. Ва Украіне, напрыклад, ёсьць валянтэрскі рух. Усім здаецца, што гэта неверагодна масавая зьява. Насамрэч — танюткая амальгама на целе ўкраінскага грамадзтва. Тое ж самае — добраахвотныя батальёны, якія ваююць на Данбасе не таму, што кожнаму хлопцу Барак Абама асабіста заплаціў, а таму што ім гэта баліць, яны лічаць такі стан рэчаў несправядлівым. Бо далёка ня ўсё ў сьвеце робіцца адно за выгоды, прэфэрэнцыі і грошы. Аднак, калі паглядзець адсоткавы паказчык, то і валянтэраў, і добраахвотнікаў куды менш, чым у нас уяўляюць. Колькі адсоткаў ад агульнай колькасьці... Большасьць — заўсёды балота, што ва Ўкраіне, што ў Беларусі. Але калі ў грамадзтве зьяўляюцца пасіянарныя людзі, прытым дастаткова хаця б 4-5 % апантаных, і калі яны пра сябе станоўча і голасна заяўляюць, усім здаецца, што гэта і ёсьць новы модуль разьвіцьця. Пасіянарыяў хутка большае, спакваля ствараецца крытычная выбуховая маса. Да яе далучаюцца людзі, якія яшчэ ўчора былі абыякавымі. Хаця б для таго, як «быць, як усе».

Гэта тычыцца і мовы, і культуры, і агульных зьменаў у грамадзтве. І гэта цудоўна.

Але магло б быць і прасьцей. Здаецца, Генадзь Бураўкін казаў: «Калі б беларусам загадалі быць беларускамоўнымі, яны б імі сталі». Я маю на ўвазе стаўленьне да мовы дзяржаўных обер-ідэолягаў.

— Як зьмяніўся за гэты час кантэкст беларуска-расейскіх стасункаў?

Акупацыя чужых земляў не пачынаецца зь «зялёных чалавечкаў», калёны танкаў і абстрэлаў «градаў». Усе захопніцкія войны распачынаюць тэлевядоўцы, культуролягі, гісторыкі, пісьменьнікі, этнографы ды іншая публіка, якая саманазываецца «інтэлектуаламі».

— Стасункаў? Гэта акупацыя нашых земляў, якая доўжыцца калі не з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай, то з 1994 году дакладна. Зьмяніліся адно формы. Зразумейце, што акупацыя чужых земляў не пачынаецца зь «зялёных чалавечкаў», калёны танкаў і абстрэлаў «градаў». Усе захопніцкія войны распачынаюць тэлевядоўцы, культуролягі, гісторыкі, пісьменьнікі, этнографы ды іншая публіка, якая саманазываецца «інтэлектуаламі». А заканчваюць канвойныя ўзводы і расстрэльныя каманды. Гэта я пра навалу «русского мира», калі хто не разумее. Так было на Данбасе. Так можа быць і ў нас.

— А чым Беларусь і беларусы могуць пахваліцца перад Украінай?

— Безумоўна, украінцы больш згуртаваныя і значна больш салідарныя. Не пабаюся гэтых слоў, але яны нават куды больш гасьцінныя за нас. Але і больш эмацыйныя, і гэтая эмацыйнасьць не заўсёды ідзе ім на карысьць. Бывае і такое, што спачатку рэагуюць, а потым думаюць. Не заўсёды абавязковыя ў параўнаньні з намі, да чаго ніяк не магу прызвычаіцца. Дамаўляесься пра сустрэчу ў пэўным месцы і ў пэўны час, чалавек спазьняецца на гадзіну: «Славко, то я кума зустрів! В тебе що — кума не має?..»

Беларусы куды больш дысцыплінаваныя і працавітыя. Але і менш эмацыйныя. Вы заўважылі, што беларусы ў Менску ўсьміхаюцца куды радзей, чым украінцы ў Кіеве? Іншым разам нашая эмацыйнасьць даходзіць да млявасьці.

Увогуле, у маім разуменьні, Украіна — гэткі надзвычай урадлівы чарназём, дзе і прыўкраснае, і пачварнае буяе, бы ў тых джунглях. А Беларусь хутчэй тарфянік, дзе нават пажары бываюць найчасьцей падземныя, то бок амаль нябачныя для неабазнаных. Але калі потым такі пажар выбухае, то згасіць яго ўжо немажліва.

— Што вы б хацелі пажадаць беларусам?

— Нічога ня бойцеся! Украінцы не пабаяліся, выйшлі на Майдан. Ясная справа, ніякіх істотных зьменаў ня варта чакаць ані праз месяц, ані праз год, ані праз пяць-шэсьць. Гэта найперш стратэгічная пэрспэктыва. Галоўны плён Майдану — стварэньне грамадзянскай супольнасьці, адчуваньне сябе нацыяй і адыход ад «саўка». Гэта калі людзі разумеюць, што, акрамя іх, ніхто ня стане даглядаць родную зямлю і дбаць пра свой край. А іншай зямлі і іншага краю і ў нас, беларусаў, таксама няма, праўду я кажу ці не?

Іна Кардаш, для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG