Дзесяціклясьнік стаўпецкай сярэдняй школы №2 Вадзім М., які напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў, адмаўляецца даваць паказаньні. Пра гэта паведаміў пракурор Менскай вобласьці Алег Лаўрухін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнік у Стоўпцах забіў нажом настаўніцу і падлетка. Два вучні ў рэанімацыіАлег Лаўрухін таксама выказаўся аб прычынах гучнага забойства ў школе Стоўпцаў.
«Падлетак затрыманы, але ён яшчэ не дае тлумачэньняў свайму ўчынку. Таму заклікаем і мэдыя пакуль не нагнятаць сытуацыю, не гадаць, чаму гэта адбылося. Прызначаная экспэртыза, Сьледчым камітэтам вядзецца сьледзтва, справа знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы», — сказаў Алег Лаўрухін на прэсавай канфэрэнцыі ў Менскай абласной пракуратуры.
Паводле Алега Лаўрухіна, пракуратура вобласьці будзе ажыцьцяўляць пільны кантроль за захаваньнем законнасьці пры расьсьледаваньні справы.
«На жаль, бяда прыйшла адтуль, адкуль не чакалі. Сям’я была на добрым рахунку і не патрабавала нейкага асаблівага нагляду з боку адпаведных органаў, гэты хлопец таксама характарызаваўся добра, у тым ліку карыстаўся павагай у школе. Але нешта адбылося. Што — трэба высьвятляць», — сказаў пракурор Менскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваячка стаўпецкага нападніка расказала пра ягоную сям'юПавялічваць захады бясьпекі ў школах ня трэба, — пракурор
Паводле Алега Лаўрухіна, няма патрэбы павялічваць захады бясьпекі ў школах вобласьці, бо «на 100 адсоткаў ніякія тэхнічныя сродкі не дапамогуць». Пракурор вобласьці мяркуе, што школа ў Стоўпцах, дзе адбылася трагедыя, добра ахоўвалася.
«Там было відэаназіраньне, працаваў пункт аховы, агароджа — усё як мае быць. Але ня ў гэтым, магчыма, справа. Перш за ўсё трэба думаць пра выхаваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра стаўпецкую трагедыю: «Вінаватыя ўсе»Таксама Алег Лаўрухін мяркуе, што павелічэньне захадаў бясьпекі ў школах запатрабуе значнага павелічэньня фінансавых тратаў, што зьяўляецца праблемай.
Паводле статыстыкі, якой валодаюць у пракуратуры Менскай вобласьці, надзвычайных здарэньняў у школах вобласьці летась не адбывалася. Агульная падлеткавая злачыннасьць, паводле Алега Лаўрухіна, летась зьнізілася, але больш стала цяжкіх злачынстваў, якія ўчынілі непаўналетнія жыхары Менскай вобласьці.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.