Двайное забойства ў стаўпецкай школе камэнтуе генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які служыў у органах унутраных спраў за савецкім часам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнік у Стоўпцах забіў нажом настаўніцу і падлетка. Два вучні ў рэанімацыіМечыслаў Грыб у камэнтары Свабодзе згадаў, што дробныя правіны дзяцей у дачыненьні настаўнікаў былі і раней. Дзеці маглі іголкі ці кнопкі на крэсла падкласьці, нейкія сьмярдзючыя рэчы прынесьці ў школу. Але падобных выпадкаў узброенай агрэсіі супраць настаўнікаў за час сваёй працы ў міліцыі ён ня памятае.
«Магчыма, пра такое замоўчвалі ў краінах былога СССР. Але ў БССР узброеных нападаў на настаўнікаў дакладна не было», — кажа Грыб.
На ягоную думку, справа гэтая тычыцца ня толькі органаў унутраных спраў, а найперш супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі, пэдагогаў, псыхолягаў, іх працы са школьнікамі і бацькамі.
«У нас больш размоваў, чым працы. У школах ідуць пастаянныя рэформы, штогод праграмы мяняюць, падручнікі перарабляюць, пляны і справаздачы пішуць... А каб да дзіцяці дайсьці, зазірнуць яму ў душу — у пэдагогаў няма часу. Ёсьць жа ў школах псыхолягі — чым яны займаюцца? Псыхолягі і пэдагогі недапрацавалі, недасачылі.
І да аховы шмат пытаньняў: як хлопец пранёс у школу нож? Быццам ахову паўсюль узмацнілі, але сядзяць на вахце дзядкі і нічога ня робяць. Як дзіця пранесла немаленькі нож?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыіМечыслаў Грыб кажа, што яму цяжка патлумачыць, адкуль у хлопца ўзялася такая агрэсія, але гэта, безумоўна, вялікая трагедыя.
«Крыўдна, што мірная, спакойная Беларусь становіцца аб’ектам крымінальных навінаў усясьветных СМІ», — заявіў Мечыслаў Грыб.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.