На будаўнічай пляцоўцы ў цэнтры Берасьця знайшлі парэшткі дзясяткаў людзей, забітых нацыстамі падчас Другой усясьветнай вайны. Цяпер пошукавы батальён займаецца раскопкамі, а ў інтэрнэце зьявілася пэтыцыя, каб будаваць на гэтым месцы забаранілі.
На рагу вуліцы Куйбышава і праспэкту Машэрава ў Берасьці пачалося ўзьвядзеньне жылога комплексу «Прыбускі квартал». Тут і адкапаў экскаватар парэшткі — спачатку чатырох чалавек, на глыбіні прыблізна 1,5 мэтра.
Пасьля гэтага працы прыпынілі, выклікалі адмыслоўцаў пошукавага батальёну Мінабароны, якія цяпер вядуць там раскопкі. Лік знойдзеных парэшткаў ідзе на дзясяткі.
У гады вайны тут было гета і расстрэльвалі габрэяў. Непадалёк — помнік памяці 34 тысяч ахвяраў Берасьцейскага гета.
Чыноўнікі ня раіліся з аб’яднаньнем габрэяў, што рабіць з парэшткамі
Старшыня Берасьцейскага гарадзкога габрэйскага грамадзкага аб’яднаньня «Брыск» Рэгіна Сіманенка сказала Свабодзе, што ўлады нічога не паведамілі аб’яднаньню пра знаходку на месцы будоўлі.
«Гэта ўсё проста непрыстойна. Колькі гэтыя косьці ўжо можна цягаць туды-сюды? У габрэйскай традыцыі нельга пераносіць косткі, чалавек павінен на тым самым месцы быць пахаваны. Калі вы ня хочаце яе прытрымлівацца, то закапайце дзе хочаце, і ня трэба з гэтага рабіць нейкія патэтычныя падзеі. Я лічу, што Берасьце не на самым лепшым месцы знаходзіцца ў адносінах да габрэйскай тэмы», — сказала яна.
«Не дапусьціць чарговага акту непавагі да ахвяраў генацыду»
Мастацтвазнаўца ў галіне архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця мяркуе, што варта забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак. Яна стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам.
«Важна спыніць якую-кольвек забудову гэтай тэрыторыі зь дзьвюх прычын: першая — невядома, колькі яшчэ таямніц хаваецца побач, і другое — павага да памерлых.
Адно з самых страшных пракляцьцяў у габрэяў гучыць так: „Хай зямля выкіне твае косткі“. Нельга дапусьціць, каб ужо новае пакаленьне ўчыніла зло, якое дапусьцілі нашы продкі ў 1842 годзе, пры пабудове крэпасьці. Тады былі спаганеныя 500-гадовыя габрэйскія могілкі, косьці памерлых выкапаныя з магіл і перапахаваныя на новых могілках, — гаворыцца ў пэтыцыі. — У 1950–1970-х гадах новыя габрэйскія могілкі таксама былі апаганеныя, на іх месцы пабудаваны стадыён „Лякаматыў“. Мы прапануем не дапусьціць чарговага акту вандалізму і непавагі да ахвяраў генацыду».
Замест будаўніцтва дому на месцы расстрэлаў Лаўроўская прапануе «стварыць мэмарыяльны парк (сквэр) у памяць аб 30 тысячах берасцейцаў габрэйскай нацыянальнасьці».
Мастацтвазнаўца памятае, як яшчэ за савецкім часам знаходзілі пахаваньні расстраляных габрэяў.
«Прайшло столькі гадоў, і аказалася, што дзяржава не парупілася, каб дасьледаваць гэтую тэрыторыю на прадмет маштабу гэтай трагедыі. Гэтую тэрыторыю трэба пакінуць у спакоі. Калі мы не перастанем адносіцца да парэштак людзей як да сьмецьця, то ўвесь час будзем вакол гэтага хадзіць», — лічыць спадарыня Лаўроўская.
На месцы знаходкі парэштак людзей будуецца жылы комплекс прэміюм-клясы «Прыбускі квартал». Яго ўзводзіць аднайменнае ААТ паводле інвэстыцыйнай дамовы з аблвыканкамам. Дом мае паўстаць у 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я і цяпер сьню вайну». Вусьцішная гісторыя Клары Альтшулер, якая перажыла Галакост