Брытанскі парлямэнт апублікаваў у сераду больш за 200 старонак унутраных дакумэнтаў кампаніі Facebook. Зь іх вынікае, што ў 2012 годзе кіраўнік карпарацыі Марк Цукербэрг выказваў упэўненасьць у тым, што ні пры якіх абставінах не сутыкнецца з уцечкай дадзеных карыстальнікаў ад аднаго распрацоўніка да іншага. Праз тры гады дадзеныя 87 мільёнаў акаўнтаў незаконна апынуліся ў распараджэньні кампаніі Cambridge Analytica. Пра гэта паведамляе Reuters.
З дакумэнтаў Facebook вынікае цэлы шэраг іншых высноваў.
Як высьветлілася, абмяжоўваючы доступ стваральнікаў аплікацый да базы дадзеных карыстальнікаў, карпарацыя зрабіла выключэньне для буйных кампаній, такіх як Netflix, Airbnb, Lyft і Badoo.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook абвінавацілі ў замове крытычных артыкулаў супраць канкурэнтаўАкрамя таго, кіраўніцтва Facebook абмяркоўвала пытаньне пра тое, як схаваць ад карыстальнікаў збор дадзеных аб іх званках і паведамленьнях. Справа ў тым, што апэрацыйная сыстэма павінна была б папярэджваць карыстальнікаў аб падобных намерах Facebook. Кампаніі, праўдападобна, атрымалася абыйсьці гэтую праблему: многія карыстальнікі сутыкаюцца з мэтавай рэклямай, якая зьяўляецца наўпроставым сьледзтвам сачэньня за іх актыўнасьцю ў сацсетцы.
Нарэшце, Facebook актыўна змагаўся з канкурэнтамі. Як вынікае з унутранай перапіскі, у студзені 2013 году Facebook адключыў сэрвіс Vine ад службы пошуку «сяброў», каб не даць яму эксплёатаваць рэсурсы сацсеткі. Гэта адбылося пасьля таго, як сэрвіс быў запушчаны ў Twitter. Цукербэрг асабіста ўхваліў гэтае рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія наклала на Facebook рэкордны штраф за уцечку дадзеныхУ канцы лістапада брытанскія заканадаўцы атрымалі доступ да ўнутраных дакумэнтаў Facebook ад амэрыканскага прадпрымальніка Тэда Крамэра з кампаніі Six4Three, якая вядзе судовую цяжбу з Facebook. Тады ж у брытанскім парлямэнце прайшлі слуханьні, падчас якіх кампанія Facebook распавяла дэпутатам аб мерах, накіраваных на павышэньне бясьпекі сацсеткі, барацьбу з дэзінфармацыяй і ілжывымі навінамі. Цукербэрг адмовіўся зьявіцца на паседжаньне і адправіў замест сябе віцэ-прэзыдэнта па стратэгіі Рычарда Алана.
Больш падрабязна – у расьсьледаваньні журналістаў рускай службы Свабоды.