Facebook замаўляў публікацыі пра недахопы іншых IT- гігантаў, каб адцягнуць увагу ад уласных памылак — такіх, напрыклад, як кампаніі расейскіх троляў і супрацоўніцтва з Cambridge Analytica. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні The New York Times.
У той час, калі публічна Марк Цукербэрг пераконваў, што Facebook працуе над выпраўленьнем сваіх памылак, ягоныя супрацоўнікі замаўлялі кансалтынгавай кампаніі Definers нэгатыўныя артыкулы пра Google і Apple. Артыкулы выходзілі на сайце NTK Network, на які потым спасылаліся буйныя выданьні.
Так Apple закідалася, што кампанія зьбірае залішнюю інфармацыю пра карыстальнікаў, Google крытыкавалі за падтрымку рэклямы сэкс-паслугаў у інтэрнэце. Усяго на NTK Network выйшла некалькі дзясяткаў артыкулаў.
Facebook адпрэчвае абвінавачваньні ў замове крытычных артыкулаў супраць канкурэнтаў і заявіў аб спыненьні супрацоўніцтва з Definers. Крыніца The New York Times сьцьвярджае, што кіраўніцтва Facebook, у тым ліку Марк Цукербэрг, ня ведала пра публікацыі.