У Францыі бацькам могуць забараніць біць і зьневажаць дзяцей

l

Парлямэнт Францыі прыняў у першым чытаньні законапраект, які забараняе бацькам біць і зьневажаць дзяцей, паколькі гвалт і запалохваньне маюць катастрафічныя наступствы для дзіцяці, паведамляе BBC.

Законапраект аб цялесных пакараньнях або прыніжэньнях накіраваны на забесьпячэньне таго, каб бацькоўскія паўнамоцтвы ажыцьцяўляліся бяз гвалту. Цяпер ён накіруецца ў Сэнат.

Па дадзеных удзельнікаў кампаніі, каля 85% францускіх бацькоў ужываюць цялесныя пакараньні.

Згодна з праектам закона, у Грамадзянскі кодэкс унясуць папраўку, якую будуць зачытваць пры рэгістрацыі шлюбу: «Бацькі павінны падтрымліваць свой аўтарытэт без прымяненьня фізычнага ці псыхалягічнага гвалту».

Адзначаецца, законапраект прапануе забараніць і такія «звычайныя выхаваўчыя гвалтоўныя дзеяньні», як крык, аплявухі або тузаніна дзяцей за валасы.

Францыя з шматгадовым спазьненьнем прыводзіць сваё заканадаўства ў гэтай сфэры ў адпаведнасьць з эўрапейскімі нормамі. У Нямеччыне бацькам і настаўнікам з 2000 года забаронена цялесна караць дзяцей пад пагрозай крымінальнай адказнасьці. У Швэцыі аналягічны закон дзейнічае з 1979 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі стартуе міжнародная кампанія ААН па барацьбе з гвалтам

Раней чатыры члена адной сям’і былі арыштаваныя пасьля таго, як дзевяцігадовы хлопчык быў зьбіты да сьмерці ва ўсходнім горадзе Мюлуз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зь беларускіх кіраўнікоў біў сваіх дзяцей

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я магу цябе забіць, і ніхто мяне ня спыніць». Што зьмяніла адмена закону аб хатнім гвалце ў Расеі

Сёлета ў ліпені МУС апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Новы закон плянавалі прыняць у 2019 годзе. Свае прапановы, якія былі ў канцэпцыі закону, МУС зьбіраецца прапрацоўваць у рамках карэктаваньня заканадаўчых актаў, якія ўжо дзейнічаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»