Госьць «Інтэрвію тыдня» — сябра Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце Беларусі, эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён лічыць, што асноўная праблема беларускай эканомікі — неэфэктыўны дзяржаўны сэктар, задаецца пытаньнем, навошта падтрымліваць зь бюджэту вытворчасьць трыкатажных ручнікоў, і заяўляе што новыя, маладыя твары ва ўрадзе робяць старыя памылкі.
Я думаю, Румасу ня трэба канкураваць у папулізьме з Лукашэнкам
— Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў атрымалі праграму абноўленага ўраду на 2019–2020 гады за подпісам прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. Яе аб’ём — 46 старонак, на якіх выкладзеныя мэты і задачы ўраду. Калі Лукашэнка прызначыў новы ўрад 18 жніўня, то палітычна актыўная супольнасьць вельмі горача абмяркоўвала пытаньне, ці будзе гэты ўрад «рэфармісцкім», ці магчыма гэта ў існуючай палітычнай сыстэме? Праект, які цяпер прадставіў урад — ці дае ён адказ на гэтае пытаньне?
— Каб правесьці тэст гэтай праграмы, трэба проста адказаць на шэраг пытаньняў, якія скажуць, ці гэта будзе праграма-імітацыя, ці гэта будзе праграма нейкіх рэальных дзеяньняў дзеля будаўніцтва рынкавай эканомікі, лібэралізацыі, стварэньня народнай эканомікі, а не намэнклятурнай.
Напрыклад, ці будзе пашырацца прыватны сэктар эканомікі. ці будзе дзяржава займаць столькі ж месца, як сёньня? І мы бачым у праграме, што падатковы цяжар будзе складаць 26 працэнтаў ВУП. Гэта бяз тых плацяжоў, якія ідуць у фонд сацыяльнай абароны, іншых плацяжоў, якія складаюць 43–45 працэнтаў ВУП. Мы ня бачым, каб дзяржава зразумела, што з такім цяжарам дзяржаўных выдаткаў нешта можна зрабіць.
У праграме няма слова «прыватызацыя» — гэтага слова ўрад Румаса баіцца, як і ягоныя папярэднікі. Ня будзе ліквідаваны канфлікт інтарэсаў у органах дзяржаўнага кіраваньня — больш за тое, рэчы, якія адбываюцца на рынку алькаголю, сьведчаць, што працягваюцца кепскія практыкі дзяржаўнага кіраваньня.
Мы бачым у праекце добрыя дэклярацыі — разьвіцьцё ПВТ, прадпрымальніцтва. Але канкрэтных дзеяньняў, якія б даказалі, што ў 2020 годзе ў нас будзе крыху лепшая і больш рынкавая эканоміка, — няма.
Але навошта падтрымліваць вытворчасьць трыкатажных ручнікоў — для мяне гэта моцная загадка
— Румас нават склікаў нараду 23 кастрычніка ў сувязі з тым, што за верасень рэальны заробак атрымаўся на 23,9 рубля меншы, чым месяц таму. Гэта кажа пра тое, што ўрад вымушаны больш клапаціцца не пра рэформы і пераўтварэньні, а менавіта пра заробак, бо задачу ягонага падвышэньня паставіў Аляксандар Лукашэнка.
— Я думаю, што Румасу ня трэба канкураваць у папулізьме з Лукашэнкам, у яго зусім іншая функцыя. З майго гледзішча, яму трэба было б склікаць нараду па пытаньні, як трацяць грошы мясцовыя ўлады, дзяржаўныя прадпрыемствы. І тут сумы — мільярды даляраў, якія выкарыстоўваюцца нахабна і дрэнна.
Нарада — гэта тое, што да Румаса рабіў і Кабякоў, Мясьніковіч. Спроба падкласьці саломку, каб Лукашэнка сказаў — «добры ўрад».
А на самой справе ў праграме ўраду, замест таго каб рабіць інстытуцыі разьвіцьця і хуткага росту — мы бачым пералік тых намэнклятурных фаварытаў, якія будуць надалей атрымліваць грошы зь бюджэту. «Нафтан» і «Азот» — гэта буйныя прадпрыемствы, няхай там дзяржава грошы дае. Але навошта падтрымліваць вытворчасьць трыкатажных ручнікоў, для мяне гэта моцная загадка. І гэта сьведчыць, што зноў нічога ня зьменіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая аб праграме Румаса: «Гэта не праграма, а ідэі і лёзунгі»— На вашую думку, чаму ўрад Румаса так робіць? Гэта адпавядае падыходам саміх новых міністраў — ці проста кіраўнік дзяржавы і ягоная адміністрацыя паставілі ўрад у такія рамкі, за якія яны ня могуць выйсьці?
— Калі прэм’ер-міністар будзе спасылацца на кіраўніцу Адміністрацыі Качанаву, ці на Раду Бясьпекі, на кіраўніка МУС, КДБ, каго заўгодна — гэта ўжо ня будзе прэм’ер-міністар. Сам Лукашэнка казаў, што ўрад бярэ адказнасьць за эканоміку. Трэба ні на кога не азірацца, а наводзіць парадак перш за ўсё ў дзяржаўным сэктары, менавіта ён — крыніца небясьпекі, дысбалянсаў, даўгоў, ён цягне ўсю эканоміку ўніз. Калі ўрад зноў думае, як узяць крэдыты, і ня думае, як разбурыць тую сыстэму з канфліктамі інтарэсаў, якая даводзіць да карупцыі, — тады якая розьніца, хто ва ўрадзе?
Урад павінен паводзіць сабе, як Нацбанк. Як лекар, якому прывезьлі цяжкахворага і без ампутацыі не абыдзесься
— Цяперашні склад ураду быў прызначаны 18 жніўня, за два зь лішкам месяцы можна даваць ацэнкі першым крокам. Што б вы адзначылі станоўчага ці адмоўнага?
— Не вырашаюцца прынцыповыя пытаньні, якія ставіць бізнэс-супольнасьць. Бізнэс-супольнасьць рыхтуе 12 гадоў запар і прадстаўляе Нацыянальную плятформу бізнэсу. Галоўнае пытаньне там — дэкрыміналізацыя эканамічнай дзейнасьці. Мы ня ведаем стаўленьня ўраду да гэтага і да выдаленьня з Крымінальнага кодэксу артыкула аб ілжэпрадпрымальніцтве. Пакуль аніводнае пытаньне, якое ставіць бізнэс, не разгледжанае, і мы ня чулі стаўленьня Румаса да гэтых тэмаў.
Таму ў бізнэсу пакуль няма падставы давяраць новаму ўраду. Магчыма, гэта чарговы перадвыбарчы ўрад, міністры якога праседзяць на сваім месцы два гады, каб потым апынуцца ў нейкім расейскім банку.
— На вашую думку, гэты перадвыбарчы аспэкт уплывае на «сьмеласьць» ураду, калі Лукашэнка адназначна вызначыў прыярытэты — заробак, а ня нейкія абстрактныя перамены? І не выходзіць за рамкі, вызначаныя ранейшымі рашэньнямі, напрыклад, Усебеларускімі зьездамі?
— На самой справе ў гэтых дакумэнтах шмат таго, што можна было б выкарыстоўваць на падтрымку рэформаў. Напрыклад, Нацбанк здолеў пераканаць Лукашэнку, што высокая інфляцыя — гэта кепска для эканомікі, і апошнія тры гады праводзіць збалянсаваную манэтарную палітыку. Менавіта такі падыход павінен быць ва ўраду Румаса. А яны нічога ня робяць! Мы ня можам разьлічваць на разьвіцьцё прадпрымальніцтва, калі 80 працэнтаў рэсурсаў знаходзіцца ў руках дзяржавы. Нейкія перамены адбываюцца ў гета, у маленькіх рынкавых нішах, якія прынцыпова не ўплываюць на разьвіцьцё эканомікі.
Урад павінен паводзіць сабе, як Нацбанк, як тэхнакратычны орган, які робіць тое, што патрэбна. Як лекар, якому прывезьлі цяжкахворага і без ампутацыі не абыдзесься.
Праз два гады такой эканамічнай палітыкі Расея скажа: «Беларусь — банкрут»
— Прыхільнікі статус-кво могуць сказаць, што падзеньне скончылася, апошні год ВУП расьце, даходы насельніцтва растуць. Цана на нафту павялічваецца, зноў беларускі экспарт у Расею вырасьце — ня трэба нічога радыкальна мяняць.
— ВУП расьце, але пры гэтым 27 працэнтаў выручкі ідзе на выплату крэдытаў, падае рэнтабэльнасьць, на 30 працэнтаў менш чыстага прыбытку, неплацяжы растуць, і дзяржава толькі перакладвае з адной кішэні ў іншую. Праз два гады такой эканамічнай палітыкі Расея скажа: «Беларусь — банкрут». Далей — альбо дэфолт, альбо саюзная дзяржава. І Лукашэнка гэта адчувае і хацеў бы праводзіць незалежную эканамічную палітыку. Не даводзіць да сытуацыі, калі Расея скажа — у вас 4 мільярды даўгоў, прадавайце нам Белпалівагаз разам зь Беларуськаліем.
Так што альбо мы робім самастойную дзяржаву, шматвэктарны гандаль, альбо падтрымліваем вытворчасьць ручнікоў, якая не павінна нічога мець з падтрымкай дзяржавы. І таму, калі мы бачым маладыя твары ва ўрадзе — трэба, каб яны дзейнічалі па-сучаснаму, а не паўтаралі тыя памылкі, якія рабілі іхнія папярэднікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскі горад Магілёў» і расейскія грошы— Днямі зноў была падвышаная пэнсія, на 5 адсоткаў. Пакуль незалежныя эканамісты крычаць пра крызіс, пэнсіі падвышаюцца ўжо другі раз за некалькі месяцаў. Адкуль грошы?
— На самой справе ў пэнсіянэраў ужо забралі гэтыя 5 працэнтаў, бо інфляцыя па тых прадуктах і паслугах, якія яны спажываюць, значна большая. Таму гэта такая кампэнсацыя задняй датай. Сапраўды, няма крыніцаў, каб бюджэт мог дазволіць сабе такія рэчы. Гэта праяданьне будучыні, стымуляваньне ўнутранага рынку.
Сусьветная эканоміка сёлета будзе мець рост прыблізна 3,8 адсотка, і гэта больш, чым у Беларусі. Калі Беларусь будзе расьці такімі анабалічнымі сродкамі, тады ў 2019–20 годзе, у эпіцэнтры палітычных кампаніяў, мы будзем мець тое, што мелі ў 2015 годзе — яшчэ адзін сацыяльны крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры мільёны даляраў стратаў для інвэстара. У Менску зносяць аб’ект, які ўлады палічылі незаконным