Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі працы займаюць 9 месяцаў. І яшчэ 9 фактаў пра беспрацоўе ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тыповы беларускі беспрацоўны — жанаты мужчына пад 39 гадоў з прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй, які жыве ў горадзе і наўрад ці зьвернецца на біржу працы.

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў статыстычны зборнік аб працы і занятасьці ў Беларусі (PDF). Свабода выбрала адтуль 10 цікавых фактаў пра беспрацоўе.

  • У Беларусі ў 2017 годзе было 293,4 тысячы беспрацоўных — не «афіцыйна зарэгістраваных» (якіх 22,9 тысячы), а рэальна працаздольных людзей бяз працы. Гэта 5,6% працоўнай сілы краіны (гэтым летам Белстат заяўляў таксама пра «фактычнае беспрацоўе» на ўзроўні 4,7% на другі квартал 2018-га, «фактычнымі беспрацоўнымі» назвалі 239,1 тысячы чалавек).
  • З 2016 году па 2017-ы стала на 8300 беспрацоўных меней. Але за той жа час працоўнай сілы стала меней на 52,1 тысячы чалавек, а насельніцтва Беларусі вырасла на 6,3 тысячы чалавек. На 2017 год занятыя былі 4,353 млн чалавек. З 2010 году ў Беларус паменела на 350 тысяч людзей, занятых у эканоміцы — за 7 гадоў стала на 6% менш працоўных рэсурсаў.
  • У працоўную сілу не ўключаюцца некаторыя людзі ва ўзросьце 15–74 гадоў: больш за палову выключаных — гэта тыя, хто выйшаў на пэнсію ці ў адстаўку, чвэрць — навучэнцы дзённай формы (але ёсьць 6,6 тысячы студэнтаў дзённай формы, якія лічацца беспрацоўнымі), яшчэ 8,8% выключаныя па стане здароўя, а 4,1% — бо вядуць хатнюю гаспадарку.
  • Беспрацоўных мужчын амаль удвая больш за беспрацоўных жанчын: 189,1 тысячы і 104 тысячы адпаведна.
  • Паводле Белстату, асноўная колькасьць беспрацоўных жыве ў гарадах: 234,4 тысячы чалавек. На сяле беспрацоўнымі лічацца толькі 59 тысяч чалавек.
  • Сярэдні ўзрост беларускага беспрацоўнага — 38,6 года (38 у жанчын, 38,9 у мужчын). У ліку беспрацоўных 4% ва ўзросьце ад 15 да 19 гадоў і 5,3% ва ўзросьце 60–74 гады. Між астатнімі ўзростамі разьмеркаваньне беспрацоўных прыблізна роўнае.
  • Амаль палова беспрацоўных жанатыя — 47,8% (з усіх беспрацоўных у шлюбе 44,1% мужчынаў і 54,4% жанчынаў). Разьведзеныя зь беспрацоўных 16,4%, удаўцы і ўдовы — 2,5%, ніколі не былі ў шлюбе — 33,4%.
  • Зь ліку беларускіх беспрацоўных 17,2% маюць вышэйшую адукацыю. У ліку беспрацоўных 25,3% жанчын і 12,7% мужчын маюць «вышку». З усіх беларусаў, хто мае такую адукацыю, 3,2% ня маюць працы. Больш за палову беспрацоўных — зь сярэдняй спэцыяльнай і прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй, чвэрць — з агульнай сярэдняй.
  • Сярэдні час пошуку працы ў Беларусі — 8,9 месяца (9,1 месяца для мужчын і 8,5 для жанчын). Чвэрць беспрацоўных шукае працу год і больш, толькі 12,6% знаходзяць працу хутчэй як за месяц.
  • Беспрацоўныя шукаюць працу праз інтэрнэт і СМІ (64,2%), празь сяброў і родзічаў (53,6%). Больш за чвэрць беспрацоўных (27,7%) зьвяртаюцца наўпрост да патэнцыйнага працадаўцы: ці ёсьць праца? Толькі 18,6% беспрацоўных зьвяртаюцца ў службу занятасьці — і падобна, што зь іх рэгіструюць «афіцыйнымі беспрацоўнымі» толькі палову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG