29 кастрычніка ў Стамбуле адбудзецца цырымонія адкрыцьця новага аэрапорту, які мае стаць найбуйнейшым у сьвеце. Гэта дазволіць павялічыць частату рэйсаў Менск — Стамбул зь пяці да сямі на тыдзень, паведаміла амбасадарка Турэччыны ў Беларусі Кезбан Нілвана Дарама.
Паводле дыпляматкі, новай паветранай гаваньню цягам аднаго году змогуць карыстацца да 200 мільёнаў пасажыраў.
Стамбул — адзін з асноўных авіяхабаў пры палётах з Эўропы ў іншыя часткі сьвету і наадварот. Летась аэрапорт імя Атацюрка стаў пятым па загружанасьці ў Эўропе, саступаючы толькі паветраным гаваням Лёндану, Парыжу, Франкфурту і Амстэрдаму.
Турэччына — самы папулярны кірунак беларусаў
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась Турэччына стала самай прывабнай краінай для беларускіх турыстаў. Там пабывала 140 тысяч беларусаў. На другім месцы — Эгіпет, які наведалі 123 тысячы.