Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскі горад Магілёў» і расейскія грошы


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Магілёў, 12 кастрычніка 2018
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Магілёў, 12 кастрычніка 2018

Якія вынікі сэрыі апошніх беларуска-расейскіх сустрэчаў на найвышэйшым узроўні? Хто выйграў, а хто прайграў? Што азначаюць заявы Лукашэнкі пра «расейскія гарады Магілёў і Віцебск»? Ці існуюць у Расеі сур’ёзныя пляны абʼяднаньня зь Беларусьсю?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Беларускі партызан» Сьвятлана Калінкіна і расейскі палітоляг, выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш.

Дракахруст: Якія вынікі сэрыі апошніх сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна: двойчы ў Сочы, у Душанбэ, на гэтым тыдні — у Магілёве? За дзень да магілёўскага форуму было падпісанае пагадненьне наконт нафты і нафтапрадуктаў, літаральна на пачатку форуму прыйшоў доўгачаканы транш на 200 мільёнаў крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Дык як вырашылі — калі вырашылі — вострыя пытаньні двухбаковых адносінаў? Хто выйграў, хто прайграў? Калі дасягнуты кампраміс, то ў чым ён палягае?

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

Калінкіна: Вельмі шмат пытаньняў, але адказаў, на жаль, няшмат. Усе гэтыя сустрэчы — і ў Сочы, і ў Душанбэ, і ў Магілёве — дэманстравалі добрыя стасункі і сяброўства. Але нічога больш канкрэтнага.

Пасьля сустрэчы ў Сочы Лукашэнка даў вялікае інтэрвію, але зь яго вынікала, што там не абмяркоўвалі нічога — нафту не абмяркоўвалі, новага пасла не абмяркоўвалі. Гаварылі пра вясельле аўстрыйскай міністаркі, на якое заехаў Пуцін, гаварылі пра надворʼе.

На мой погляд, галоўныя тэмы, якія насамрэч абмяркоўвалі прэзыдэнты, яшчэ не агучаныя.

Відавочна, што Лукашэнку патрэбныя грошы. З МВФ не атрымалася. У наступным годзе 3,5 мільярды даляраў Беларусь павінна выплаціць па крэдытах. Эканамісты кажуць пра пагрозу дэфолту, калі мы ня знойдзем грошай. Ну а што трэба Пуціну, можна толькі здагадвацца.

Коктыш: І ў Сочы, і ў Магілёве абмяркоўвалася новая схема эканамічных стасункаў, якая вынікае з таго, што Расея робіць падатковы манэўр у нафтавай галіне. Беларусь можа страціць сваю долю нафтавага мыта, а гэта вялікія грошы.

Схема выпрацаваная, грошы пайшлі, пагадненьне падпісанае. Хто тут выйграў, а хто прайграў — цяжка казаць. Пытаньне і не стаяла так, каб зьдзейсьніць нейкі прарыў. Пытаньне было, як перафармуляваць у новых абставінах тыя патокі рэсурсаў і грошай, якія цыркулююць паміж Беларусьсю і Расеяй.

Ці кампэнсуе Расея Беларусі свой падатковы манэўр?

Дракахруст: Кірыл, вы сказалі пра падатковы манэўр. Але ён расьцягнуты на 6 гадоў. У наступным годзе яго эфэкт для Беларусі будзе не такі і значны. Аднак паводле пагадненьня, якое падпісалі прадстаўнікі ўрадаў на гэтым тыдні, пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі спыняюцца ўжо зараз. Гэта, паводле маіх падлікаў, страты для Беларусі недзе парадку 100-150 мільёнаў даляраў на год. Ці будзе гэтая страта калі-небудзь кампэнсаваная?

Коктыш: З прычыны падатковага манэўру даходы Беларусі ад нафты будуць зьніжацца. І пытаньне ў тым, як яны будуць кампэнсаваныя. Мы, на жаль, ня ведаем, якія схемы будуць ужывацца.

Дракахруст: Было паведамленьне, што перамовы аб кампэнсацыі за падатковы манэўр пачынаюцца толькі цяпер. Ці ёсьць пэрспэктыва, што расейцы проста зь бюджэту дадуць гэтую кампэнсацыю, маўляў, яны так любяць Беларусь зь яе «расейскімі гарадамі», што гатовыя заплаціць гэтую кампэнсацыю?

Калінкіна: Прыблізна за гэта беларусы і бʼюцца. Але мне падаецца, што часы зьмяніліся і Расея ня можа проста так плаціць за сяброўства і добрыя стасункі, і за цёплы прыём Пуціна ў беларускім горадзе Магілёве, які падчас яго візыту называюць «расейскім». Я мяркую, што вынік пагадненьня наконт нафтапрадуктаў — гэта трывожны званочак для беларусаў. Бо на чарзе можа быць і зьмена ўмоваў гандлю нафтай, што для нас больш істотна.

Беларусь аказалася ў падвешаным стане. Краіна ўступала ў ЭАЭС, спадзеючыся на ўнутрырасейскія цэны на энэрганосьбіты, і не атрымала гэтага. І гэта правал нашых плянаў жыць лепш, чым у Расеі.

Дракахруст: Са знакам якасьці?

Калінкіна: Так. Я думаю, што нашы таргуюцца, спрабуюць урваць што можна. Але яны разумеюць, што доўга так працягвацца не магло. І тыя шчасьлівыя часы, калі з Расеі проста валілі грошы, скончыліся.

«Мне было сорамна глядзець на Аляксандра Лукашэнку»

Дракахруст: Многіх уразілі заявы Лукашэнкі пра «расейскія гарады Магілёў і Віцебск». Што яны азначаюць? Формула «Крымнаш» прывяла да зьмены палітычнай мапы ў нашым рэгіёне. А Лукашэнка сам аддае беларускія землі саюзьніку. Навошта яму спатрэбілася гэтая заява?

Калінкіна: Калі я паглядзела тэлесюжэты з Магілёва, мне было сорамна глядзець на Аляксандра Лукашэнку. Як ён лісьліва гаварыў з Пуціным. Гэта выглядала ганебна.

Гэтыя словы прагучалі менавіта таму, што Лукашэнка вельмі хацеў дагадзіць Уладзіміру Пуціну. Мне падаецца, што Лукашэнка ў той момант проста ня думаў, якія сурʼёзныя палітычныя наступствы могуць мець яго словы.

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Коктыш: На мой погляд, гэта заяўка Аляксандра Лукашэнкі на тое, што ён быў і жадае заставацца гульцом і ў расейскай палітыцы, ня толькі ў беларускай.

Гэта не азначае, што ён прапануе гарады. Гэта заяўка на тое, што ён можа гуляць на расейскім палітычным полі. Тут ёсьць пэўная аналёгія зь яго заявай пра тое, што расейская мова — гэта нашая расейская мова. У Расеі свая расейская мова, у нас — свая, гэта таксама нашая родная мова, гэта наш скарб.

Лукашэнка апошнім часам мінімальна прысутнічае ў расейскіх СМІ. Некалі ён быў самым уплывовым замежным палітыкам у Расеі, ён меў тады сымпатыі даволі шырокага кола і ў Маскве, і ў рэгіёнах, і сярод губэрнатараў.

Ён прызвычаіўся, што гэты рэсурс у яго ёсьць. Аднак апошнімі гадамі гэты рэсурс неяк аслабеў, расьцярушыўся. І яму хочацца яго вярнуць.

І магчыма, Лукашэнка цяпер шкадуе аб тым, што сышоў з расейскай інфармацыйнай прасторы цалкам у беларускую.

Так што акрамя заяўкі на тое, што расейскае палітычнае поле — гэта і яго поле, я ў заявах пра «расейскія гарады» нічога іншага ня бачу.

Дракахруст: А якая расейская рэакцыя на гэтыя заявы? Беларуская масавая сьвядомасьць адрозная ад расейскай. У беларускай прысутнічае пэўная дваістасьць — мы і расейцы, але мы і не расейцы, мы эўрапейцы. А ў Расеі няма такой дваістасьці. Яны чытаюць, чуюць: Віцебск — расейскі горад. Ну дык трэба браць, калі беларусы самі так кажуць.

Коктыш: Не, і блізка няма нічога падобнага. Крым — гэта асобна, Украіна — гэта асобна, Беларусь — асобна. Наколькі я бачу рэакцыю і грамадзтва, і экспэртаў, ніхто гэтага не заўважыў. Чарговы камплімэнт Лукашэнкі — і гэта ўсё, што зафіксавана зь яго магілёўскіх прамоваў.

Да беларусаў стаўленьне іншае, чым да ўсіх іншых постсавецкіх дзяржаваў. Я вымушаны пагадзіцца з прэсавай сакратаркай МЗС РФ Захаравай, якая сказала, што ёсьць саюзьніцкія адносіны, а ёсьць братэрскія, як зь беларусамі. Ніякага жаданьня няма далучаць беларусаў.

БелАЭС — шкода для Расеі ці для Беларусі?

Дракахруст: Яшчэ адна цікавая заява, толькі ўжо Пуціна. Што Расея робіць сама сабе шкоду, будуючы ў Беларусі АЭС, замест таго, каб прадаваць газ. Гэта і сапраўды так? Ці гэта рэакцыя на крытыку Лукашэнкам, як будуецца станцыя, на спробы Менску зьмяніць формулу фінансаваньня будоўлі?

Калінкіна: Я думаю, гэта рэакцыя на праблемы, якія ўзьнікаюць зь БелАЭС і якія робяцца ўсё больш вострымі. Пытаньне, куды пастаўляць энэргію з гэтай АЭС, так і ня вырашанае. У Беларусі праведзеная мадэрнізацыя ўсіх ЦЭЦ. У гэта ўкладзеныя вялікія грошы.

Гэта рабілася з разьлікам, што энэргія зь БелАЭС будзе экспартавацца. І атрымліваецца каляпс. Станцыя ўжо дабудоўваецца, а куды энэргію зь яе падзець — невядома. У Расеі ўзяты крэдыт велізарны.

Зь Літвой не атрымліваецца дамовіцца, што яна пагодзіцца прапускаць нашу энэргію праз сваю тэрыторыю.

Лукашэнка аднойчы сказаў, што сам ня ведае адказу на пытаньне, на што і куды пойдзе энэргія з АЭС.

Нашы ўсё больш ціснуць на Расею, бо нешта трэба рабіць. А адказ Пуціна — вырашайце самі хоць нейкія праблемы. Мы вам далі крэдыт, мы яе будуем. Што нам яшчэ рабіць — купляць у вас энэргію са станцыі, насіць яе па сьвеце і прапаноўваць?

Коктыш: Усё, што кажа расейскі прэзыдэнт (як і беларускі) — гэта працяг канфідэнцыйных перамоваў. Кожная заява, нават кожны жарт — гэта прадуманы крок. І калі Пуцін кажа, што Расея фактычна зрабіла падарунак Беларусі — гэта намёк на тое, што нешта звыш у Расеі прасіць ня варта.

Анэксія Беларусі: рэальная пагроза ці страшылка ва ўнутрыкрамлёўскіх «разборках»?

Дракахруст: Апошнім часам у расейскіх СМІ і сацсетках даволі актыўна абмяркоўваецца тэма, што Крэмль дамагаецца ці то сыходу Лукашэнкі, ці то абʼяднаньня РФ і РБ, каб зрабіць Пуціна прэзыдэнтам супольнай дзяржавы. Ці сапраўды існуюць такія пляны, праекты? Многія зьвярнулі ўвагу на абяцаньне Лукашэнкі «раздаць 7 мільёнаў аўтаматаў» у выпадку замежнай агрэсіі, і яго запэўніваньні пасла РФ Бабіча ў непахіснасьці беларускага сувэрэнітэту. Калі сувэрэнітэту нічога не пагражае, то нашто гэтыя абяцаньні і запэўніваньні?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Коктыш: У Беларусі заўжды сурʼёзна ставяцца да любой інфармацыі, якая сыходзіць з Расеі. І калі адбываюцца такія правакацыі, то Менск рэагуе на гэта хваравіта. Ня будзе на гэта рэагаваць Лукашэнка — імгненна знойдзецца шмат беларускіх экспэртаў, якія скажуць, што Лукашэнка маўчыць, значыць, яго купіла Расея і ён ёй усё аддаў і прадаў.

Што тычыцца Масквы, то тут зразумела, што Пуцін не плянуе заставацца ў палітыцы пасьля 2024 году. Ідзе фактычна палітычная і інфармацыйная бойка паміж цэнтрамі ўплыву за наступніцтва. Гэта пачалося раней, чым плянавалася. У гэтай бойцы паміж «вежамі» Крамля ніякіх стратэгічных плянаў няма, яны падчас бойкі немагчымыя па вызначэньні. Адпаведна, не існуе і стратэгічных плянаў адносна Беларусі. Але правакацыі, імкненьне пасеяць недавер, аслабіць пазыцыі канкурэнта, безумоўна, назіраюцца.

У Беларусі на гэта рэагуюць хваравіта. У Менску прызвычаіліся, што інфармацыя ў Расеі цэнтралізаваная, што яна павінна адлюстроўваць нейкія пляны. Гэтыя стэрэатыпы цяпер перастаюць працаваць.

Але рэакцыя Лукашэнкі дазаваная. Калі б ён штодня казаў, што беларускі сувэрэнітэт пад пагрозай, то тады можна было б меркаваць, што адбываецца сапраўды нешта сурʼёзнае.

Дракахруст: Сьвятлана, а як вы ацэньваеце ступень пагрозы? Кірыл сказаў, што Лукашэнка робіць такія заявы рэдка. Гэта не зусім так. Пару месяцаў таму ён пужаў чыноўнікаў, што Беларусь могуць далучыць да іншай дзяржавы. І другое пытаньне — як вы ставіцеся да вэрсіі Кірыла, што «вежы» Крамля змагаюцца за спадчыну Пуціна, а беларуская карта для іх — нагода, інструмэнт у іх унутрырасейскай «разборцы»?

Калінкіна: Лукашэнка ведае, што ў палітыцы ні ў чым нельга быць упэўненым. Кірыл адназначна кажа, што Пуцін не застанецца ў палітыцы пасьля 2024 году. Але я ня думаю, што ў гэтым надта ўпэўнены Лукашэнка. Для яго гэта дзіка — як так, адысьці ад улады.

Рэакцыя Лукашэнкі — гэта яго страхі. А раптам Пуцін застанецца і сапраўды захоча зрабіць гэта праз саюзную дзяржаву?

Ці наадварот: Пуцін сыходзіць, а хто будзе замест яго? І ці няма плянаў пры такім сцэнары «забраць з сабой» ад улады і Лукашэнку? Ужо і ў Казахстане рыхтуецца апэрацыя «наступнік».

Гэта пытаньні, над якімі Лукашэнка ламаў галаву не адну ноч. І адназначнага адказу ён ня мае. І наагул у Беларусі пасьля ўкраінскіх падзеяў досыць сурʼёзна ставяцца да сцэнару «маленькай пераможнай вайны» як сродку выратаваньня рэйтынгу расейскай улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG