Латвія абвінаваціла Расею ў кібэратаках на ўрадавыя структуры

Расея ўчыняла кібэратакі на латвійскія міністэрствы абароны і замежных спраў і на іншыя ведамствы, заявілі прадстаўнікі спэцслужбаў Латвіі. Як паведаміла Бюро абароны канстытуцыі, у апошнія гады расейская служба вайсковай выведкі ГРУ спрабавала атрымаць доступ да інфармацыі з дапамогай фішынгавых нападаў супраць кампутарных сетак ураду Латвіі.

«Кібэратакі ў Латвіі праводзіліся ГРУ ў мэтах шпіянажу Самыя частыя напады былі накіраваны супраць дзяржаўных інстытутаў, у тым ліку ў сэктарах абароны і замежных спраў», — гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым у ведамстве адзначаюць, што нападаў з мэтай паўплываць на вынікі нядаўніх парлямэнцкіх выбараў не было.

На мінулым тыдні міністар абароны Нідэрляндаў Анк Бэйлевэлд абвясьціла, што нідэрляндзкія спэцслужбы пры падтрымцы брытанскіх калег прадухілілі хакерскую атаку чацьвярых расейцаў на Арганізацыю забароны хімічнай зброі. Сярод мэтаў хакераў былі названыя дадзеныя ў расьсьледаваньні атручваньня ў Солсбэры, а таксама пра крушэньне авіялайнэра MH17 у 2014 годзе на ўсходзе Ўкраіны.

Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла абвінавачаньні супраць сямі афіцэраў Галоўнага выведнага ўпраўленьня Генштабу РФ (былое ГРУ), якія, як мяркуецца, былі ў змове з мэтай узлому кампутараў і крадзяжу дадзеных у розных краінах сьвету.

Абвінавачаньні ў адрас вайсковай выведкі Расеі выставілі таксама Вялікая Брытанія і Канада.

У МЗС Расеі заявілі, што «заходняя шпіёнаманія набірае абароты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Insider апублікаваў сапраўднае імя Пятрова, які разам з Башыравым-Чапігам езьдзіў у Солсбэры

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН, АБСЭ і Беларусь супольна шукаюць рэцэпты ад тэрарызму ў лічбавую эпоху