Пры гэтым Трамп не пракамэнтаваў пагадненьня аб супрацоўніцтве са сьледзтвам, якое заключыў былы кіраўнік ягонага перадвыбарчага штабу.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у нядзелю, што крымінальнае расьсьледаваньне меркаваных сувязяў ягонага перадвыбарчага штабу з Расеяй, якое працягваецца, «недапушчальнае паводле закону». Пры гэтым ён не прывёў доказаў.
Трамп напісаў у «Твітэры», што расьсьледаваньне, якім кіруе спэцпрокурор Робэрт Мюлер, «незаконнае», заявіўшы, што сьледчыя «працягваюць пошукі злачынства». Аднак Мюлер быў прызначаны Міністэрствам юстыцыі, і суд пастанавіў, што гэтае расьсьледаваньне вядзецца на законных падставах.
Як ужо неаднаразова бывала, Трамп абверг наяўнасьць змовы з Расеяй, заявіўшы пры гэтым, што такая змова быў у яго апанэнткі, экс-дзяржсакратара Гілары Клінтан. Ён назваў групу юрыстаў Мюлера «17 раззлаванымі дэмакратамі, якія шукаюць усё, што могуць знайсьці».
«Вельмі несправядліва і дрэнна для краіны», — напісаў Трамп.
Пры гэтым прэзыдэнт ня стаў камэнтаваць апошні паварот падзей у 16-месячным расьсьледаваньні, якім кіруе Мюлер, калі ў пятніцу былы кіраўнік перадвыбарчага штабу Трампа Пол Манафорта прызнаў сябе вінаватым у карупцыі, а пракуроры абвясьцілі, што Манафорт ужо супрацоўнічае зь імі, дзелячыся вядомай яму інфармацыяй пра дзейнасьць штабу Трампа.
Суд у Вірджыніі ў жніўні прызнаў 69-гадовага Манафорта, шматгадовага вашынгтонскага юрыста, вінаватым паводле васьмі пунктаў абвінавачваньняў у падатковым і банкаўскім махлярстве. Ён таксама прызнаў сябе вінаватым паводле двух абвінавачваньняў у змове ў суседнім Вашынгтоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пол Манафорт прызнаны вінаватым па васьмі пунктах абвінавачаньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік штабу Трампа пагадзіўся прызнаць віну ў судзе