Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзеньні санкцый супраць любых замежных кампаній ці асоб за ўмяшаньне ў выбары ў ЗША.
Рашэньне пра санкцыі будзе прымацца на падставе высноваў выведкі.
Указ Трампа зьявіўся на фоне падрыхтоўкі выведных службаў і праваахоўных органаў да абароны прамежкавых выбараў у Кангрэс 6 лістапада ад прадказаных нападаў з-за мяжы. Пры гэтым Трамп крытыкуе расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня на выбарах 2016 года, якое вядзе спэцпракурор Робэрт Мюлер.
Пад санкцыі могуць патрапіць асобныя людзі або кампаніі, абвінавачаныя ва ўмяшаньні ў выбары ў ЗША з дапамогай кібэратакі або іншых інструмэнтаў, паведаміў Reuters амэрыканскі чыноўнік.
«Адміністрацыя хоча ўсталяваць новую норму ў кібэрпрасторы, — сказаў чыноўнік. — Гэта першы крок ва ўсталяваньні межаў і публічным абвяшчэньні нашай рэакцыі на кепскія паводзіны».
Указ стане чарговай спробай адміністрацыі Трампа прадэманстраваць жорсткі падыход да гарантаваньня выбараў напярэдадні галасаваньня ў лістападзе, падчас якога вырашыцца, ці змогуць аднапартыйцы прэзыдэнта, рэспубліканцы, захаваць большасьць у Палаце прадстаўнікоў і Сэнаце.
Як паведамляюць крыніцы Reuters, указ ускладае адказнасьць за вызначэньне факту ўмяшаньня на шэраг ведамстваў на чале з Упраўленьнем дырэктара нацыянальнай выведкі. У лік гэтых ведамстваў уваходзяць ЦРУ, Агенцтва нацыянальнай бясьпекі і міністэрства ўнутранай бясьпекі.
Любое фэдэральнае ведамства, якому стане вядома аб умяшаньні замежнікаў у хаду выбараў, павіннае паведаміць пра гэта ва Ўпраўленьне дырэктара нацыянальнай выведкі.
Указ будзе вызначаць ўмяшаньне на выбарах, як спробы хакерскіх нападаў супраць «інфраструктуры забесьпячэньня выбараў» і спробы схіліць грамадзкую думку праз скаардынаваную лічбавую прапаганду ці сыстэматычныя выцечкі закрытай палітычнай інфармацыі.
Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі прыйшлі да высновы, што падчас прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі ў 2016 годзе расейскія хакеры ўзламалі кампутарныя сыстэмы Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі і арганізавалі выцечкі канфідэнцыйнай інфармацыі.
Кангрэс быў наўмысна выключаны з працэсу падрыхтоўкі ўказу, паведаміў суразмоўца Reuters, паколькі адміністрацыя хоча апярэдзіць законапраект, прысьвечаны той жа праблеме, які разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў і Сэнаце.
Амэрыканскія парлямэнтары ўнесьлі розныя заканадаўчыя прапановы, у тым ліку «Закон аб стрымліваньні», каб вызначыць пакараньне за ўмяшаньне ў выбары, а таксама законапраект «зь пекла», як назваў яго адзін заканадаўца, які ставіць на мэце пакараць Маскву за кібэрзлачынствы і яе дзеяньні ў Сырыі, ва Ўкраіне і ў іншых месцах.