Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім Чэн Ын папрасіў аб новай сустрэчы з Трампам, Белы дом думае


Сустрэча Кім Чэн Ына і Дональда Трампа 12 чэрвеня ў Сынгапуры
Сустрэча Кім Чэн Ына і Дональда Трампа 12 чэрвеня ў Сынгапуры

«Мы хочам, каб гэта адбылося», — адзначыла прэс-сакратарка Белага дома Сара Сандэрс.

У Белым доме абмяркоўваюць магчымасьць новай сустрэчы паміж прэзыдэнтам Дональдам Трампам і лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, заявіла ў ходзе праведзенага ў панядзелак брыфінгу Сара Гакабі Сандэрс.

Паводле Сандэрс, прэзыдэнт атрымаў ад паўночнакарэйскага лідэра ліст з прапановай правесьці другую сустрэчу. Сандэрс назвала ліст «цёплым» і «пазытыўным». «Мы ня будзем публікаваць ліст цалкам, калі не атрымаем згоды з боку паўночнакарэйскага лідэра», – дадала прэс-сакратарка.

Сандэрс таксама адзначыла, што вайсковы парад, які адбыўся ў Пхэньяне ў нядзелю, стаў прыкметай прагрэсу ў перамовах аб дэнуклеарызацыі, паколькі на ім не былі прадэманстраваны ядзерныя балістычныя ракеты далёкага дзеяньня. Трамп у Twitter падзякаваў Кім Чэн Ыну за парад бязь ядзерных ракетаў.

Папярэдняя сустрэча Трампа і Кіма прайшла на саміце ў Сынгапуры 12 чэрвеня. Там паўночнакарэйскі лідэр паабяцаў, што КНДР адмовіцца ад свайго ядзернага арсэналу, але ў дасягнутым пагадненьні не было пазначана, як і калі гэта можа адбыцца. На днях Кім Чэн Ын заявіў, што ён спадзяецца правесьці дэнуклеарызацыю краіны да канца першага тэрміну Трампа ў Белым доме, гэта значыць да студзеня 2021 году.

Пасьля саміту не прайшло і дня, як Трамп абвясьціў: «Ядзернай пагрозы з боку Паўночнай Карэі больш няма».

Зрэшты, пасьля, нягледзячы на пахвалу ў адрас Кім Чэн Ына, Трамп выказаў раздражненьне ў сувязі з павольнымі тэмпамі перамоваў паміж дзьвюма краінамі. У жніўні ён адмяніў паездку дзяржсакратара Майка Пампэо ў Пхэньян для новых дыскусій.

Трамп і Кім Чэн Ын хацелі б, каб пагадненьне было дасягнута да пачатку новага раўнду перамоў. Вашынгтон хоча, каб Паўночная Карэя ўзяла канкрэтныя абавязаньні ў дэнуклеарызацыі, у той час як Пхэньян патрабуе гарантый бясьпекі ды іншых саступак перад дэмантажом свайго ядзернага арсэналу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG