Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сьцьвярджае, што колькасьць загінулых падчас леташняга ўрагану «Марыя» на Пуэрта-Рыка была завышаная дэмакратамі.
Пра гэта ён напісаў у твітэры.
Паводле кіраўніка Белага дому, ахвярамі стыхіі сталі ад 6 да 18 чалавек, а ня тры тысячы. Трамп настойвае, што інфармацыю аб вялікай колькасьці загінулых сфальсыфікавала Дэмакратычная партыя ЗША, каб выставіць яго ў дрэнным сьвятле.
У канцы жніўня ўлады Пуэрта-Рыка абвясьцілі, што колькасьць ахвяраў, зьвязаных з ураганам, дасягнула амаль трох тысяч. Гэта больш чым у 40 разоў перавышае папярэднія дадзеныя, паводле якіх загінулі 64 чалавекі. Большасьць людзей загінулі не непасрэдна ў момант удару стыхіі, а ў наступныя месяцы — ад яе наступстваў, траўмаў, голаду і хвароб.
Пуэрта-Рыка — карыбская астраўная дзяржава, якая зьяўляецца «асацыяванай з ЗША краінай». Яна не ўваходзіць у склад Злучаных Штатаў. Жыхары Пуэрта-Рыка маюць пашпарты ЗША і плацяць некаторыя віды амэрыканскіх падаткаў, але не валодаюць у поўным аб’ёме сацыяльнымі выгодамі, якія атрымліваюць іх суайчыньнікі на мацерыку.