Расейскія хакеры атрымалі доступ да дадзеных буйных кампаній, якія супрацоўнічаюць з Міністэрствам абароны ЗША. Напад зазналі амаль 90 супрацоўнікаў, якія працуюць над стварэньнем бесьпілётнікаў, ракет і зьнішчальнікаў, піша Associated Press.
Сярод цэляў атакі былі кампаніі Boeing і Airbus, а таксама мноства менш буйных фірмаў. Частка супрацоўнікаў адкрылі фальшывыя лісты хакераў. Якую менавіта інфармацыю ўдалося скрасці, невядома. Але большасьць праектаў, якімі займаліся ўзламаныя кампаніі, былі засакрэчаныя.
Паводле Associated Press, да атакі датычная групоўка Fancy Bear. Спэцслужбы ЗША абвінавачваюць яе ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары ў 2016 годзе і супрацоўніцтве з Крамлём. Масква падтрымку хакераў неаднаразова адмаўляла.
Экспэрты сьцьвярджаюць, што скрадзеныя ў сераду зьвесткі нібыта могуць дапамагчы Расеі ў распрацоўцы бесьпілётнікаў. У адной з кампаній расказалі, што пасьля нападу ім давялося перагледзець падыход да перадачы сакрэтных дадзеных.