Хакер зь Екацерынбургу Канстанцін Казлоўскі заявіў аб сваёй датычнасьці да ўзлому сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША на замову ФСБ. Пра гэта паведамляе выданьне The Bell.
Казлоўскі зьяўляецца членам хакерскай групоўкі Lurk. У Расеі яго вінавацяць ва ўзломе сыстэмаў расейскіх банкаў. Цяпер Казлоўскі знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары «Маскоўская цішыня».
The Bell адзначае, што ў жніўні Казлоўскі даў паказаньні ў Маскоўскім гарадзкім судзе. Тады ён паведаміў, што выконваў заданьні пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў ФСБ. У прыватнасьці, ён нібыта займаўся узломам сэрвэраў Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША, перапіскі кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Гілары Клінтан, а таксама атакамі на іншыя «вельмі сур’ёзныя вайсковыя прадпрыемствы ЗША і іншыя арганізацыі».
Упершыню аб сваёй датычнасьці да ўзломаў амэрыканскіх сэрвэраў Казлоўскі распавёў яшчэ ў лістападзе 2016 году. Тады ж ён паведаміў, што «даручэньні» яму даваў нейкі супрацоўнік ФСБ Ільля. Пазьней хакер растлумачыў, што гэта быў маёр ФСБ Дзьмітры Дакучаеў. Дакучаева арыштавалі ў сьнежні 2016 году. Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Паводле дадзеных The Bell, даведацца пра Дакучаева Казлоўскі мог з паведамленьняў прэсы.
Хакер з Канады прызнаўся ва ўзломе сэрвэраў Yahoo у інтарэсах ФСБ
Акрамя Дакучаева Казлоўскі згадвае супрацоўніка «Лябараторыі Касьперскага» Руслана Стаянова. Стаянаў праходзіць па адной справе з Дакучаевым і таксама знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
Апроч іншага, Казлоўскі прызнаецца, што меў дачыненьне да ўзлому сэрвэраў Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA). The Bell нагадвае, што аб хакерскім нападзе ў WADA заявілі ў верасьні 2016 году. Да таго моманту расейскі хакер ўжо некалькі месяцаў знаходзіўся пад вартай.
The Bell адзначае, што Казлоўскі хадайнічаў аб вочнай стаўцы з Дакучаевым і пісаў звароты ў ФСБ. Аднак атрымаў са спэцслужбаў адказ, што названыя зьвесткі нібыта не знайшлі пацьверджаньня. Акрамя таго, хакер спрабаваў зьвязацца з пасольствамі ЗША, Украіны і Польшчы, а таксама з офісам Amnesty International і рэдакцыяй газэты The Guardian. Сьцьвярджаецца, што ў гэтых зваротах кіраўніцтва Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Казлоўскаму адмовіла.
У справе хакерскай групоўкі Lurk супрацоўнікі МУС і ФСБ падчас сумеснай апэрацыі ў 2016 годзе затрымалі каля 50 чалавек. Паводле вэрсіі спэцслужбаў, зламысьнікі на працягу пяці гадоў выкралі з расейскіх банкаў каля 1,7 мільярда рублёў. Разгляд справы па сутнасьці пачнецца ў пачатку 2018 году.
Паводле дадзеных амэрыканскіх спэцслужбаў, за леташнімі нападамі на сэрвэры Дэмакратычнай партыі стаяла Галоўнае выведвальнае ўпраўленьне Генштабу Расеі (новая назва — Галоўнае ўпраўленьне Генштабу Узброеных сіл РФ). Імёны хакераў не раскрываліся. Паводле інфармацыі кампаніі Crowdstrike, якая на замову Дэмакратычнай партыі праводзіла расьсьледаваньне нападаў, хакеры, зьвязаныя з ФСБ, атрымалі доступ да сэрвэраў яшчэ ў 2015 годзе.
У ЗША вядзецца расьсьледаваньне верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. У пачатку жніўня спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў леташніх выбарах. Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніка Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква адмаўляе, што зьвярталася па дапамогу хакераў, каб забясьпечыць абраньне прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа.