У адпаведнасьці з шэрагам дакумэнтаў і паказаньняў сьведак, праграмнае забесьпячэньне для аналізу адбіткаў пальцаў, якое выкарыстоўваецца ФБР і многімі іншымі праваахоўнымі ўстановамі ЗША, утрымлівае код, створаны расейскай кампаніяй АТ «Папилон», якая мае блізкія адносіны з Крамлём. На гэта ўказвае расьсьледаваньне, апублікаванае BuzzFeed News.
«Гэтае сьцьвярджэньне выклікае асьцярогу, што расейскія хакеры змогуць атрымаць доступ да адчувальнай біямэтрычнай інфармацыі мільёнаў амэрыканцаў або нават пагражаць кампутарным сыстэмам службаў нацыянальнай бясьпекі і праваахоўнай сыстэмы ЗША», — адзначаецца ў артыкуле BuzzFeed News.
Як гаворыцца ў матэрыяле, француская кампанія Safran, якая ў 2009 годзе перамагла ў тэндэры ФБР на праграмнае забесьпячэньне для працы зь біямэтрычнымі зьвесткамі, у 2008-м атрымала ліцэнзію выкарыстоўваць праграмны код, створаны расейскай кампаніяй АТ «Папилон».
Да таго ж, у пагадненьні паміж францускай і расейскай кампаніяй зазначана, што бакі абавязваюцца трымаць факт супрацы ў таямніцы.
Паводле пагадненьня, расейцы пастаўляюць абнаўленьні праграмнага прадукту да канца 2013 году. Асобна адзначана, што расейцы гарантуюць адсутнасьць у кодзе магчымасьцяў для ўзлому або кантролю звонку.
Матэрыял не паказвае, ці расейскі код у праграмным забесьпячэньні надалей выкарыстоўваюць ўрадавыя агенцтвы ЗША.
Выданьне падкрэсьлівае, што кіраўнікі францускай кампаніі адзначалі сакрэтнасьць угоды з расейцамі.
АТ «Папилон» адкрыта кажа пра шматгадовае супрацоўніцтва з ФСБ на сваім сайце.
У ФБР выданьню паведамілі, што ўсе праграмнае забесьпячэньне, якое выкарыстоўваецца агенцтвам, прайшло неабходную праверку, паведамляе «Голас Амэрыкі».