Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WSJ: расейскія хакеры атрымалі доступ да дадзеных АНБ з дапамогай «Антывіруса Касьперскага»


Газэта The Wall Street Journal паведаміла, што расейскія хакеры атрымалі доступ да файлаў амэрыканскага Агенцтва нацыянальнай бясьпекі дзякуючы антывірусу «Лябараторыі Касьперскага».

Пазьней гэтыя зьвесткі пацьвердзілі крыніцы The Washington Post.

Крыніцы WSJ распавялі, што супрацоўнік АНБ скапіяваў на пэрсанальны кампутар засакрэчаную інфармацыю для працы з дому. Суразмоўцы выданьня лічаць, што хакеры ўзламалі яго пасьля таго, як вызначылі пры дапамозе «Антывіруса Касьперскага» сакрэтную інфармацыю на кампутары. Інцыдэнт адбыўся ў 2015 годзе, ЗША даведаліся пра ўзлом ў 2016-м.

Супрацоўніка адхілілі ад пасады. Ён працаваў у элітным хакерскім аддзеле агенцтва, які займаецца распрацоўкай праграм і прыладаў для ўзлому кампутараў і сетак за мяжой, а таксама зборам разьведвальнай інфармацыі.

Дзякуючы атрыманым зьвесткам Расея здолела атрымаць каштоўную інфармацыю для абароны ад амэрыканскіх хакераў, піша выданьне.

У самым АНБ інфармацыю не камэнтуюць.

У прэс-рэлізе «Лябараторыі Касьперскага» заявілі, што кампаніі не далі ніякай інфармацыі наконт магчымай датычнасьці іх антывіруса да апісанага ў WSJ выпадку.

«Як у прыватнай кампаніі, у «Лябараторыі Касьперскага» няма неналежных сувязяў зь любым урадам, уключаючы расейскі, і, падобна, адзіная выснова — «Лябараторыя Касьперскага «апынулася ў цэнтры геапалітычнай барацьбы», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

13 верасьня Дэпартамэнт ўнутранай бясьпекі ЗША забараніў усім уладным установам выкарыстоўваць прадукты «Лябараторыі Касьперскага». Пазьней заснавальнік і кіраўнік кампаніі Яўген Касьперскі пагадзіўся даць паказаньні ў Кангрэсе ЗША. Ён паведаміў, што гатовы падаць усе неабходныя доказы недатычнасьці яго кампаніі ні да расейскіх спэцслужбаў, ні да іншых ўрадавых структураў.

Рашэньне было прынятае з прычыны страху, што расейскія спэцслужбы могуць выкарыстоўваць прадукты «Касьперскага» для доступу да амэрыканскіх ўрадавых сыстэм і сетак. У першую чаргу гаворка ідзе пра антывірусныя праграмы: на гэтым рынку «Лябараторыя Касьперскага» уваходзіць у топ-4 вядучых кампаній сьвету. Усяго прадукты і тэхналёгіі «Касьперскага» выкарыстоўваюць больш за 400 млн карыстальнікаў амаль у 200 краінах сьвету.

Спэцслужбы ЗША падазраюць, што ў кіраўніцтва «Лябараторыі Касьперскага» прынамсі з 2012 году ўкаранілі людзей, якія, верагодна, маюць дачыненьне да расейскіх спэцслужбаў. У кампаніі гэта адмаўляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG