Юркойцеў палон. Мова, мытня і бедныя людзі

Допыт. Ілюстрацыйнае фота

Ці быў Алесь Юркойць адзіным у сьвеце беларускамоўным мытнікам? У часе нашага знаёмства на мяжы тысячагодзьдзяў я сустракаў ягоных калег, якія адгукаліся па-беларуску. Але з тых, хто па-беларуску зьвяртаецца, іншых, мабыць, і не было.

Пачатак ТУТ

Зразумела, што беларуская мова прыцягвала да яго большую ўвагу КГБ, чым да мытніка як такога, бо мы ведаем, што мытня і сама сабою — улюбёны аб’ект кантролю з боку чэкістаў. Як і мова. Таму ня дзіва, што пільнавалі Юркойця падвойна. Алесь сам выклікаў да сябе гіпэртрафаваную цікавасьць «органаў». Гэта быў вынік ягонага выбару — ціск, пад якім ён адслужыў без малога 20 гадоў. Даць яму дапрацаваць нейкі год, што заставаўся да пэнсіі, і ніяк не падвесьці рысу пад 20-гадовым прэсінгам, ніяк не адпомсьціць, не пакараць, ня зьнішчыць — супярэчыла б духу і лёгіцы «органаў». Столькі гадоў «пасьвілі», столькі «гутарак» правялі, падножак паставілі, столькі рэсурсу затрацілі на гэтага «затоенага ворага» і ўсё ў пустату? Да сьценкі сёньня не паставіш, значыць — пасадзіць любым коштам, напрыклад, прышпіліць да арганізаванай злачыннай групы, 58 чалавек, хто там будзе разьбірацца з адным прыватным Юркойцем. І пасадзілі.

Аказваецца, з адным ім ня будзе разьбірацца і апэляцыйны суд. У справе ня ён адзін трапіў пад гэты замоўлены з самага верху паравоз. Хапае там выпадковых пэрсанажаў, віна якіх імі не прызнаная і судом не даказаная. Але зноў жа апэляцыі ўсіх будуць разглядацца не па кожным, а групай. А значыць, ізноў ніхто ня будзе глядзець на рэальныя факты віны кожнага ці на іх адсутнасьць, ізноў канвэер. Да таго ж, апэляцыйны суд раптам перанесьлі з раней прызначанага 8 сьнежня на 12 студзеня.

У задумы КГБ пасадзіць Юркойця падвойная ж і засьцярога, з падвойным, так бы мовіць, цынізмам. Усе, хто ў тэме і сачыў за працэсам (у тым ліку і судзьдзі з пракурорамі), ясна разумеюць, што мытнікі, якія не прызналі віны, ідуць «прычэпам». Але такая дадзенасьць, такія рэаліі часу, «так надо». І калі Юркойць аказваецца сярод іх, каму прыйдзе ў галаву думка, што сядзіць ён насамрэч «за мову»? Курневіч, Высоцкі і Швінта атрымалі падобныя прысуды, іх невінаватасьць гэтаксама бліскуча даказаная адвакатамі і самімі падсуднымі, што было гэтаксама праігнаравана судом, як і ў выпадку Алеся. Як той казаў, пры чым тут мова?

Натуральна, што і беларускамоўны Юркойць ад пачатку службы ведаў пра пільную ўвагу «органаў» да сваёй асобы. Сваякам пра выклікі на «гутаркі» ў КГБ Алесь не казаў. Ізноў жа гэта быў ягоны асабісты выбар і толькі ягоная адказнасьць. Напэўна, трэба быць псыхалягічна дужым чалавекам, каб з году ў год пастаянна вытрымліваць гэты прэсінг і не зламацца.

Справу ашмянскіх мытнікаў завялі ў 2014-м. А «пасьвіць» Юркойця пачалі задоўга да гэтага.

Вось эпізод з 2006 году, які Алесь апісвае ў лісьце з турмы. У той год ён рабіў на пасажырскіх цягніках, што ішлі зь Менску ў Вільню і назад:

«Я на чыгунцы тады працаваў, вельмі падобнае надвор’е было. Памятаю, у пары са мной працавала Лена Нецілоўская, ты ўяўляеш, на назе ў яе пухліна зьявілася, як жыцьцё паказала, злаякасная. Празь нейкі час яна, бедная, і сышла ў лепшы сьвет. Памятаю, тады ў цягніку пазнаёмілася яна і зь Мілінкам, і зь Вячоркам, Калякіным і іншымі супэрстарамі, а хтосьці вельмі хацеў, каб я зь імі пазнаёміўся, але я своечасова ўсё зразумеў, пабачыўшы твары ў калідоры. Калі ўсе разышліся па купэ, я ў першае ж зайшоў і працаваў там бязвылазна зь нейкім Лябедзькам, каб не ісьці да барадатых, гэтым і купіў сабе індульгенцыю, як жыцьцё тады паказала. Самае цікавае, што таемны рэжысэр усё прадумаўшы быў наперад, ведаў, дзе я працаваць буду, толькі пралічыўся ў тым сэнсе, што Лена ўвесь вагон адпрацуе, пакуль я з гэтым суровым агрызастым грамадзянінам з запаўненьнем дэклярацыі буду бадацца. Ён жа агрызаўся, бо думаў, што клясычны прадстаўнік крывавага рэжыму зайшоў яго зьесьці або хоць бы пакусаць, а мне толькі тое і трэба было, абы час зацягнуць… Зь іншага боку, пра Рудольфа Пішчалу і Казіміра Хршчановіча столькі ўсяго цікавага не даведаўся б, але ж чым больш ведаеш, тым цікавей жыць :-)».

Колькі граняў у гэтага сюжэту!

Службовец рэжыму, які ў галоўным падзяляе погляды апазыцыянэраў Мілінкевіча і Вячоркі, каб не сустрэцца і ня быць абвінавачаным у сувязі зь імі, мучыць (па-беларуску!) беднага Лябедзьку, бо ўсё адбываецца пад пільным кантролем іншых службоўцаў рэжыму, вяровачка непазьбежна ўецца да Пішчалаўскага замку… (І гэта я зрабіў толькі першы зрэз.)

Бедныя таксама і нашы праваабаронцы. Як ім тут разабрацца, хто карнік, а хто ахвяра, дзе тут тайнае, а дзе яўнае і за што насамрэч сядзіць у турме Юркойць.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.