Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. «Я злосьці не трымаю»


У клетцы зьлева направа: Юркойць, Швінта, Курневіч, Высоцкі, Казьмярчук
У клетцы зьлева направа: Юркойць, Швінта, Курневіч, Высоцкі, Казьмярчук

Пачатак ТУТ

Калі я напісаў, што на Юркойцевым судзе пасадзілі б і сьвятога, я ня меў на ўвазе наўпрост Тадэвуша Высоцкага, але чытачы падказалі, што гэта — пра яго: «Вы проста Ісуса апісалі, так не бывае, калі толькі ён не вар’ят».

Высоцкаму, як і Юркойцю, уляпілі сем гадоў турмы за тое, што не прызнаў за сабой віны. Як на Юркойця «паказаў» Чэпін, так на Высоцкага — Лапейка. І гэта ўсё, што на іх «ёсьць».

— Я не трымаю на Лапейку злосьці, — сказаў Высоцкі ў апошнім слове. — Я добра ведаў ягоную маму, яна была вельмі прыстойным чалавекам.

Справа налева: Лапейка і Чэпін
Справа налева: Лапейка і Чэпін

Мяне не перастае ўражваць, наколькі не разьбіраюцца ў людзях сьледчыя КДБ, якія і сфабрыкавалі ўсю гэтую справу. Альбо, што яшчэ горш, наколькі «заточаныя» яны супраць усяго добрага ды людзкага, што можа быць у чалавеку. Хоць няўзброеным вокам відаць, што за людзі Лапейка і Чэпін, і што за людзі Юркойць і Высоцкі. Першыя — цёмныя тварам, таўстаскурыя як вараны, гугнявыя. Другія — поўная супрацьлегласьць.

На гэтым працэсе Высоцкі воляю сьледчых апынуўся ў сытуацыі поўнага матэрыяльнага краху. Гэта значыць, у яго рэальна няма ніякіх шанцаў ні на амністыю, ні на «УДО», ні нават на апэляцыю. Проста няма грошай. Недавыкупленая кватэра, збудаваная ў крэдыт на 40 гадоў, дзе Высоцкі пасьпеў пажыць менш, чым ужо сядзіць у турме — гэта ўся маёмасьць «карупцыянэра», якому прыпісалі і абавязалі пагасіць 8 тысяч даляраў. Зьберажэньняў нуль. Жонка працуе заўгасам у школе за 350 рублёў, 120 зь якіх аддае за крэдыт. Вось чаму не было ў Высоцкага свайго адваката, а бюджэтны кожны раз прыходзіў новы, часта нават ня бачыўшыся з падабаронным. Вось чаму езьдзіць на паседжаньні суду, а цяпер і сабраць мужа ў турму жонцы папросту няма за што. Трэцяя ў іх сям’і дачка, студэнтка, вучыцца ў Горадні на мэдыка, мае праблемы са здароўем, але здароўе дачкі суд адсунуў увогуле на апошняе месца. Апроч недаплачанай кватэры і цяжкага інфаркту (за пэрыяд хваробы і рэабілітацыі яму таксама налічылі хабар за машыны з кветкамі), у 48-гадовага Высоцкага ёсьць яшчэ вера ў справядлівасьць. Цяпер ужо, мабыць, ня ў гэтым жыцьці. Ён настолькі ня мог дапусьціць, што яго абвінавацяць, што перад самым арыштам хадзіў да дантыста — той падпілаваў Высоцкаму зубы пад каронкі. Так з падпілаванымі зубамі 1 верасьня 2015 году Тадэвуша і пасадзілі.

Я ня веру, што ўсе беларускія мытнікі хабарнікі. Як ня веру і ў тое, што ўсе старшыні калгасаў у нас хапугі. Высоцкі адрабіў на мытні 10 гадоў. Перад тым працаваў старшынём калгасу і, апроч мноства пахвальных грамат, не нажыў нічога, займаў службовую кватэру, прыватызаваць якую яму не дазволілі. Таму і пайшоў на мытню, каб будавацца ў «доме мытнікаў». Жыў чалавек паводле правіл. Дзівак? Вар’ят? Напэўна, сьледчы КДБ Бычак так і падумаў, і адправіў Высоцкага ў Навінкі. Дактары сказалі яму, што хоць Высоцкі і цяжка хворы (сэрца), але душою здаравейшы за многіх супрацоўнікаў КДБ.

Бываюць, спадар сьледчы, сумленныя людзі і сярод мытнікаў. І вы гэта цудоўна ведаеце і ведалі ад пачатку. Бо калі б Высоцкі грошы браў, каму як ня вам першаму было б вядома, куды ён іх схаваў ці патраціў.

А вось у што я цяпер ужо дакладна ня веру, дык у тое, што пры гэтай уладзе ў Беларусі магчымы праўдзівы суд. Асабліва калі ён праходзіць пад поўным кантролем КДБ.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG