Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. Не прызнаў — значыць, невінаваты


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Калега напісаў мне, што я ў сваіх артыкулах апраўдваю Юркойця, бо ён сьвядомы беларус, але ж і сьвядомы беларус можа браць хабар. Таму, маўляў, тое, што Алесь не прызнаў віны, зусім ня значыць, што ён невінаваты.

Пачатак ТУТ

Я згодны з тым, што сьвядомы беларус можа браць хабар. Хоць і мяркую, што сярод сьвядомых хабарнік, хам або злодзей сустрэнецца шмат радзей, чым сярод несьвядомых. Выбар сьвядомых у нашых умовах адначасова і ўнутраная раскоша, і штодзённая праца, і крыж, які ты нясеш. Ты на вачах, пад узмоцненым назіраньнем, гатовы да рэакцыі на тваю беларускасьць. Але паўтару: хабарнік можа сустрэцца і сярод сьвядомых беларусаў.

Я ня згодны з тым, што калі ты не прызнаў віны, гэта ня значыць, што ты невінаваты. Значыць. У гэтым сама сутнасьць прэзумпцыі невінаватасьці, апісанай і ў КПК, і ў Канстытуцыі краіны (артыкулы 16 і 26 адпаведна). Не прызнаў – значыць, невінаваты. І ня мусіш нікому даказваць сваю невінаватасьць. З гэтага стартавага пункту пачынаецца ня толькі крымінальная справа, але і спрыяльны для чалавека грамадзкі клімат у краіне.

Ніхто ня мусіць даказваць сваю невінаватасьць. Існуюць адмысловыя інстытуты ўлады, якія даказваюць віну: сьледчы, абвінаваўца-пракурор, судзьдзя. Яны павінны прадставіць аб’ектыўныя доказы віны – тое, што аспрэчыць немагчыма.

У працэсе Алеся Юркойця замест такіх доказаў абвінаваўца прадставіў паказаньні іншага падсуднага, фармулёўку віны зь якаснымі прыметнікамі (бесьперашкодны пропуск, фармальны догляд, спрыяльнае рашэньне), «падмацаваўшы» ўсё гэта шматкроць паўтораным словам «полагаем». Ніводнага аб’ектыўнага доказу віны прад'яўлена не было. Ніхто ня быў схоплены на гарачым, нікога не зьнялі на фота-відэа, нават сукупнасьці паказаньняў (каб двое сказалі, што бачылі, як Юркойць браў грошы) не было. Адна публіцыстыка.

Інакш кажучы, органы ўлады цалкам ігнаравалі прэзумпцыю невінаватасьці, добра ведаючы, што ў нас і публіка схільная яе ігнараваць, пагатоў у дачыненьні да мытнікаў, бо калі ты не прызнаў віны, гэта яшчэ ня значыць, што ты невінаваты. Таму аб’ектыўныя доказы віны і не шукаюцца нават.

Што мы маем у выніку? Назіраючы за масавымі судамі ашмянскіх, а таксама гомельскіх мытнікаў, якія ўжо мінулі або яшчэ ідуць, нібы пад капірку зьнятыя з аднаго сцэнару КДБ, я раблю выснову, што якраз непрызнанты (а іх па некалькі ў кожным працэсе) рэальна невінаватыя. І якраз яны атрымліваюць найбольшыя тэрміны. Што іх штурхае на такі крок? Маральны прынцып. Інакш, калі б яны былі здольныя на хабар, навошта ім так псаваць жыцьцё сабе і блізкім? Калектыўнае харакіры службовых асобаў?

КДБ у нас як бы ўжо і традыцыйна «кашмарыць» мытню. І, параўноўваючы гэтыя два ведамствы, я бачу адно істотнае адрозьненьне паміж імі. На мытні на працягу дваццаці гадоў можа працаваць такі Алесь Юркойць, які паўсюль пасьлядоўна размаўляе па-беларуску. А гэта значыць, мытня – беларускае ведамства. Але немагчыма ўявіць сабе беларускамоўнага кадэбіста. Гэтае ведамства ад моманту свайго стварэньня ў далёкія савецкія часы заўсёды і пасьлядоўна змагалася з тымі, каго мы называем сьвядомымі беларусамі. Толькі ў тыя часы КДБ прадстаўляў інтарэсы Масквы, Расеі, русіфікацыі. А чые інтарэсы ён прадстаўляе сёньня? Хіба нічога не зьмянілася?

З Днём мытніка вас.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG