Пачатак ТУТ
Звалі кадэбіста Сухоцкі Аляксандар Міхайлавіч.
Жыва ўяўляю сабе тыя «гутаркі», якія пачаліся задоўга да справы ашмянскіх мытнікаў.
Сухоцкі: Бунтуеш народ, Юркойць! Нацыяналіст! Глядзі, пасаджу!
Юркойць: Нікога я не бунтую. І за што пасадзіце? За помнік паўстанцам Каліноўскага, за курсы «Мова нанова» ў Астраўцы, за Касінерскі фэст?.. За гэта не пасадзіце.
Сухоцкі: За гэта не.
Юркойць: І на працы ў мяне толькі падзякі, ніколі нічога не парушаў. І працую мытнікам ужо дваццаты год.
Сухоцкі: Ты ж ведаеш, для нас (КДБ) быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.
І пасадзіў. Уласнаручна прывёз на машыне ў Менск.
Вось калі насамрэч пачаўся гэты Юркойцеў суд. З тых гутарак. І вось як знайшоўся той артыкул, да якога Сухоцкі «прышпіліў» Юркойця.
Ня ведаю, чаго тут было болей. Ці такім чынам Сухоцкі выконваў загад «зачысьціць» Астравеччыну ад усялякай нефармальнай актыўнасьці напярэдадні будаўніцтва АЭС, а Юркойць публічна выступіў супраць гэтага будаўніцтва пад Астраўцом*. Ці ўсё адбывалася ў рэчышчы традыцыйна беларусафобскай палітыкі КДБ, якому «чэкіст» Мураўёў-вешальнік арганічна бліжэй, чым беларускі нацыянальны герой Каліноўскі, якога Мураўёў загадаў павесіць. Ці проста шалеў Сухоцкі ў сілу свайго характару**. Але відавочна, што ўсе тры матывы прысутнічалі.
Увесь 2015 год Алесь сядзеў у турме безь ніякіх на тое падставаў. І толькі ў 2016-м «калега» Чэпін даў на яго паказаньні: «Прадпалагаю, што перадаваў Юркойцю грошы». І на падставе толькі гэтага «прадпалагаю» суд упёк Алеся на сем гадоў.
Але, як бачым, усё пачалося задоўга да арышту і суду.
У такім кантэксьце ўсё ўстае на свае месцы і мы ведаем, за што насамрэч пасадзілі Юркойця.
Сярод камэнтатараў не-не дый сустрэнецца думка: А чаго ішоў на рэжымную службу? Што, ня ведае, чым гэта можа скончыцца?
Мне Алесь на такое пытаньне даваў два адказы. Па-першае, ня так проста яму, географу і юрысту паводле адукацыі, знайсьці на Астравеччыне прыстойную працу. Па-другое, ён дзяржаўнік і верыць, што беларуская мытня павінна быць беларускай. Таму і на службе пасьлядоўна гаварыў па-беларуску. Што крытычна ставіўся да прэзыдэнта? Дык не атаясамліваў усю беларускую дзяржаву і ППРБ.
А тады пасьля «гутаркі» на пытаньне «чаму кадэбіст яго не звольніць?» Юркойць сказаў: Таму што звольнены я для яго больш небясьпечны, чым калі працую на дзяржаўнай службе. Калі мяне звольніць, ня будзе магчымасьці на мяне ўзьдзейнічаць, а ён ня ведае, як я буду сябе паводзіць, калі на мяне ў яго ўвогуле ня будзе рычагоў.
Але ў кадэбіста быў яшчэ адзін спосаб пакончыць зь Юркойцем раз і назаўсёды. І ён цярпліва чакаў гэтай магчымасьці. Доўга чакаў. І як толькі такая магчымасьць зьявілася (КДБ пачаў раскручваць справу «злачыннай групы» мытнікаў), ён ня толькі ёю скарыстаўся, але яшчэ і ня змог адмовіць сабе ў задавальненьні асабіста ў машыне расказаць Алесю, за што яго пасадзілі. Раптам падумае, што выпадкова. Якая ж гэта помста, калі ахвяра пра помсту ня ведае.
*Яшчэ ў 2009-м. І за гэта таксама яго выклікаў на «гутарку» Сухоцкі. Тым часам «злачынная група» мытнікаў у Каменным Лагу, паводле вэрсіі сьледзтва, пачне дзейнічаць толькі ў 2010-м, а справу ўзбудзяць у 2014-м. Але і тая «гутарка» пра АЭС не была першай.
**У лісьце з турмы Алесь піша:
«…Афіцыйна зарубіла ўсё кантора ў асобе Аляксандра Міхайлавіча Сухоцкага (размова пра Фэст касінераў, які арганізаваў Алесь), які вось зусім нядаўна, як мне перадалі, пайшоў на падвышэнне кудысьці. (…) Гэны Міхалыч брутальна забараняў любое іншадумства, надта баяўся, каб ягонай кар’еры не пашкодзіла. Ён жа пэрсанальна на сваім асабістым самаходзе мяне апошнім разам у Менск прывёз. Вось пра ўсе гэтыя мерапрыемствы мы зь ім большую частку дарогі і прагаварылі.
А побач сядзелі два яго маладыя калегі і толькі вачыма клыпалі, не маглі зразумець, каго і навошта яны вязуць у супэрстудню алькатрасаўскую («Амерыканка»). Ён жа са сваімі менскімі калегамі абодва апошнія дні майго тагасьветнага жыцця ўвесь час стэлефаноўваўся, пакуль я сядзеў у суровых кабінэтах зь іншымі сокаламі. Таму безь ягонай цанаваўскай падачы не абышлося.
…І крыж (помнік паўстанцам, які ўсталяваў Юркойць) зьнесьці менавіта ён прыняў рашэньне, сам мне па дарозе пра гэта сказаў. Герояў трэба ведаць у твар, вось я дакладна ведаю галоўнага героя, якога проста ўводзіла ў шал, калі нехта яго не баяўся».
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.