Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. Лукашэнка супраць Каліноўскага


Блогер Лапшын, які сядзеў на Валадарцы разам з Алесем Юркойцем, якога ўлады РБ выдалі ўладам Азэрбайджану і якога памілаваў тамтэйшы прэзыдэнт Аліеў, у лісьце да сястры Алеся Галіны выказаў спадзяваньне, што і Лукашэнка памілуе Юркойця.

Пачатак ТУТ

Падабенства гэтых гісторый зьвязанае са словамі «прэзыдэнцкая крыўда». Лапшын «пакрыўдзіў» Аліева тым, што наведаў Нагорны Карабах. Юркойць, напэўна, «пакрыўдзіў» Лукашэнку тым, што да 150-х угодкаў паўстаньня Каліноўскага ўсталяваў у вёсцы Слабодка ў прыродным амфітэатры велічны помнік паўстанцам і падрыхтаваў усебеларускі Касінерскі фэст.

Устаноўка помніка паўстанцам 1863 году ў вёсцы Слабодка. 15 лістапада 2013 году. Алесь Юркойць першы справа
Устаноўка помніка паўстанцам 1863 году ў вёсцы Слабодка. 15 лістапада 2013 году. Алесь Юркойць першы справа

Тагачасны кіраўнік раённага КДБ Сухоцкі запатрабаваў зьнесьці помнік, а каб не адбыўся Касінерскі фэст, самачынна арыштаваў Юркойця і літаральна ўпіхнуў яго ў групавую справу ашмянскіх мытнікаў (58 чалавек), якую акурат пачалі раскручваць у КДБ.

Ці было ўсё гэта крыўдаю самога Сухоцкага? Ці часткай палітыкі Лукашэнкі? Адказ трэба шукаць у тым, як зьмяніліся адносіны дзяржавы да паўстаньня 1863 году і асобы Каліноўскага з прыходам Лукашэнкі да ўлады. Прызнаны ў папярэднюю эпоху нацыянальным героем Беларусі Кастусь Каліноўскі, якога шанавалі яшчэ з савецкіх часоў, пры Лукашэнку патрапіў у апалу. Прыўладныя гісторыкі пачалі акцэнтаваць увагу на тым, што Каліноўскі «ня наш», бо не праваслаўны, а таксама на яго «антырасейскай» пазыцыі.

Апошняе, нібыта, вынікае з фразы «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі ўжо над табой маскаля ня будзе». Але шчасьце кожнага народа ў тым і заключаецца, каб ня быць пад кімсьці. Да таго ж фраза Каліноўскага – пра і для беларусаў, а не пра і для расейцаў, якія тым часам маштабна акупавалі наш край («Что не доделал русский штык — доделает русский чиновник, русская школа и русский поп» — такі быў іхны дэвіз).

Пры Лукашэнку рэдкае ўшанаваньне паўстанцаў 1863 году абыходзіцца без затрыманьняў і штрафаў. Асабліва паказальна шчыруюць улады ў Сьвіслачы і Якушоўцы. Пакараньне Юркойця цалкам кладзецца ў гэты шэраг. Гэта дзяржаўная палітыка на месцах.

Ці можа Лукашэнка памілаваць Алеся? Па-першае, Алесь ніколі не папросіць пра гэта, бо пакараны незаконна. Па-другое, літасьць Лукашэнкі не сягае далей ягонага ўласнага кола. Па-трэцяе, яшчэ ў 2004 годзе сваім указам Лукашэнка скасаваў ордэн Каліноўскага – адну з новых узнагародаў незалежнае Беларусі, што былі задуманыя папярэдняй уладай.

Вядома, цяперашняя ўлада ня надта афішуе, што хоча зьмяніць ляндшафт беларускае памяці і змагаецца супраць Каліноўскага. Але гэта не мяняе сутнасьці палітыкі на месцах – усімі спосабамі зьнішчаць хоць якую ўдзячную памяць пра паўстаньне. Алесю Юркойцю, асуджанаму на 7 гадоў турмы, дасталося ад гэтай палітыкі больш, чым камусьці іншаму.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG