Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. Як гэта працуе, калі вас «замовілі»


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Суд над Алесем Юркойцем ня быў ні справядлівым, ні аб’ектыўным. Ніводзін факт, які сьведчыў пра невінаватасьць падсуднага, ня быў прыняты пад увагу. Здавалася б, падавай скаргу ў суд чарговае інстанцыі і май спадзеў, што праўда і закон перамогуць.

Пачатак ТУТ

Судзьдзя Супрун, вядома, моцна пакрывіў душою, запакаваўшы чалавека на 7 гадоў толькі на падставе блытаных паказаньняў іншага (то помню, то ня помню). Але не разгледзеў я ў Супруне монстра, наадварот, пагаворвалі, што ён адносна справядлівы. І па-беларуску, між іншым, чытаў так, нібы гэта яго родная мова. Значыць, меў судзьдзя нейкую прычыну. І прычына гэтая – жорсткі кантроль за працэсам з боку КДБ, які вядзе справу Юркойця ад самага пачатку, задоўга да таго, як прыдумалі справу ашмянскіх мытнікаў.

На гэтым ваш спадзеў на аб’ектыўны перагляд справы разьвейваецца як дым. Бо з чаго вы ўзялі, што кантроль з боку КДБ над усімі вашымі скаргамі-касацыямі-апэляцыямі аслабне? І што там нейкі іншы судзьдзя дазволіць сабе аслухацца навязьлівых куратараў? Усё будзе адбывацца гэтаксама, як і ў Супруна. Першы і дастатковы доказ гэтага мы ўжо маем.

Атрымаўшы пратакол суду над сабой, Алесь Юркойць, думаю, адчуў, што яго схіляюць да разуменьня ўсёй безнадзейнасьці свайго становішча. Пратакол цалкам сфальсыфікаваны. Напрыклад, там, дзе Алесь казаў: «я не разумею, у чым мяне абвінавачваюць», стаіць адно слова: «понимаю». З пратаколу прыбраныя словы Алеся пра тое, як яго катавалі ў турме КДБ, і ягонае хадайніцтва – выклікаць на працэс сьледчага гэтай установы Данілава. Таксама і факты, якія апраўдваюць Юркойця і якія гучалі на працэсе, але былі праігнараваныя, у пратакол ня трапілі.

Мне давялося прысутнічаць на ўсіх без выключэньня пасяджэньнях гэтага суду. Усе ключавыя моманты і выказваньні я літаральна стэнаграфаваў, пасьля адлюстроўваючы іх у сэрыі нататак пад назвай «Юркойцеў суд». Таму ні мне, нікому з чытачоў не было б вялікай складанасьці пераканацца, што пратакол Супруна хлусьлівы, адрэдагаваны, хутчэй за ўсё, у тым самым КДБ.

А гэта, між іншым, афіцыйны дакумэнт, ад якога і будзе адштурхоўвацца суд наступнай інстанцыі. То бок апэляцыю трэба пачынаць зь яго абвяржэньня. Вы сабе гэта ўяўляеце? Я – не. Але калі не абвяргаць, дык непазьбежныя пытаньні новага судзьдзі – а чаму вы гэтага не казалі Супруну? Вы скажаце – я казаў… А дзе гэта адлюстравана? У артыкулах Дубаўца, хе-хе.

Самае ва ўсім гэтым сумнае, што кожная згадка КДБ у кантэксьце справы Юркойця прыводзіць да пагаршэньня ўмоваў утрыманьня Алеся ў турме. Усюдыісная кантора робіць сваю чорную справу і там, жадаючы пры гэтым заставацца незаўважнай і беспакаранай.

Апэляцыйны суд прызначаны на 8 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча 1/3).

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG