31-гадовую Вольгу Сьцяпанаву прызналі вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня. На час, прадугледжаны для абскарджаньня прысуду, меру стрыманьня для яе зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе (4 месяцы да суду Вольга Сьцяпанава знаходзілася ў СІЗА).
Судовы разбор быў закрыты, вырак абвешчаны 7-га верасьня. 18-га верасьня ў суд Чыгуначнага раёну Віцебску паступілі апэляцыйныя скаргі ад Вольгі Сьцяпанавай і яе адваката.
Жанчына, якая 19-га лютага нарадзіла ў хатніх умовах, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае, ня лічыць судовы вырак справядлівым. Вольга Сьцяпанава мяркуе, што стаўленьне да яе абумоўлена заявамі пра перавагі хатніх родаў і жаданьнем нарадзіць не ў мэдыцынскай установе, выказаным падчас цяжарнасьці. Родныя Вольгі неаднаразова казалі журналістам, што катэгарычнай адмовы з боку Вольгі не было, але роды распачаліся імкліва.
Убачыўшы, што нованароджанае немаўля ня дыхае, Вольга папрасіла выклікаць «хуткую». На думку маці, Надзеі Кавалёвай, хуткая дапамога ехала занадта доўга. І менавіта непрафэсіяналізмам мэдыкаў яна тлумачыць тое, што немаўля памерла. Сьмерць нованароджанай дзяўчынкі лекары канстатавалі ўжо пасьля шпіталізацыі маці і дзіцяці.