Сьцяпанаву прызналі вінаватай, асудзілі на 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні, але зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.
Жанчына прызнаная вінаватай ў прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці і на падставе ч.1 артыкула 144 Крымінальнага кодэксу ёй прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня.
Абвінавачанай зьменена мера стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.
Вырашана залічыць у тэрмін адбыцьця пакараньня час яе ўтрыманьня пад вартай з 6 траўня па 7 верасьня 2017 года. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Апрача гэтага, Вольга мусіць сплаціць 310 рублёў судовых выдаткаў.
Сьцяпанаву пастанавілі вызваліць у залі суду. Ці будзе яна абскарджваць прысуд, яна пакуль ня ведае, камэнтаваць нічога ня хоча.
Увосень мінулага году, калі Сьцяпанава чакала другое дзіця, яна прыехала ў Віцебск да маці, бо зьбіралася нарадзіць у Беларусі. Сьцяпанава нарадзіла дзяўчынку 17-га лютага сёлета. Убачыўшы, што дзіця ня дыхае, яна папрасіла маці выклікаць «хуткую». На думку спадарыні Надзеі, хуткая дапамога ехала занадта доўга. І менавіта непрафэсіяналізмам мэдыкаў яна тлумачыць тое, што немаўля памерла. Сьмерць нованароджанай дзяўчынкі лекары канстатавалі ўжо пасьля шпіталізацыі маці і дзіцяці. Паводле мэдыкаў, дзіця загінула праз асьпірацыю каляплоднымі водамі, а парадзіха ў хатніх умовах ня здолела ўратаваць дачку.
Паводле вэрсіі сьледзтва, жанчына адмаўлялася ад мэдыцынскай дапамогі падчас цяжарнасьці і неаднойчы агучвала намер нарадзіць дома, а не ў радзільні. Маці Вольгі, спадарыня Надзея, цьвердзіць супрацьлеглае: яна кажа, што ў дачкі не было цьвёрдага намеру нарадзіць дома, хоць такі досьвед яна мела: сваё першае дзіця Сьцяпанава нарадзіла менавіта ў хатніх умовах. Але другія роды здарыліся імкліва, і таму немаўля нарадзілася ў кватэры, а не ў мэдыцынскай установе. Пацярпелым у працэсе выступае Алег Сьцяпанаў, муж падсуднай, жыхар Санкт-Пецярбургу.
Бясьпечны камфорт ці парахавая бочка? Тацяна Гайлеш, Вераніка Заўялава, Каця Муніц і Вікторыя Сьмірнова пра хатнія роды
Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць, ці нараджаць у дзяржаўнай мэдыцынскай установе, ці ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула. Пазыцыя сьледзтва палягае ў тым, што мэдыкі неаднаразова папярэджвалі Вольгу Сьцяпанаву пра верагодныя складанасьці падчас родаў без нагляду спэцыялістаў. Тым ня менш яна вырашыла нарадзіць самастойна і не дала рады ў сытуацыі, якая магла б пасьпяхова вырашыцца ў радзільні.
Ці забаронена ў Беларусі нараджаць дома?
Не. Беларускае заканадаўства ніяк не рэгулюе пытаньне родаў.
Можна нараджаць дома, і ніхто ня можа абавязаць парадзіху ехаць у шпіталь, паколькі гэта парушыць права на свабоду, прадугледжанае Канстытуцыяй Беларусі.
Але адначасова з гэтым ніхто і не абавязаны прадастаўляць прафэсійную мэдыцынскую дапамогу дома, паколькі, згодна з законам, гэта ўжо будзе называцца «незаконным лекаваньнем».
Абвінавачваньне цьвердзіла, што Вольга пакінула дзіця ва ўмовах, небясьпечных для яго жыцьця (дэкрэт прэзыдэнта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных семʼях»).
«Гэтыя роды не былі „хатнімі“, такое магло здарыцца дзе і зь кім заўгодна. Але і хатнія роды зьяўляюцца не злачынствам, а неадʼемным правам бацькоў. Вольгу і іншых жанчын не павінны караць і перасьледаваць за іх выбар», — гаворыцца ў пэтыцыі за вызваленьне Вольгі Сьцяпанавай. Да моманту публікацыі пэтыцыя набрала 32,5 тысячы галасоў.