Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцяблянка нараджала дома, дзіця памерла. Ёй пагражае да трох год турмы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту перадаў у суд справу 30-гадовай жанчыны зь Віцебску, якая, паводле сьледчых, дапусьціла сьмерць свайго нованароджанага дзіцяці па неасьцярожнасьці.

Жанчына, як кажуць сьледчыя, стала на ўлік у жаночай кансультацыі, прайшла абсьледаваньне, але адмовілася ад ужываньня прапісаных лекаў і шэрагу важных дасьледаваньняў. У дзень родаў яна зноў адмовілася ад шпіталізацыі, хоць яе папярэджвалі пра магчымыя складанасьці і небясьпечныя наступствы хатніх родаў. Жанчына была перакананая, што нараджаць у радзільні небясьпечна, і спасылалася на папярэднія роды па-за лякарняй.

Увечары 17 лютага жанчына нарадзіла жыцьцяздольную дачку, але не паведаміла пра тое мэдыкам і не прыняла мераў па кантролі стану дзіцяці. У выніку ў дачкі наступіла асьпірацыя каляплоднымі водамі. Жанчына зьвярнулася да мэдыкаў, толькі калі яе спробы рэанімаваць дзіця не далі вынікаў.

Мэдыкі «хуткай дапамогі» даставілі дзіця ў рэанімацыю віцебскай радзільні, правёўшы па дарозе магчымыя рэанімацыйныя дзеяньні, але неўзабаве дзіця памерла.

Жанчыну заключылі пад варту. Яе прызналі псыхічна здаровай і сьвядомай — яна магла асэнсоўваць небясьпеку сваіх дзеяньняў. Цяпер за прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці (ч.1 арт. 144 КК РБ) ёй пагражаюць папраўчыя работы або да трох год абмежаваньня ці пазбаўленьня волі.

Самі па сабе хатнія роды ў Беларусі не караюцца паводле закону (і не забароненыя, калі гаворка вядзецца пра экстраныя выпадкі), але праца акушэраў па-за стацыянарамі забароненая законам. Цалкам пасьпяхова праходзяць толькі 16% хатніх родаў, у астатніх выпадках ад дапамогі мэдыкаў можа залежаць жыцьцё і дзіцяці, і парадзіхі. Тым ня меней штогод нараджаюць дома каля 300 беларусак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG