Новая рэдакцыя Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнага саюзу падпісаная 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.
Там прайшло пасяджэньне найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады.
Дакумэнт падпісалі кіраўнікі Расеі, Казахстану, Армэніі і Кіргізстану.
Старшыня калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісьян паведаміў, што дакумэнт будзе перададзены для падпісаньня беларускаму боку.
Мытны кодэкс ЭАЭС заменіць Мытны кодэкс Мытнага саюзу, прыняты ў 2009 годзе. Ён набудзе моц з 1 ліпеня 2017 года, паведамляе БелТА.
На просьбу журналістаў пракамэнтаваць адсутнасьць Аляксандра Лукашэнкі на сёньняшнім саміце старшыня калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісьян адказаў: «Без камэнтароў».
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што прычыны адсутнасьці Лукашэнкі на самітах ЭАЭС і АДКБ павінен тлумачыць беларускі бок.
9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка правёў адмысловую нараду, на якой запатрабаваў пры ўхваленьні Мытнага кодэксу ЭАЭС забясьпечыць захаваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
Мытны кодэкс Мытнага саюзу, які набыў моц 1 ліпеня 2010 году, кіраўнік Беларусі падпісаў зь пяцідзённым спазьненьнем.