Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква пра газ: усё будзе добра. Менск: няма роўных умоваў для ўсіх


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў сёньня заявіў, што паміж Менскам і Масквой найбліжэйшымі днямі будзе падпісаны дакумэнт, які ўлагодзіць усе нафтагазавыя пытаньні.

«У любым выпадку будзе падпісаны адпаведны дакумэнт, які здыме ўсе рознагалосьсі», — заявіў дыплямат падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле яго, у Беларусь абавязкова адновяць пастаўкі нафты: «Спачатку будзе зацьверджаны балянс паставак нафты, а потым гэтыя пастаўкі па абвешчаных першапачаткова 24 мільёнах тонаў на гэты і на будучы гады. І, само сабой, адновіцца аплата за пастаўкі газу па дзейным кантракце», — удакладніў Сурыкаў.

Ён таксама выказаў меркаваньне, што ў бакоў ёсьць разуменьне ў падыходах да вырашэньня пытаньня, дасягнута паразуменьне.

У сваю чаргу беларускі бок заяўляе, што Беларусь у газавых перамовах з Расеяй адстойвае пазыцыю стварэньня роўных умоваў для суб’ектаў гаспадараньня.

«Суб’екты гаспадараньня краінаў, якія ўваходзяць ЭАЭС, павінны мець роўныя ўмовы. І мы пра гэта гаворым, калі вядзем перамовы па газе», — сказаў журналістам намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі.

«Сыходзім з таго, што нам ня трэба такая нізкая цана на газ, як у расейскіх суб’ектаў, мы кажам пра роўныя ўмовы. Гэта значыць, калі расейцы ня могуць падняць кошт газу для сваіх суб’ектаў гаспадараньня, то тады зьніжайце яе для іншых удзельнікаў», — патлумачыў ён.

Паводле чыноўніка, гэта асабліва важна пры фармаваньні агульнага электраэнэргетычнага рынку. «Як можна канкураваць па электрычнай энэргіі, калі няма канкурэнтных умоваў?» — падсумаваў намесьнік міністра энэргетыкі Закрэўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG