Карбалевіч: 9 сьнежня ў Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада ў пытаньні новага Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Стары кодэкс быў прыняты ў 2009 годзе, на пачатку існаваньня Мытнага саюзу і патрабуе зьменаў. Сам факт таго, што чальцы ЭАЭС усё яшчэ спрачаюцца па мытных пытаньнях ужо добра характарызуе гэтае абʼяднаньне. Бо Мытны саюз — гэта ніжэйшая форма інтэграцыі. Афіцыйныя асобы ўрачыста абʼяўляюць, што мы жывем ва ўмовах эканамічнага саюзу. То бок, не дабудаваўшы першы паверх, сталі будаваць на ім новы паверхі. Ня дзіўна, што канструкцыя аказалася вельмі хісткай.
Праект новага Мытнага кодэксу абмяркоўваўся ў Менску на паседжаньні Эўразійскага міжурадавага савету 27-28 кастрычніка. Былі вялікія рознагалосьсі. Урэшце ўсе пытаньні ўдалося узгодніць, на ўзроўні ўрадаў дакумэнт парафіраваны. Засталася фармальнасьць: урачыста падпісаць яго на пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.
І вось на нарадзе ў Лукашэнкі нечакана высьветлілася, што кіраўнік Беларусі мае прэтэнзіі да гэтага дакумэнту і, гледзячы па ўсім, ня вельмі хоча яго падпісваць. Прэтэнзіі не зусім канкрэтныя. Хутчэй Лукашэнка выказаў незадаволеньне самім функцыянаваньнем ЭАЭС.
Здаецца, для Лукашэнкі сама ідэя наднацыянальнага рэгуляваньня эканамічнай палітыкі непрымальная
Лукашэнка прапанаваў новае абмеркаваньне ўжо ўзгодненага ў ЭАЭС дакумэнту. Нават у райвыканкамах з удзелам апазыцыйна мысьлячых адмыслоўцаў. Ён прыгразіў урадоўцам, якія падпісалі дакумэнт: «Усе адкажуць, дзе б хто потым ні працаваў, калі толькі ў выніку прымяненьня гэтага кодэксу на практыцы мы ўбачым нейкія недахопы, Кожны нясе пэрсанальную адказнасьць».
Здаецца, для Лукашэнкі сама ідэя наднацыянальнага рэгуляваньня эканамічнай палітыкі непрымальная. Ён казаў: «У рэшце рэшт, ці будзем мы прымаць рашэньні па гэтых эканамічных праблемах у Беларусі ці за нас будзе хтосьці прымаць? Ці не зьяўляецца заўчасным вынясеньне асобных рашэньняў у сфэры мытнага рэгуляваньня з нацыянальнага заканадаўства на наднацыянальны ўзровень?», — задае пытаньне Лукашэнка. Ну неяк позна пра гэта гаварыць, бо ўжо шмат гадоў Беларусь існуе ў межах ЭАЭС.
Адно з канкрэтных пытаньняў Лукашэнка расшыфраваў. Яно, дарэчы, непасрэдна тычыцца шараговых грамадзян. Лукашэнка кажа: «У ходзе перамоўнага працэсу Беларусі ўпершыню ўдалося дабіцца згоды краін ЭАЭС з нашай прапановай аб паэтапным зьніжэньні нормаў бязмытнага ўвозу тавараў фізычнымі асобамі». То бок правілы ЭАЭС прадугледжваюць больш высокую норму ўвозу грамадзянамі тавараў з-за мяжы. А беларускія ўлады гэтым незадаволены і імкнуцца ўсё абмежаваць.
Што ўсё гэта азначае? Думаю, адмова падпісваць узгоднены дакумэнт — гэта сродак ціску на Расею, каб вымусіць яе пайсьці на саступкі ў іншых пытаньнях, у пытаньнях нафтагазавага канфлікту.
Так Лукашэнка рабіў і раней. У 2010 годзе ён адмовіўся падпісваць дамову аб у рамках АДКБ. У 2014 годзе адмаўляўся падпісаць дамову аб стварэньні ЭАЭС, пакуль Расея не пагадзілася пакінуць нафтавыя мыты у беларускім бюджэце. Так што мы маем справу з новым шантажом напярэдадні саміту ў Санкт-Пяцербургу.
Гурневіч: Палітычны шантаж — традыцыйная форма або інструмэнт для Аляксандра Лукашэнкі, каб дамагацца сваіх мэтаў. Бо насамрэч менавіта Лукашэнка быў адным з рухавікоў гэтага Саюзу, ён туды цягнуў Беларусь, не было ніякай агульнанацыянальнай дыскусіі па гэтым пытаньні. Фактычна гэты было аднаасабовае рашэньне, і зараз такая гульня сьведчыць толькі пра тое, што ён хоча зьвярнуць на сябе ўвагу, магчыма выгандляваць нешта. Гэта зноў жа клясычны інструмэнт у палітыцы, калі палітыкі адзін аднаго шантажуюць. Ягоныя паводзіны зьвязаныя, магчыма, ня толькі з эмацыйнасьцю, з тым, што ён хоча для сябе дамагчыся нейкіх плюсаў, а з тым, што падзеньне таваразвароту ў Саюзе склала амаль 40%, у гэтым годзе каля 15% — гэта цытата самога Лукашэнкі.
Усе гэтыя лічбы сьведчаць аб тым, што Мытны зьвяз, Эўразійская эканамічная прастора проста неэфэктыўныя ўтварэньні. Для Расеі гэта перш за ўсё палітыка, каб сабраць пад адным каўпаком постсавецкую прастору, прывязаць да сябе
Усе гэтыя лічбы сьведчаць аб тым, што Мытны зьвяз, Эўразійская эканамічная прастора проста неэфэктыўныя ўтварэньні. Для Расеі гэта перш за ўсё палітыка, каб сабраць пад адным каўпаком постсавецкую прастору, прывязаць да сябе. Для меншых краін, як Беларусь, гэта магчымасьць нажыцца на гэтым. Так, людзі будуць плаціць больш за машыны, але будуць атрымліваць таньнейшы газ. А ў выніку гэта аказалася не на карысьць беларускай улады.
Гэта Саюз ствараўся як альтэрнатыва Эўразьвязу. Цяпер ён памірае не нарадзіўшыся, таму што некалькі гадоў яны не могуць дамовіцца па асноўных справах. Цяпер затрымка з падпісаньнем мытнага кодэксу сьведчыць пра сур’ёзны тупік. Гэта нагадвае сытуацыю з малым памежным рухам паміж Беларусьсю і Польшчай. Быццам бы ўсе дакумэнты ратыфікаваныя, дэталі ўзгодненыя, вынікі — адныя плюсы, але тармозіць палітычнае рашэньне Лукашэнкі і ягоны адзіны подпіс, бо ён намагаецца з гэтага пытаньня зрабіць прадмет гандлю. Тут тое самае. Я лічу, што Лукашэнка можа дамагчыся свайго, бо як паказвае практыка, для Расеі ўсё ж Беларусь — важная краіна, і яна заўсёды ідзе на саступкі. Таму Пуцін ці Мядзьведзеў пойдуць насустрач, таму што іншага выхаду няма — яны сабе абралі такую палітыку. Лукашэнка будзе ў гэтай «сутычцы» пераможцам. Але Масквы ня шмат ад гэтага страціць.
Цыганкоў: Эўразійскі саюз цяпер выглядае не такім прывабным, чым былі пачатковыя абяцаньні. Даволі доўга і рэзка Аляксандар Лукашэнка выгандлёўваў лепшыя ўмовы для Беларусі, супраціўляўся, рабіў палітычныя жэсты, скандальныя заявы.
Расея як больш буйная дзяржава, непараўнальна больш магутная ў Саюзе, паводзіць сябе відавочна з улікам сваіх эканамічных і геапалітычных інтарэсаў і не сьпяшаецца даваць прывілеі, на якія Беларусь разьлічвала
Сам Лукашэнка ўжо кажа, што нічога эканамічна добрага гэты Эўразійскі саюз Беларусі не прынёс. Расея пад тымі ці іншымі нагодамі пераносіць пераход на роўныя ўмовы гаспадараньня і да адзінага рынку энэрганосьбітаў, то бок роўныя цэны на газ і нафту да 2025 году. Невядома, ці будзе гэта выканана. Расея як больш буйная дзяржава, непараўнальна больш магутная ў Саюзе, паводзіць сябе відавочна з улікам сваіх эканамічных і геапалітычных інтарэсаў і не сьпяшаецца даваць прывілеі, на якія Беларусь разьлічвала. Зараз эканамічная сытуацыя для больш ляяльнага стаўленьня да Беларусі яшчэ горшая.
У Расеі эканамічны крызыс, і яе фінансавы бок менш схільны плаціць. Натуральна, Лукашэнка з гэтай каляіны Эўразійскага саюзу ў свой час ня мог выскачыць, бо ўсе 20 гадоў ягонага кіраваньня былі гэтага вэктару, інтэграцыі з Расеяй. Калі Расея паставіла такія ўмовы, што ёсьць форма Эўразійскага саюзу, калі кажам пра інтэграцыю — давайце падпісвайце, то Аляксандар Лукашэнка ня меў эканамічных і палітычных магчымасьцяў, а таксама жаданьня, сказаць «не». У яго ёсьць толькі жаданьне як мага больш адстойваць свае асабістыя інтарэсы ў гэтым саюзе, ну і досьвед паказвае, што гэта ня вельмі ўдаецца. Ня толькі з прычыны таго, што ён недастаткова зацята іх адстойвае. Проста аб’ектыўныя ўмовы такія: перавага Расеі ў гэтай арганізацыі, расейскі эканамічны крызыс, зьмена парадыгмы стаўленьня яе да былых савецкіх рэспублік. Таму выгад ад Эўразійскага саюзу ўсё менш, а мінусаў усё больш.