У Крамлі пацьвердзілі, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўдзельнічаць у самітах ЭўрАзЭС і АДКБ у панядзелак у Пецярбургу, і выказалі ўпэўненасьць, што гэта не адаб’ецца на парадку дня гэтых мерапрыемстваў, паведамляе Інтэрфакс.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, адказваючы на пытаньне журналістаў, назваў недарэчным заўвагу пра тое, што А.Лукашэнка «манкіруе гэтым мерапрыемствам».
«Ня думаю, што слова „манкіруе“ тут дарэчы», — падкрэсьліў Пяскоў.
«Нашы беларускія калегі паведамілі, што прэзыдэнт Лукашэнка ня зможа ўзяць удзел у гэтых самітах. Я думаю, што пра прычыны было б некарэктна нешта казаць нам, усё ж гэта павінна рабіць прэс-служба прэзыдэнта Беларусі », - сказаў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта.
Ён выказаў упэўненасьць, што «адсутнасьць прэзыдэнта Беларусі дэ-факта не перашкодзіць абмяркоўваць субстантыўныя пытаньні, зьвязаныя з інтэграцыяй».
«Усе дакумэнты, якія сёньня будуць падпісвацца, яны раней былі цалкам узгоднены з нашымі беларускімі партнэрамі, і падпісаныя дакумэнты далей будуць накіраваныя ў Менск, з тым каб Аляксандар Рыгоравіч змог іх там падпісаць», - сказаў Пяскоў.