«Як вы ацэньваеце зьмены, якія адбываюцца апошнім часам у беларускай эканоміцы?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Your browser doesn’t support HTML5
Інжынэр са стажам: «Я бачу толькі падзеньне, а ня зьмены. Тэрмін „зьмены“ нельга ўжываць. Гэта зьмены са знакам мінус — такая наша эканоміка. Так яе я бачу».
Працаўніца аўтапарку: «Уніз! Зрэзалі заробкі, практычна яны зьменшыліся ва ўсіх. Я працую ў аўтапарку. Вельмі моцна ўпалі заробкі. На прадпрыемствах яны таксама скараціліся. Прэміяльныя зрэзалі. Усюды пакрыху — і заробак адчувальна зьменшыўся».
Студэнт: «Курс даляра і эўра расьце. Замацаваньня беларускага рубля як не было, так і няма. Стабільнасьць у нас такая добрая, вясёлая — усё даражэе».
Спэцыяліст у пытаньнях кіраваньня: «Яўнага падзеньня не адчуваю. Асабіста я не адчуваю».
Рабочы: «Цэны растуць, заробкі падаюць. Пакуль падаем».
Гандлёвы мэнэджэр: «Буксуем. Тавараў стала менш — вымыліся. Прапановы па асартымэнце значна скараціліся. Асабістыя даходы таксама скараціліся».
Малады інжынэр-будаўнік: «У параўнаньні з 2010 годам, канечне, горш, асабліва ў фінансавых пытаньнях. Заробкі, калі ўлічваць курс даляра, ідуць у мінус. Пасьля прыезду замежных грамадзянаў, асабліва з Украіны, працоўных прапановаў стала менш. Дый расцэнкі зьнізіліся. Мне падаецца, дарма пусьцілі сюды ўкраінцаў, туркаў, кітайцаў, азэрбайджанцаў. І так цяжка з працай. Яшчэ й людзей сюды пруць. Дарэмна».
Працаўніца швейнай вытворчасьці: «Людзей скарачаюць, уводзяць на ўсё падаткі».
Спэцыяліст: «Пакуль асаблівых зьменаў ня бачу ў эканоміцы. Па-мойму, стаім на месцы. Усюды крызіс — у Расеі, прынамсі, у краінах СНД. Пра тое, што рух ідзе ўніз, гаварыць не хацелася б. Але ўверх яго пэўна няма».
Гараджанін сярэдняга веку: «Невядома куды рухаемся. Усё падаражэла. Кошты растуць, а заробкі на месцы».
Беспрацоўны: «Падае эканоміка — гэта бачна па ўзроўні беспрацоўя. Вельмі шмат беспрацоўных. Мае сябры працу страцілі — звальненьні, скарачэньні. Я сам бяз працы застаўся — быў ліцейшчыкам у „Алкапаку“. Скарацілі. Цяпер ня ведаю, як быць, бо працы не знаходжу. Стаяў на біржы тры месяцы, але сышоў, бо там стаяць няма сэнсу».