Аляксандар Лукашук нарадзіўся ў 1955 у Берасьці. Скончыў ін’яз, працаваў перакладчыкам, журналістам, рэдактарам. З 1993 — на Радыё Свабода. Аўтар дзевяці кніг дакумэнтальнай прозы, сцэнараў для дакумэнтальнага кіно. Творы перакладзены на сем моваў. Ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру за дасьледаваньні сталінізму (1997), прэміі «Гліняны Вялес» ТВЛ за кнігу «Сьлед матылька» (2011), прэміі Акадэміі Візуальнага Мастацтва ЗША (2014) за відэафільм «Освальд у Менску».
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для наркаманаў, якія атрымліваюць асалоду ад дакладных словаў у нечаканых месцах. Нядаўна адзін чытач прызнаўся, што мая была першая кніжка, якую ён прачытаў па-беларуску. Вось ідэал!
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Пісаць я магу толькі пальцамі, трэба, каб рука ўдзельнічала, дык патрабую клявіятуру ці паперу з асадкай. Ня я, рука піша. А калі — калі ёсьць сілы перамагчы свой страх, ляноту, спакусы.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
У ХХ стагодзьдзі зь беларускіх —"Запіскі Самсона Самасуя" Мрыя і любая аповесьць Быкава, з расейскіх — «Дар» Набокава і «Москва-Петушки» Ерафеева, зь іншых — «Фіеста» Хэмінгуэя, «У пошуках страчанага часу» Пруста.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Анна Карэніна, як казаў Талстой.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
З сучасьнікаў — Васіль Быкаў. У кніжцы «Дзясяты паверх» я напісаў 79 ягоных вызначэньняў, па колькасьці гадоў жыцьця, і яшчэ столькі ж вызначэньняў ад зваротнага. Сьвет Быкава зацягвае ў сваю бясконцасьць, і там кожны раз у цябе нешта памірае, а нешта нараджаецца.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Часопісы New Yorker і «Дзеяслоў». У першым — найлепшыя ў сьвеце нон-фікшн, літкрытыка, апавяданьні і іранічная журналістыка. У другім — свой кантэкст, свая мова, свая літаратура.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Па-ангельску, француску, украінску.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Гэта ж як дзеці. Хіба што да малодшых звычайна больш сантымэнту. Значыць, «Дзясяты паверх», якая выйшла сёлета.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Пра любоў, якую ж яшчэ.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
З кнігай, перад карцінай, у кіно, на канцэрце, у падарожжах, зь людзьмі, якія знаёмяць мяне са мной.
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.